Дакументальная аповесць прысвечана маладому беларусу Міхасю Жызнеўскаму. Хлопец не вылучаўся ў школе асаблівай паспяховасцю, не быў чальцом БРСМ і нават, як казалі педагогі, «не пацягнуў» патрыятычны клас. І вось нечаканасць для землякоў: Жызнеўскі першым з замежных грамадзян уганараваны найвышэйшай узнагародай братняй Украіны — Залатой Зоркай Героя, піша @bajby.
За ідэю годнасці і свабоды Мішка-Локі і аддаў сваё жыццё 22 студзеня 2014 года на барыкадах у Кіеве.
Прэзентацыя кнігі праходзіла ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай і была прымеркаваная да Дня Волі — 104-х угодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Прысутныя гамельчукі пазнаёміліся таксама і з кнігай нарысаў «Знакамітасці Лоеўшчыны», якую падрыхтаваў гісторык-краязнаўца Мікалай Анісавец.