Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае дарослых на творчую сустрэчу “Дзіцячыя выданні ў Літаратурнай гасцёўні музея”, якая пройдзе 10 снежня. Пачатак а 17-й гадзіне.
Вечарына адбудзецца ў рамках сацыяльна-культурнага праекта “У краіне дзяцінства”, які ўжо другі год працуе на літаратурна-дакументальнай выставе “Спадарожнікі дзяцінства”, дзе прадстаўлена гісторыя дзіцячых перыядычных выданняў на Беларусі ў XX ст. 95 гадоў таму выйшаў першы нумар часопіса “Лучынка”, у 2007 годзе адсвяткаваў 50-гадовы юбілей часопіс “Вясёлка”, у кастрычніку гэтага года споўнілася 80 газеце “Раніца”, а наперадзе снежань і 85 гадоў, аднаму са старэйшых беларускіх дзіцячых часопісаў “Бярозка”. І як тут не сустрэцца з супрацоўнікамі рэдакцый, пісьменнікамі, дзякуючы якім нашыя маленькія чытачы атрымліваюць цікавыя, прыгожыя, вельмі пазнавальныя выданні.
Для стваральнікаў дзіцячых часопісаў, газет вельмі важна, каб кожная сустрэча з новым нумарам была святам і юныя чытачы над нечым задумаліся, пра нешта новае даведаліся… Самае вялікае імкненне супрацоўнікаў рэдакцый, каб чытачы навучыліся любіць сваю Радзіму, каб ведалі яе слаўную гісторыю, мілагучную беларускую мову.
Сярод шаноўных гасцей творчай сустрэчы: беларускія пісьменнікі – Уладзімір Сіўчыкаў, Уладзімір Мазго; супрацоўнікі вядомых перыядычных дзіцячых выданняў “Раніца”, “Вясёлка”, “Бярозка”.
Выхаванне дзяцей пачынаецца з выхавання дарослых і ў рамках праграмы вечара адбудзецца прэзентацыя дыска метадычных і дапаможных матэрыялаў “ГАДУЕМ БЕЛАРУСАЎ” (Частка 1. Для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў)
Першая частка зборніка “Гадуем беларусаў” змяшчае матэрыялы для школьнікаў і малодшых школьнікаў. У яе ўвайшлі напрацоўкі больш за 100 чалавек; метадычныя матэрыялы, распрацоўкі ўрокаў і пазакласных заняткаў, сцэнарыі святаў і школьных спектакляў, чытанкі, песенькі, ноты, караоке, фанаграмы, дыяфільмы, навучальныя кліпы, мультфільмы, гульні, размалёўкі і шмат чаго інш.
Дыск прызначаецца ў першую чаргу педагогам-дашкольнікам, настаўнікам малодшых класаў, метадыстам, школьным бібліятэкарам, а таксама бацькам, ўсім, хто зацікаўлены ў выхаванні сапраўдных беларусаў.
Усе разам мы павінны выхоўваць будучае нашай краіны.
Траецкае прадмесце, вул. М.Багдановіча, 15.