8-га красавіка на Машэрава 8 (сядзіба БНФ) будзе прэзэнтаваны юбілейны, соты нумар часопіса ARCHE, які цалкам прысьвечаны падзеям 19-га сьнежня.
Нататкі з Акрэсціна, аналітыка ад выбітных айчынных і замежных палітолагаў, міжнародныя стасункі Беларусі і Захада пасля Плошчы, каментары палітыкаў і фотарэпартажы, – усё гэта вы знойдзеце на старонках сьвежага ARCHE. Цьвік нумару – справаздача незалежнага назіраньня за выбарамі ў Беларусі, якая ўпершыню апублікаваная ў друкаваным выглядзе.
Гэтае выданьне ёсьць першай грунтоўнай спробай цэласнага асьвятленьня і аналізу падзеяў 19 снежня 2010 года, якія вызначылі бягучую палітычную сытуацыю ў Беларусі.
Сустрэча з рэдактарам ARCHE Валерам Булгакавым, экспэртамі і аўтарамі часопіса пачнецца на Сядзібе БНФ (Менск, пр-т Машэрава, 8) ў 19.00.
Уваход вольны.
Прэзентацыя адбудзецца ў межах серыі культурніцкіх акцыяў салідарнасьці з сядзібай Партыі БНФ, што стаіць перад пагрозай пазбаўленьня права арэнды. Цяпер улады намагаюцца адабраць памяшканьне, якое цягам амаль дваццаці год было цэнтрам непадцэнзурнай культурніцкай і грамадзкай актыўнасьці ў Менску.