У беларускі цэнтр супольнасці і культуры ў Вільні 7 кастрычніка завітала разнастайная публіка: літаратары, навукоўцы, журналісты, актывісты і кніжныя аматары. Хаця сабраліся яны з нагоды прэзентацыі першай кнігі новага беларускага выдавецтва з дзёрзкай назвай «Skaryna Press», акрамя непасрэдна прэзентацыі шмат гаварылі пра нобелеўскую прэмію міра, якую прысудзілі Алесю Бяляцкаму напярэдні ды пра нобелеўскую прэмію па літаратуры. Справа ў тым, што раман «Падзея» сёлетняй нобелеўскай лаўрэаткі Ані Арно перакладаў на беларускую мову Уладзіслаў Гарбацкі — перакладчык той самай першай кнігі выдавецтва «Skaryna Press» «Бэйруцкія апавяданьні».
Выдавец Ігар Іваноў і перакладчык Уладзіслаў Гарбацкі падчас прэзентацыі
Калі Ігар Тваноў вырашаў для сябе, якую кнігі выдаваць першай, Уладзіслаў распавёў пра твор украінскага пісьменніка Агатангела Крымскага «Бэйруцкія апавяданьні». Кніга гэта, па словах Уладзіслава, настолькі файная і смешная, што калі ён чытаў кавалкі маці, яна спазнілася ў тэатр: вымушана была перарабляць макіяж, які сапсаваўся ад слёз і смеху.
Агатангел Крымскі — украінскі пісьменнік, усходазнаўца і адна з найбольш вядомых украінскіх ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Як адзначыў Уладзіслаў Гарбацкі, мы ўвогуле мала знаёмыя з блізкай для нас украінскай культурай, таму вельмі важна асабліва зараз расказваць беларусам пра вартых увагі ўкраінскіх дзеячаў.
Агатангел Крымскі. Крыніца: dsnews.ua
Ігар Іваноў расказвае, што да таго, як ён пазнаёміўся з «Бэйруцкімі апавяданьнямі», яму падавалася, што ліванская сталіца Бейрут 150 гадоў таму выглядала як «нейкі забіты дальні ўсход». Але, як высветлілася, шматканфесійны і шматмоўны Бейрут тады больш за ўсё нагадваў сённяшнюю Вільню. «Ёсць такія гарады ў свёце, падобныя на кацёл, дзе пераплаўляюцца шмат культур. Толькі пераплаўляюцца не для таго, каб стаць нечым адзіным, а каб суіснаваць ў розных формах, ад чаго месца і цывілізацыя становяцца толькі багацей».
«Дарэчы і Віцебск раней быў такім горадам, — дадае Уладзіслаў Гарбацкі. — Я сам віцяблянін і шмат чаго пра ранейшы быт мне распавядалі бабулі і дзядулі. Бясконцыя спрэчкі паміж беларусамі, латышамі, стараверамі, палякамі ў Віцебску на пачатку 20 стагоддзя шмат чым нагадваюць тагачасны Бейрут».
«Акрамя гэтага, мне як гендарнаму даследчыку быў цікавы момант з роллю жанчыны ў Бейруце канца 19 стагоддзя, — працягвае Уладзіслаў. — Здавалася б: мусульманская культура. Аднак усе істотныя пытанні па быце, па гаспадарцы ў Бейруце вырашала менавіта жанчына».
Вокладка кнігі
Невялічкая гумарыстычная кніга, у якой Уладзіслаў пабачыў столькі пластоў і з міжкультурныя сувязямі, і з гендарным аспектам, стала яшчэ і аб’ектам даследаванняў дыялектолагаў.
«Украінскія калегі распавялі, што гэтая кніга дапамагала спецыялістам у вобласці арабскай дыялекталогіі, таму што Крымскі цудоўна апісаў дыялекты, якія існавалі 150 год таму ў Бейруце і ўжо зніклі», — кажа Уладзіслаў.
Ігар Іваноў прызнаецца, што да знаёмства з гэтай кнігай ніколі не чуў пра Агатангела Крымскага, нягледзячы на тое, які ўнёсак пісьменнік зрабіў ва ўкраінскую культуру і якім разнастайным аб’ектам даследаванняў апынуліся яго творы для навукоўцаў па ўсім свеце.
«Я таксама даведаўся пра Крымскага выпадкова, — прызнаецца Уладзіслаў Гарбацкі. — У канцы дзевяностых гадоў, калі я быў студэнтам, я пайшоў у бібліятэку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Там я пабачыў шасцітомнік Агатангела Крымскага і ўзяў чамусьці другі том, дзе аказаліся „Бэйруцкія апавяданьні“. Пачаў чытаць і рагатаў так, што бібліятэкаркі зрабілі мне заўвагу. Яшчэ тады я зразумеў, што гэтая кніга павінна пабачыць свет і на беларускай мове».
Уладзіслаў Гарбацкі падчас прэзентацыі
Дарэчы, Агатангел Крымскі меў і беларускія карані.
«Зараз шмат кажуць пра неабходнасць выбудоўваць беларуска-ўкраінскія сувязі, — кажа Уладзіслаў Гарбацкі. — Прыклад Крымскага паказвае, што іх не трэба будаваць штучна, яны існуюць натуральна. Трэба толькі іх адшукаць і паказваць».
«Для мяне вельмі сімвалічна, што ў 2022 годзе мы пачынаем дзейнасць выдавецтва менавіта са знаходжання гэтых украінска-беларускіх сувязяў, — кажа Ігар Іваноў. — У той жа час гэта і вялікі выклік. Такая кніга не можа зараз быць выдадзена у Беларусі: яе адразу забароняць. Таму для нас, для тых, хто жыве па-за Беларуссю выдаць і чытаць гэтую кніжку — вялікі прывілей. Па-першае, мы аднаўляем тое, што належыць нам. Па-другое, гэта крок салідарнасці з тымі, хто зараз змагаецца за сваю свабоду».
Кніга выдадзена тарашкевіцай, бо Уладзіслаў Гарбацкі карыстаецца ёй прынцыпова.
«Не будзем жа мы змагацца з аўтарам перакладу, — жартуе Ігар Іваноў. — Але яшчэ ёсць такі момант, што мы бачым місію беларускай дыяспары ў тым, каб захаваць нашу тарашкевіцу. У Беларусі не могуць існаваць СМІ, якія карыстаюцца тарашкевіцай. Кніжкі на тарашкевіцы таксама выдаваць немагчыма. Вельмі цікава, што наш Агатангел Крымскі ў свой час не пагадзіўся з рэформай украінскай мовы, і за гэта паплаціўся».
«Ва ўсіх навуковых працах Крымскага, што звязаныя з украінскай мовай, ён паслядоўна выступаў супраць русіфікацыі, — удакладняе Уладзіслаў. — Больш за тое, побач з украінскай ён часта ўзгадваў беларускую мову. Крымскі цікавіўся творамі беларускіх пісьменнікаў. Адным з першых пісаў рэцэнзіі на кнігі Максіма Гарэцкага, напрыклад. Яшчэ пільна сачыў за дзейнасцю беларускіх этнографаў, асабліва тых, хто даследаваў Палессе. У той перыяд быў пэўны канфлікт паміж беларускімі і ўкраінскімі даследчыкамі, але Крымскі сцвярджаў, што аніякага канфлікту па пытанні Палессе не можа быць, аб чым пісаў навуковыя працы. Вам можа падацца, што я дадумваю яго чуллівае стаўленне да беларускай мовы і беларускіх даследчыкаў. Аднак Агатангел Крымскі сапраўды вельмі клапаціўся пра маладых беларускіх навукоўцаў. Папраўляў працы беларускіх этнографаў, адным з першых рэагаваў на тэксты пісьменнікаў і гэтак далей».
«Спадзяюся, пераклад гэтай кнігі стане важным унёскам у беларуска-ўкраінскія сувязі», — падводзіць выснову Ігар Іваноў.
Асобнікі кнігі «Бэйруцкія апавяданьні» і іншыя кнігі, перакладзеныя або напісаныя Уладзіславам Гарбацкім
Папяровы асобнік кнігі «Бэйруцкія апавяданьні» ў перакладзе Уладзіслава Гарбацкага можна набыць на Amazon.com, калі вы знаходзіцеся па-за межамі Беларусі. Электронная версія на сайце Google Books даступна па ўсім свеце.
Д.Г. budzma.org