Увесну, на самым яе пачатку, хочацца думаць пра будучыя цёплыя дні, чакаць і прыспешваць змены. У гэтыя дні зіма робіць нам апошні свой падарунак, сціплы і някідкі, — у выглядзе перазімаваўшых у грунце і выкапаных першымі веснавымі днямі розных тутэйшых караняплодаў.
Выцягнутыя на свет Божы са свайго халоднага цёмнага падзем’я, ачышчаныя ад зямлі і памытыя, яны цешаць вока сцішанай гармоніяй земляных колераў, арганічнасцю формаў, мікраэстэтыкай фактур на паверхні. А таксама сваімі настаялымі за зіму смакамі. Самыя сакавітыя, самыя духмяныя карэнні – хрэн, пятрушка, сельдэрэй, пастарнак, тапінамбур, рэпа і бручка, морква (калі яе не пагрызлі, халера на іх, краты) менавіта ўвесну, і менавіта тыя, што заставаліся ў зямлі.
Трымаючы ў руцэ шурпатую пастарначыну, я прыгадваю не толькі славутага паэта і не толькі вычытаную ў “Нашай Страве“ інфармацыю пра тое, што ў Сярэднявеччы пастарнак быў на нашых сталах частым і любімым госцем. Яшчэ я прыгадваю, як мая бабуля, татава мама, спявала: “Танцавала рыба з ракам, а пятрушка з пастарнакам“. Здаецца, гэта была адзіная песня ў яе рэпертуары. А ўвогуле, пастарнаку ўжо некалькі тысяч гадоў, гэта адна з першых раслінаў, якую чалавек навучыўся вырошчваць, то бок культываваць.
Як вядома, само слова “культура“ першапачаткова мела выключна сельскагаспадарчае значэнне. Лацінскі выраз cultus agri перакладаецца як “апрацоўка раллі”. Увогуле, слоўнік культуры, асабліва ў часы актыўнага нацыяўтварэння, наскрозь перасыпаны аграрнымі тэрмінамі і вобразамі: культурнае поле, карані, ніва, ралля, дзірван, рунь, сейбіт, ураджай, а таксама трагічнае жніво.
Звычайную нашу рэпу мы вырошчваем ад часоў неаліту, а яе сакралізацыя адбылася яшчэ раней, у познім палеаліце, то бок дзясяткі тысячаў гадоў таму, і звязаная з праіндаеўрапейскім культам Багіні-маці / Маці-зямлі. Адгалоскі такіх міфаў праглядаюцца ў казцы пра дзедку і рэпку, дзе рэпка выступае татэмнай раслінай Роду, яна пярвейшая за дзядоў, а перад ёй адно толькі Маці-зямля.
Яшчэ адна цікавая згадка пра рэпку ўтрымліваецца ў гісторыі пра міфічнага першага польскага караля Пяста. Большасць даследчыкаў звязвае яго імя з дзеясловам “песціць“, які азначае працэс выхавання дзіцяці і адначасова дзеянне падчас любовішча, палавы акт. Іншыя даследчыкі выводзяць імя Пяст ад праславянскага “пьрстъ”. Усе гэтыя сэнсы так ці інакш добра кладуцца на вобраз міфічнага ўладара, які паўстае не толькі заснавальнікам дзяржаўнасці, але і пачынальнікам роду / племені.
У гэтым кантэксце імя ягонай жонкі – Рэпіха (Rzepicha), якое даследчыкі звычайна абыходзяць увагай, таксама кладзецца ў тэму. Калі Пяст міфічны бацька-ўладар старажытных палякаў, то Рэпіха – маці. Фактычна, усім працэсам яшчэ кіруе яна, кабета, як гэта і мела быць пры матрыярхаце.
У форме рэпы лёгка можна ўбачыць кабечую постаць, а ў бурачку пузастага шляхціца з хвосцікам-асяледцам. У эпоху неаліту культ Багіні-маці адышоў на другі план, і да яго дадаўся культ бацькі-ваяра, а яшчэ праз пару тысячагоддзяў еўрапейцы дараслі да такіх тонкасцяў, як іронія, і бурачок, альбо Пан Бурачок, як называў яго Мікалай Рэй, пачынальнік польскамоўнай літаратуры Рэнесансу, стаў паспалітым сімвалам польскай шляхты. А таксама нагодай падражніць шляхту літоўскую, якую палякі называлі “бацвіняжамі”, намякаючы тым самым на яе скараспелае паходжанне, з чым апошнія, ясная справа, не пагаджаліся.
У канцы XVIII стагоддзя, пад уплывам французскай моды, панятак “шляхетны” ўспрымаецца анахранізмам, ледзь не варварствам, замест яго прыходзіць вытанчаны арыстакратызм, у якім бурачкам не месца. Паступова, этнакультурны маркер “Бурачкі“ пасоўваецца на ўсход і замацоўваецца на землях Літвы, апошнім апірышчы сарматаў-кансерватараў. З цягам часу мянушка замацоўваецца за ўсімі жыхарамі Краю і нарэшце звужае сваё значэнне да гэткага патрыярхальнага, “ад зямлі”, мужыка-селяніна.
У Савецкай Беларусі мянушка страціла вастрыню і сэнс і паціху забылася, а з часоў пасляваенных пачала распаўсюджвацца новая – “бульбашы“. Яе паходжанне не мае дачынення да бульбы як агракультуры альбо прадукту. Падчас вайны “бульбашамі“ называліся байцы Палескай Сечы УПА (Украінскай паўстанцкай арміі) пад кіраўніцтвам Васіля Бараўца. “Бацька Бульба” – яго псеўданім.
У пачатку вайны яны ваявалі супраць асобных частак Чырвонай Арміі, потым разам з Беларускай Самааховай супрацьдзейнічалі савецкім партызанам, потым распачалі ўзброены супраціў супраць немцаў, а летам 1943 дайшло да канфлікту і сутычак з атрадамі ОУН-б Сцяпана Бандэры. Фармаванні Бараўца былі тады разбітыя, частка яго людзей перайшло пад кіраўніцтва Бандэры, частка паўцякала і хавалася да канца саракавых, пераважна на Палессі, у тым ліку ў беларускай частцы.
Беларусаў пачалі называць бульбашамі пасля вайны і спачатку толькі ў вайсковым асяродку. Я служыў у войску ў 80-я, праз 40 гадоў пасля вайны, але яшчэ заспеў тыя маркеры калектыўнай віны, якія перадаваліся ад прызыву да прызыву шарагоўцамі і падтрымліваліся афіцэрскім складам. Уся еўрапейская частка прызыўнікоў была вінаватая ўжо па сваім паходжанні: эстонцы, латышы і літоўцы – бо “немцы“, украінцы – бо “бандэраўцы”, беларусы – бо “бульбашы“.
У савецкія часы беларусы сядзелі цішэй за астатніх, да таго ж, па праўдзе кажучы, тыя “бульбашы“ былі ўкраінскім фармаваннем, а не беларускім. Карацей, чужыя грахі нам старэйшы брат, можна сказаць, дараваў. Сэнс неяк выветрыўся, забыўся, а мянушка засталася. “Гэта таму, што ў вас адна бульба”, – тлумачылі мне ў войску. Змагацца з мянушкамі – дурасць. Яшчэ большая дурасць – рабіць з мянушкі брэнд і папулярызаваць яго, напрыклад, у выглядзе гарэлкі альбо забаўляльнага цэнтра.
Калі цвярозым розумам удумацца ў сутнасць назвы і ўвесь кантэкст, звязаны з вышэйпамянёным цэнтрам, то атрымліваецца поўная сэнсавая і стылістычная бязглуздзіца: побач месца масавых экзекуцый НКВД паўстае культурна(!)-забаўляльны(!) цэнтр, названы імем самых злых ворагаў таго самага НКВД, ды яшчэ з імперскім цвёрдым знакам на канцы і словам “холл” у дадатак. І ўсё гэта зусім не смешна. Гэта якраз тая дурасць, ад якой ратуй мяне Божа.
А нас папярэджвалі, памятаеце? Адзін такі Бурачок, Мацей, хітраваты і разважлівы, той самы, за якім хаваўся Багушэвіч, укладаючы ў Мацеевы словы свае думкі і рыфмы. А можа, наадварот, можа, гэта Бурачок кіраваў думкамі Францішка. Так ці інакш, намаўлялі яны нас з далёкага ХІХ стагоддзя не пакідаць мову нашую. Каб не ўмёрлі. Пра карані таксама не варта забывацца.