Прэзентацыя часопіса беларускай прозы “Макулатура”

10.01.2012 Афіша

20 студзеня 2012

19:00

Рубін Плаза, пр. Дзяжынскага, 5

20 студзеня а 19.00 у арт-кафэ Rubin Plaza адбудзецца адкрытая прэзентацыя часопіса беларускае прозы «Макулатура». Свае творы будуць чытаць Тацьцяна Заміроўская, Ільля Сін, Пістончык, Дзьмітрый Калейчык і Сяргей Календа.

Першы нумар часопіса беларускае прозы «Макулатура» выйшаў у сьвятло 9 сьнежня 2011 года. Онлайн-прэзентацыя адбылася на партале КУ (www.kyky.org). Рэдактар і заснавальнік «Макулатуры» – малады пісьменьнік Сяргей Календа, галоўны мастак праекта – Васіліса Паляніна-Календа.

Адметная рыса часопіса – гэта свабода ад любых межаў у мастацтве, гэта тэкст дзеля літаратуры; гэта часопіс дзеля прозы, шчыльна зьвязаны з мастацкім працэсам стварэньня ілюстрацый для тэкстаў і супрацоўніцтва з мастакамі; гэта часопіс дзеля пісьма, які ўпершыню ў беларускай творчай прасторы друкуе тэксты як на беларускай, так і рускай мове. «Макулатура» – гэта ў першую чаргу пошук літаратуры, смелыя эксперыменты, гульні са словамі, гэта алюзіі
на глабальныя тэксты й інтэрпрэтацыя класікі й сучаснасьці, гэта тое, што не баіцца смелых рашэньняў і вітае ўсялякае новае пачынаньне ў тэксьце. Галоўнае – паказаць, што мы маем патэнцыял, велізарны й годны любых параўнаньняў.

Аўтары тэкстаў – цікавыя й актуальныя пісьменьнікі, як пачаткоўцы, так і ўсім вядомыя. Таксама ў часопісе можна знайсьці аўтарскія пераклады Хантэра С. Томпсана, Хуліа Картасара, Віктара Пялевіна, Фрыдрыха Дзюрэнмата.

Пагартаць першы нумар «Макулатуры» магчыма тут: https://kyky.org/mag/literature/makulatura