Чацвёрты эпізод лялечнага відэаспектакля «Прыгоды мышак» ужо даступны для прагляду на дзіцячым ютуб-канале «Будзьма дзецям».
У чацвёртай серыі распавядаецца пра лісянятак Хурму і Фанціка. Больш за ўсё яны любілі танцаваць. Аднойчы яны вырашылі пайсці на хутар, каб скрасці курачак. Зрабілі падкоп, залезлі ў куратнік і пачалі ганяцца за курамі. Але на грукат прыбег шчанюк. Ррррр....
Што здарылася далей, даведаецеся, паглядзеўшы спектакль.
Відэаспектакль зроблены паводле аўтарскіх казак, якія напісаў для саіх дзетак адзін тата, калі захацеў ім ў цікавай форме распавесці пра жывёльны свет Беларусі. Галоўных гераінь спектакля — мышак Дашу і Машу — агучваюць тыя самыя дзеці, для якіх пісаліся казкі.
Пазнавальны эфект казак разлічаны на дзетак 3-8 гадоў, забаўляльны — без межаў узросту.
Калі раптам вы не ведаеце, чым заняць свайго гарэзу, то спектакль «Прыгоды мышак» вам у дапамогу.
Уладкоўвайцеся зручней і глядзіце! Спектакль вельмі просты, душэўны, але разам з тым і досыць дынамічны, ён добра трымае ўвагу дзяцей.
Папярэднія серыі «Прыгодаў мышак» глядзіце тут.
Цікавыя і карысныя актыўнасці паводле спектакля
Акрамя непасрэдна прагляду, мы прапануем іншыя цікавыя і карысныя актыўнасці, якія можна рабіць паводле спектакля. Вось, напрыклад:
1. Можна разам патанчыць з мышкамі Дашай і Машай, бо сяброўкі-мышкі вельмі любяць танчыць, і робяць яны гэта пад выдатную музыку ад гурта «Стары Ольса».
2. Лепш за ўсё паглядзець спетакль усёй сям’ёй, а потым разам з дзеткамі абмеркаваць, што яны пабачылі. Калі дзеткі яшчэ маленькія і ім складана будаваць доўгія сказы, дапамажыце ім, прапанаваўшы варыянты адказаў.
3. Папрасіце дзяцей намаляваць мышак Дашу і Машу і домікі, у якіх яны жывуць.
4. Са старэйшымі дзеткамі можна зладзіць свой спектакль па матывах «Прыгодаў мышак». Можна выкарыстаць для спектакля мяккія цацкі, а можна пашыць мышак з фетру. Выкрайкі для такіх цацак лёгка знайсці ў інтэрнэце. Для дэкарацый скарыстайцеся каляровай паперай ды прыроднымі матэрыяламі (падыдуць лісцікі, галінкі, шышкі — усё, што знойдзецца пад рукой). Задавальненне ад сумеснай творчасці вы гарантавана атрымаеце!
5. Натхніўшыся спектаклем, разам з дзецьмі прыдумайце сваю казачную гісторыю.
Дасылайце нам свае казкі і малюнкі на электронную пошту razam@budzma.org. Самыя цікавыя мы апублікуем на нашым сайце budzma.org.
Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў.