Чарговая прэзентацыя нашумеўшага рамана Віктара Марціновіча адбылася 21 кастрычніка ў Лунінецкай раённай бібліятэцы. На сустрэчу з аўтарам, які вырваўся з Вены на Радзіму літаральна на лічаныя дні, сабраліся не толькі супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы, але й вучні старэйшых класаў. Дарэчы, іх прысутнасць не сталася фармальнасцю. Відавочная зацікаўленасць выявілася ў шматлікіх пытаннях, прысвечаных розным этапам творчасці Віктара, як літаратурнай, так і мастацтвазнаўчай.
Але, на шчасце выдаўцоў, аповед пра напісанне манаграфіі па творчасці Шагала не перашкодзіў грунтоўнаму паглыбленню ў свет “Мовы”. Шматлікія сэнсавыя ўзроўні не заезжанага ў беларускай літаратуры жанру антыўтопіі не маглі не выклікаць цікавасці чытачоў, што і прымусіла аўтара – аматара электронных прыладаў, папрацаваць па-старому, асадкаю, падпісваючы асобнікі “Мовы” адзін за адным. Фіналам імпрэзы сталася раздача “сланоў” за найбольш цікавыя пытанні. У якасці элефантаў былі выкарыстаны прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Падсумуючы безумоўнае пазітыўнае ўражання ад гэтай прэзентацыі падсумавала гасцінная дырэктарка бібліятэкі Надзея Міхайлаўна, запрасіўшая “класнага чувака” Віктара Марціновіча прыязджаць часцей!
Тэгі: Лунінец