Драўляная мемарыяльная шыльда, прысвечаная побыту ў Гродне нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшкі, знікла са сцяны Новага замка, піша hrodna.life.
Так выглядала мемарыяльная шыльда
Шыльда размяшчалася злева ад цэнтральнага ўваходу ў Новы замак і была прысвечана падзеям паўстання 1794 года. Тады ў замку працавала Паўстанцкая парадкавая камісія, быў там і кіраўнік паўстанцаў Тадэвуш Касцюшка. 30 кастрычніка 1794 года ён правёў у каралеўскім палацы нараду з кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў Вялікага Княства Літоўскага.
Шыльда, прысвечаная Касцюшку, была ўсталяваная ў 1994 годзе. Са сцяны замка яе знялі ў сярэдзіне красавіка — тыдзень-паўтара таму.
Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (1746−1817) нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў Слонімскім павеце. Ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, нацыянальны герой у Беларусі, ЗША, Літве і Польшчы. Удзельнік змагання Рэчы Паспалітай з Расіяй і Прусіяй і вайны за незалежнасць ЗША. Лідар нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай супраць расійска-прускай акупацыі краіны.
Месца, дзе была шыльда, прысвечаная Касцюшку. Крыніца: Facebook Ales Kirkevicz
Барацьба з героямі
Летам 2023 прарасійская актывістка з Гродна Вольга Бондарава хвалілася, што прасіла Гродзенскі гарвыканкам прыбраць са спісу знакавых для Гродна людзей у Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме Гродна беларускага героя Кастуся Каліноўскага, а пасля і Тадэвуша Касцюшку. Першага яна назвала «польскім тэрарыстам», другога — «змагаром за Польшчу супраць Расіі». Пры гэтым культуру яна называла выключна «культуркай». Абедзве згадкі зніклі з сайта ЦБС літаральна за пару дзён. Са згадкамі пра нацыянальнага героя Касцюшку ў Гродне Бондарава змагалася і раней.
11 ліпеня 2023 года з тэрыторыі гродзенскага чыгуначнага вакзала прыбралі 30-гадовы памятны знак паўстанцам 1863 года. Яго замянілі на памятную шыльду савецкім партызанам. Тады Бондарава таксама хвалілася, што спрычынілася да знікнення знака. Пазней стала вядома, што памятны знак дэмантавалі супрацоўнікі Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а гродзенскія чыноўнікі сцвярджалі, што нічога пра гэта не ведаюць.
Памяць яшчэ засталася
Зараз памяць пра Тадэвуша Касцюшку захоўваецца ў гродзенскім кафедральным касцёле Святога Францыска Ксаверыя: там размешчаны дзве мемарыяльныя шыльды. Таблічка з надпісам па-польску 1917 года ўсталяваная да сотай гадавіны з дня яго смерці. Яшчэ адна усталяваная ў 2017 годзе злева ад галоўнага алтара касцёла. Яна зроблена з адмысловага шкла і мае надпісы на беларускай, польскай і англійскай мовах: «1817–2017. Тадэвушу Касцюшку — удзячныя нашчадкі».
Глядзіце яшчэ: