Урбаністы прэзентавалі “Мапу грамадскіх/публічных прастораў Мінска”, якая мае дапамагчы зразумець, дзе мінчукі пачуваюцца камфортна, як пашырыць гэтую прастору, а таксама дзе знаходзіцца сапраўдны цэнтр сталіцы.
Прэзентацыя прайшла ў “ЦЭХу” на Кастрычніцкай з удзелам аўтараў праекта – каманды з васьмі чалавек. Гэта ўрбаністы, аўтары часопіса “Гарадскія тактыкі”, найперш Зміцер Гаўрусік і архітэктар Зміцер Задорын, а таксама Алесь Крот, Алесь Сарна, Яна Казачук, Ганна Арлюк, Вольга Сцяржнёва і інш.
У камандзе ёсць студэнты, якія вучацца на архітэктараў. Гэта пазітыўна, лічыць Зміцер Задорын, бо архітэктурная адукацыя ў нас дагэтуль успрымаецца як “формастварэнне” і праца з аб’ектамі, а “Мапа грамадскіх/публічных прастораў” вучыць працаваць з грамадствам, разумець горад, то бок робіць нашых патэнцыйных архітэктараў знаўцамі будучыні. Гэта акурат і мае дапамагчы ва ўдасканаленні Мінска.
Глядзі таксама:
Чысціня і адзінота ў Мінску. Праблема публічных прастораў сталіцы
Паводле Гаўрусіка, аўтары даследавання найперш хацелі зразумець, дзе ў Мінску ёсць плошчы. Не толькі тыя, якія афіцыйна маюць такі статус і пазначаныя на мапах, але і прасторы, якія з’яўляюцца плошчамі фактычна, бо людзі там рэалізуюць свае патрэбы і актыўнасці.
“Нам падавалася, што ўсё проста, але атрымалася значна цікавей і складаней, – распавядае Гаўрусік. – Чаму? Бо не існуе спісу публічных/грамадскіх прастораў Мінска. Тады мы вырашылі апісаць, што адбываецца з грамадскай прасторай сталіцы, больш дэтальна паглядзець на месцы, якія падаюцца найбольш грамадсказначнымі”.
Канчатковым вынікам стала мапа, якую можна знайсці ў інтэрнэце: https://goodcity.by/. Яна адлюстроўвае стан грамадскай прасторы ў сталіцы. Мапа шматслойная, цікаўны карыстальнік зможа знайсці там багата інфармацыі, ад месцаў збору людзей на самым нізавым узроўні да “раскручаных” і вядомых усім плошчаў.
Паводле аўтараў, сітуацыя нечым нагадвае песню Вольскага пра “Менск-Мінск”, дзе ў адным горадзе паралельна існуюць адразу два. Напрыклад, для гарадскіх уладаў пляцоўка для трэніроўкі АМАПа – гэта публічнае месца, а вось Галерэя “Ў” – не. Розныя слаі і сілы ў горадзе не бачаць адно аднаго.
“У афіцыйнага боку ёсць сваё разуменне публічнасці, – кажа Гаўрусік. – Фактычна, гэта месцы, закладзеныя ў план масавых мерапрыемстваў: святы горада, раёна і г.д. Не больш за тое”.
Усё гэта перацякае ў праблему планавання гарадскімі ўладамі будучыні: тут разыходжанні яшчэ больш сур’ёзныя. З аднаго боку – праект “Мінскграда”, Мінгарвыканкама і іншых установаў, з іншага – схемы і алгарытмы, якія падказвае само жыццё, якія месцы людзьмі напаўняюцца, а якія не напоўняцца ніколі. У гэтым найбольшы кантраст.
“Вялікую ролю грае прыналежнасць прасторы, – лічыць Задорын. – Паводле нашага даследавання, нашмат большы патэнцыял маюць пляцоўкі, якія належаць прыватнікам, у аптымальным варыянце гэта наогул нейкая калектыўная адказнасць за прастору. Акурат гэтыя пляцоўкі ні горад, ні дзяржава бачыць не хочуць”.
Мапа знаходзіцца ў адкрытым доступе, таму мяркуецца, што яе будуць выкарыстоўваць у грамадскіх мэтах, незалежна ад пасады ці поглядаў карыстальніка. Чым больш карыстальнікаў, тым лепш.
Спектр карыстальнікаў аўтарам бачыцца сапраўды шырокім: пачынаючы ад прадстаўнікоў малога бізнесу, якія хочуць адкрыць кавярню (яны могуць пацікавіцца, дзе збіраюцца людзі і з якой мэтай) і ажно да чыноўнікаў у вялікіх кабінетах. Прыкладам, калі чыноўнікі ўбачаць, што ёсць пляцоўкі, якія фактычна выконваюць ролю плошчаў, але фармальна такімі не з’яўляюцца, дык чаму б не назваць рэчы сваімі імёнамі? Напрыклад, Камароўскую плошчу альбо Партызанскую.
Каманда плануе і надалей працаваць у тым жа кірунку, вывучаючы іншыя слаі і функцыі горада, сацыяльныя, рэлігійныя і спартовыя аб’екты – спіс можа быць доўгім.
“З кожным новым слоем мы будзем лепш разумець горад, – працягвае Задорын. – Мы ўжо маем пэўныя высновы, гіпотэзы, у прыватнасці, пра цэнтр Мінска і ягоныя межы. Выявілася, што цэнтр мае вельмі дакладнае ядро, пры гэтым ядры ёсць на перыферыі, дзе таксама збіраюцца людзі. Нашай асноўнай задачай было зразумець горад, паглядзець, як ён працуе, наколькі адрозніваецца ад таго, што нам хочуць убіць у галаву”.
Таксама ў планах аўтараў у будучыні адказаць на пытанне, што робіць грамадскія прасторы больш публічнымі, якія з іх паспяховыя, якія – не, які пазітыўны досвед можна было б пашыраць далей. Гэта робіцца для таго, каб людзі маглі камфортна пачувацца не толькі на Кастрычніцкай і Зыбіцкай, але і каб сама публічная прастора пашыралася.
Алесь Кіркевіч