На ютуб-канале «Будзьма дзецям» выйшаў 2-гі эпізод відэаспектакля «Прыгоды мышак»

Другі эпізод лялечнага відэаспектакля «Прыгоды мышак» ужо даступны для прагляду на дзіцячым ютуб-канале «Будзьма дзецям».


Відэаспектакль зроблены паводле аўтарскіх казак, якія напісаў для саіх дзетак адзін тата, калі захацеў ім ў цікавай форме распавесці пра жывёльны свет Беларусі. Галоўных гераінь спектакля — мышак Дашу і Машу — агучваюць тыя самыя дзеці, для якіх пісаліся казкі.

У другой серыі спектакля Вожык Фуршык, які выратаваў Машу і Дашу ад арла, запрасіў іх да сябе ў госці і пачаставаў яблыкамі. Але як мышкам вярнуцца дадому? У полі іх да вечара чакае арол, а ў лесе ўначы палюе сава. Каго Маша і Даша сустрэлі па дарозе і хто ім дапамог перайсці поле?

Пазнавальны эфект казак разлічаны на дзетак 3-8 гадоў, забаўляльны — без межаў узросту.

Калі раптам вы не ведаеце, чым заняць свайго гарэзу, то спектакль «Прыгоды мышак» вам у дапамогу.

Уладкоўвайцеся зручней і глядзіце! Спектакль вельмі просты, душэўны, але разам з тым і досыць дынамічны, ён добра трымае ўвагу дзяцей.


Першую серыю «Прыгодаў мышак» глядзіце тут.

Цікавыя і карысныя актыўнасці паводле спектакля

Акрамя непасрэдна прагляду, мы прапануем іншыя цікавыя і карысныя актыўнасці, якія можна рабіць паводле спектакля. Вось, напрыклад:

1. Можна разам патанчыць з мышкамі Дашай і Машай, бо сяброўкі-мышкі вельмі любяць танчыць, і робяць яны гэта пад выдатную музыку ад гурта «Стары Ольса».

2. Лепш за ўсё паглядзець спетакль усёй сям’ёй, а потым разам з дзеткамі абмеркаваць, што яны пабачылі. Калі дзеткі яшчэ маленькія і ім складана будаваць доўгія сказы, дапамажыце ім, прапанаваўшы варыянты адказаў.

3. Папрасіце дзяцей намаляваць мышак Дашу і Машу і домікі, у якіх яны жывуць.

4. Са старэйшымі дзеткамі можна зладзіць свой спектакль па матывах «Прыгодаў мышак». Можна выкарыстаць для спектакля мяккія цацкі, а можна пашыць мышак з фетру. Выкрайкі для такіх цацак лёгка знайсці ў інтэрнэце. Для дэкарацый скарыстайцеся каляровай паперай ды прыроднымі матэрыяламі (падыдуць лісцікі, галінкі, шышкі — усё, што знойдзецца пад рукой). Задавальненне ад сумеснай творчасці вы гарантавана атрымаеце!

5. Натхніўшыся спектаклем, разам з дзецьмі прыдумайце сваю казачную гісторыю.

Дасылайце нам свае казкі і малюнкі на электронную пошту razam@budzma.org. Самыя цікавыя мы апублікуем на нашым сайце budzma.org.


Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў.