“Разам!” – выйшла ў свет новая беларуская “настолка”

Беларуская настольная гульня “Разам!” выйшла ў свет і даступна для набыцця. 26 траўня 2014 года ў інтэрнэце адбылася прэзентацыя відэа-роліка “Беларусы пра мову”, зробленага ў падтрымку гульні. Ролік і гульня таксама увечары 26 траўня будуць прэзентаваны наведвальнікам курсаў “Мова ці кава”.

“Разам!” – гэта беларуская настолка, створаная для таго, каб у кампаніі сяброў можна было весела бавіць час па-беларуску. Гульня пабудавана на камунікацыі паміж людзьмі і папулярным сярод моладзі загадванні і адгадванні словаў. У настолцы “Разам!” сабрана больш за 1 900 беларускіх словаў і назваў, а таксама больш за 200 выбітных асоб нашай зямлі. Аўтары-распрацоўшчыкі Павел і Воля Берасневы выдалі першы наклад гульні ў 100 асобнікаў пры падтрымцы “Арт-сядзібы”

Акрамя таго, “Разам!” – гэта добры інструмент для павышэння ўзроўня валодання беларускай мовай. У працэсе гульні, па-першае, пашыраецца слоўнікавы запас (бо ў гульню адбіраліся не толькі распаўсюджаныя словы накшталт “дэнамінацыя, жыхар, хакей, Вільня, новабудоўля і інш.”), але і безэквівалентная беларуская лексіка – “мацярдушка, вятружнік, філіжанка, поўня, роспач і інш.”), па-другое, дзякуючы “Разам!”, ігракі вучацца падбіраць сінонімы і тлумачыць з’явы і паняцці выключна пры дапамозе сродкаў беларускай мовы.

У “Разам!” могуць гуляць як людзі, якія толькі пачынаюць асвойваць беларускую мову, так і тыя, хто карыстаецца мовай у паўсядзённым жыцці. Для гэтага калоды картак разбіты на складаны і просты ўзроўні: пачаткоўцы могуць гуляць толькі простымі калодамі, а тыя, хто добра ведае беларускую мову,  маюць магчымасць карыстацца адразу ўсімі калодамі –  і простымі, і складанымі.

У настолку можна гуляць кампаніямі ад 4 чалавек  – у госцях, дома, на прыродзе. Камплект гульні складаецца з ігравога поля, фішак, пясочнага гадзінніка і картак са словамі.

Больш інфармацыі пра гульню можна атрымаць на сайце Razam.ziolki.by