Прыручыць Цмока ды стаць выбітным знаўцам мовы

23.11.2015 Забавы

З’явіліся новыя беларускамоўныя настолкі, але ніша ўнікальнай беларускай гульні па-ранейшаму застаецца незанятай.

20 лістапада ў Гродне свае чарговыя вынаходніцтвы для журналістаў прэзентавалі аўтары вядомай гульні “Паўстанцы”. Цяпер гэта не адна сямейная пара Антось і Наста Янкоўскія, але цэлая творчая кампанія “А4”.

Першая жывёла, якую прыручыў чалавек, былі не кот і не сабака, а сапраўдны Цмок! У гэтым упэўненыя аўтары гульні “Гаспадар Цмокаў”. Яе сэнс – сабраць міфічных істот чатырох стыхій: паветранага, наземнага, воднага і падземнага, а ў самым канцы авалодаць яшчэ і пятым, пераможным Цмокам. Настолка разлічаная для дзяцей ад 5 гадоў, аднак, без сумневаў, здольная развесяліць нават сур’ёзных і занудных дарослых. У ходзе гульні вядучы выкладае карткі са здабычамі для кожнага віда Цмока – трэба паспець схапіць сваю. Перамагае самы спрытны і хуткі.

Антось Янкоўскі дадаў, што правілы гэтай гульні выйдуць адразу па-руску, па-беларуску і па-ангельску. Ужо ёсць дамоўленасці з дыстрыбутарамі аб распаўсюдзе гэтай настолкі на расійскім рынку.

Гульня “Мова” стане неблагім падручным матэрыялам для тых, хто вывучае беларускую. Настолка мае 5 варыянтаў правілаў. Усе яны прайграваюцца з дапамогай тэматычных картах (іх больш за 50) і алфавіта. Так ці сяк удзельнікам неабходна ўгадваць словы і перамяшцца ўверх па ўзроўнях ведання мовы: ад натхнёнага да выбітнага.

Стымулам для гэтай гульні сталі курсы “Мова Нанова”, дзе Антось сам з’яўляецца адным з вядучых.

Цяпер “Мова” выстаўленая на народнае фінансаванне на talaka.by. Антось Янкоўскі абяцае прыемныя бонусы ўсім ахвярадаўцам.

“Гаспадар Цмокаў” і “Мова” папоўнілі шэраг нешматлікіх беларускамоўных настолак. Раней выйшлі “1514”, “Разам” ды “Паўстанцы”. Антось Янкоўскі кажа, што пакуль што адметнай гульні беларусы ўсё ж не стварылі:

“Механіка “Паўстанцаў” – гэта вядомая “Мафія”, “Разам” – “Alias”, “1514” – звычайная хадзілка, “Мова” – гэта так званыя гульні-трэнажоры, а “Гаспадар Цмокаў” адносіцца да катэгорыі гульняў на рэакцыю. Адзінае, чым адразу кідаецца ў вочы беларускі вытворца, дык гэта сваёй культурнай скіраванасцю. Усе гэтыя настолкі маюць выразна асветніцкі характар у мове ці ў гісторыі”, – падсумаваў Антось.

 

 

Хрысціна Марчук

Фота Аляксандра Саенкі