5 красавіка 2012 Мінская абласная бібліятэка ім. А. С. Пушкіна (Гікалы, 4). 18:30. Выдавецтва “ГАЛІЯФЫ” запрашае!
У імпрэзе бяруць удзел:
Віктар Жыбуль, Юрась Барысевіч
гурт “Рацыянальная дыета”
Уваход вольны!
У параўнанні з іншымі зборнікамі Віктара Жыбуля (“Прыкры крык”, “Дыяфрагма”) гэтая кніга вылучаецца большай філасафічнасцю і змрачнаватай, хоць месцамі і іранічнай, танальнасцю, са зваротам да вострых праблемаў свету рэальнага і свету ірэальнага. Паэт вымалёўвае своеасаблівую галерэю грабляў, на якія можна наступіць у пошуках адказаў на спрадвечныя пытанні. Напэўна, схільнасць аўтара да парадоксаў паўплывала і на выбар назвы зборніка: стапеліі – паўднёваафрыканскія кветкі, “вельмі эстэтычныя” з выгляду, але са спецыфічным малапрыемным пахам, які нагадвае гнілое мяса.
Аўтар кнігі паведаміў, што першая версія гэтага зборніка з’явілася яшчэ ў 1998. Віктар Жыбуль:
– Яе першая версія была складзена яшчэ ў 1998 годзе. Тады яна называлася “Фініта ля трагедыя”, цяпер яна называецца “Стапеліі”. Частка старых, частка новых рэчаў. Я дапоўніў і ўдасканаліў гэтую кнігу.
Віктар Жыбуль патлумачыў, што стапеліі – гэта кветкі, якія растуць у паўднёвай Афрыцы. Яны вельмі прыгожыя, але распаўсюджваюць непрыемны пах. Згодна тлумачэнням батанікаў, такім чынам кветкі прыцягваюць да сябе мух – адзіных насякомых-апыляльнікаў, якія сустракаюцца ў той мясцовасці.
(З кнігі “Стапеліі”)
* * *
Я – стваральнік зарослых быльлём дэканструкцый,
растваральнік самотных і сьветлых ілюзій,
затыкальнік вушэй ад сухіх інтрадукцый,
забівальнік мышэй у гнілой кукурузе.
Я выношваю ў торбе уран ды плутоній,
назіраючы бляск ланцуговых рэакцый.
Я – спрадвечны шукальнік інакшых гармоній
у кутах сьлізгаценьня праменных дыфракцый.
Незнарок наступіў я на папараць-кветку,
заблукаўшы ў сутоньні тэхнічных рэалій.
Я выцягваю палец з абрыдлай разеткі.
На душы асядае цыяністы калій.