Абвешчаны кароткі спіс прэміі Гедройця

Галоўная інтрыга года ў беларускай літаратуры хутка раскрыецца! Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвяшчаюць кароткі спіс літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця за 2024 год. Журы назвала шэсць галоўных кніг 2024 года, якія прайшлі ў фінальны этап конкурсу і змогуць далей змагацца за перамогу.

Premija Hiedrojcia

Кароткі спіс чатырнаццатага сезона

«Гульні Цырцэі. Раман» — Зміцер Дзядзенка (фонд Kamunikat.org);

«Занзібар. Сталенне маладой душы» — Сяргей Дубавец (выдавецтва «Вясна»);

«Перамена месцаў» — Югася Каляда (выдавецтва «Пфляўмбаўм»);

«Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» — Аляксандр Лукашук (выдавецтва «Вясна»);

«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — Анка Упала (выдавецтва «Alena Kazlova»);

«Забойства на вуліцы Макаёнка» — Клёк Штучны (аўдыявыдавецтва «Audiobooks.by» і выдавецтва «Янушкевіч»).

Журы прэміі падзялілася ўласнымі ўражаннямі ад адбору і адзначыла, што працаваць сёлета было і нялёгка, і радасна:

«Нялёгка — бо маем моцны, розны паводле тэматыкі і жанраў спіс намінантаў, якія часам адно аднаму дыхаюць у патыліцу. Даводзіцца па некалькі разоў перагалосаўваць, таму што кнігі набіраюць роўную колькасць балаў. Яшчэ на этапе складання доўгага спісу давялося ўключыць туды не 12, як звычайна, а 13 пазіцый. Далей змаганне толькі абвастрылася. Радасна — бо прэмія будзе ўручацца ўжо чатырнаццаты раз.

Жыве прэмія Ежы Гедройця! Жыве беларускае прыгожае пісьменства!»

Прэмія вернецца на бераг Балтыйскага мора. Сябры і партнёры літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця падтрымалі яе вяртанне ў Гданьск, дзе стануць вядомыя пераможца і ўладальнікі другога і трэцяга месца.

Калі: 15 лістапада 2025 года (субота)
Дзе: Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Гданьск, Польшча (plac Solidarności, 1)

Акрамя ўрачыстай цырымоніі, адбудуцца сустрэчы, дыскусіі ды іншыя падзеі, якія дазволяць паглыбіцца ў свет беларускай літаратуры.

Уваход на ўсе імпрэзы вольны!