Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Мацкевіча

27.05.2011 Афіша

Кніга ўяўляе сабой зборнік тэкстаў Уладзіміра Мацкевіча, якія ахопліваюць 16-гадовы перыяд яго жыцця і дзейнасці – час рэалізацыі праграмы культурнай палітыкі, распачатай у 1994 годзе тэкстам «Думаць Беларусь». Раскіданыя па газетах, часопісах, лекцыйных курсах і семінарскіх запісах, размешчаныя ў інтэрнэце, яны ўпершыню сабраны разам і падпарадкаваныя адзінаму задуме: дазволіць чытачу лепш убачыць і зразумець падставы і ўстаноўкі Уладзіміра Мацкевіча, зыходзячы з якіх ён думае, жыве і дзейнічае ў Беларусі . Стрыжневай для ўсяго зборніка выступае праблематыка ролі і месца філосафа, інтэлектуала, метадолага ў Беларусі.
Гэтая кніга была задумана як падарунак Уладзіміру Мацкевічу, яна была падрыхтавана і выдадзена пры дапамозе і падтрымцы шырокага кола людзей, якім блізкія і важныя ягоныя ідэі, тэксты і справы. Менавіта таму прэзентуюць і абмяркоўваюць кнігу ўсе тыя, хто мае дачыненне да гэтай ініцыятывы – вучні, сябры, калегі беларускага філосафа і метадолага. Валянцін Акудовіч, Алег Хаменка, Таццяна Вадалажская, Андрэй Ягораў, Павел Баркоўскі, Улад Вялічка, Ірына Сухій, Андрэй Аляксандраў, Андрэй Каравайка ды інш.

Прэзентацыя адбудзецца 31 траўня 2011 года ў фальварку «Добрыя мыслі» (Мінск, вул. Магілёўская, 12, ст.метро “Інстытут культуры”). Пачатак а 18.00