Прапануйце намінанта на птушку 2020 года

14.01.2019 Байнэт

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» абвясціла незвычайнае анлайн-галасаванне – за птушку, якая будзе “народным кандыдатам” на званне крылатага сімвала наступнага года!

ptushki

Прагаласаваць можна па спасылцы ptushki.org/birdoftheyear да 7 лютага ўключна.

У кандыдаты-2020 ужо вылучылі глушца, шэрую курапатку, шэрую валасяніцу і стрынатку-чаротаўку. Таксама можна дадаць іншы від, які раней не быў птушкай года. Пажадана, каб ён адпавядаў пэўным крытэрам.

Карына Салавей, кіраўнік аддзела развіцця АПБ: “Кандыдатаў на птушку года заўсёды тры, але акурат пераможцы «народнага галасавання» не раз рабіліся птушкамі года. А гэта значыць, што менавіта твой голас можа быць вырашальным! Раскажы сябрам пра такую магчымасць — кожны з нас можа арганізаваць сапраўдную перадвыбарчую кампанію для ўлюбёнага віду!”

Птушку года абяруць сябры АПБ на штогадовым з’ездзе, які адбудзецца 9 лютага ў Мінску. Акрамя птушкі-намінанта, якая пераможа ў анлайн-галасаванні, дзвюх птушак-кандыдатаў прапануюць Цэнтральны савет і Сакратарыят арганізацыі.

У калажы выкарыстаныя фота М. Вараб’я, Т. Раманавай і В. Казлоўскага

Паводле арганізатараў