Пяцісотгоднасць: назаві 20 знакавых кніг!

Беларускаму кнігадруку амаль 500 гадоў. І за гэты час на нашай тэрыторыі былі выдадзеныя тысячы найменняў кніг  – папулярных і не вельмі, мастацкіх і публіцыстычных, на мовах, што былі дзяржаўнымі ў розныя часы ў нашай краіне, а таксама на замежных. Яны выдаваліся з рознай інтэнсіўнасцю, на што ўплывалі абставіны і знешнія, і ўнутраныя. І ўсе гэтыя кнігі з’яўляюцца нашай культурнай спадчынай, аднаўленнем, папаўненнем і ўзбагачэннем якой займаецца ўжо сённяшняе пакаленне беларусаў.

З нагоды славутага для нашага народа юбілею, які гістарычна сведчыць пра беларусаў як прагрэсіўную і адукаваную нацыю, Згуртаванне “Бацькаўшчына” і Саюз беларускіх пісьменнікаў у межах абвешчанай кампаніі “Пяцісотгоднасць” запрашаюць разам скласці рэйтынг найбольш знакавых кніг за 500 гадоў беларускага кнігадруку.

Арганізатары просяць вызначыць не лепшую, а найбольш важную кнігу для нашай краіны: аўтарскую ці перакладную, рэнесансную ці новачасную, самае галоўнае – тую, што зрабіла ў свой час уплыў на грамадства ці на пэўную сферу і паўплывала на фармаванне беларускай нацыі.

Прапануем як аснову для абмеркавання спіс з 50-ці кніг аднаго з экспертаў. Дапоўніце яго ў каментарах іншымі найменнямі, якія вы лічыце важнымі і якія, на вашу думку, вартыя таго, каб трапіць у 20 самых важных кніг за пяцісотгоддзе. Спіс закрываецца 23 кастрычніка, а 26-га мы абвесцім галасаванне і будзем разам выбіраць ТОП-20 знакавых кніг Беларусі.

 

1. Францыск Скарына  “Біблія”

2. Фанцыск Скарына  “Малая падарожная кніжыца”

3. Сымон Будны  – “Катэхізіс”

4. Васіль Цяпінскі  “Евангелле”

5. Мікола Гусоўскі  “Песня пра зубра”

6. “Статут Вялікага княства Літоўскага»

7. Ян Вісліцкі  “Пруская вайна”

8. Андрэй Волан  – “Аб палітычнай і грамадзянскай свабодзе”

9. Сімяон Полацкі  “Сад шматколерны”

10. Саламея Пільштынава  “Авантуры майго жыцця”

11. Казімір Лашчынскі  “Трактат аб неіснаванні Бога”

12. Адам Міцкевіч – “Дзяды”

13. Адам Міцкевіч  – “Пан Тадэвуш”

14. Ян Баршчэўскі  – “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”

15. Іван Насовіч  – “Слоўнік беларускай гаворкі”

16. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч  “Пінская шляхта”

17. Францішак Багушэвіч  – “Дудка беларуская”

18. Яўхім Карскі – “Белорусы”

19. Янка Купала  “Жалейка”

20. Якуб Колас  “Новая зямля”

21. Максім Багдановіч – “Вянок”

22. Вацлаў Ластоўскі  “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік”

23. Максім Гарэцкі  “На імперыцялістычнай вайне”

24. Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі) – “Адвечным шляхам”

25.Ядвігін Ш.  “Золата”

27. Лукаш Калюга “Нядоля Заблоцкіх”

28. Натальля Арсеньева – “Пад сінім небам”

29. Андрэй Мрый – “Запіскі Самсона Самсуя”

30. Уладзімір Жылка  – “На ростані”

31. Міхась Зарэцкі  – “Голы звер”

32. Францішак Аляхновіч  – “У кіпцюрах ГПУ”

33. Кузьма Чорны  – “Сястра”

34. Сяргей Пясецкі  “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”

35. Уладзімір Дубоўка – “Выбраныя творы”

36. Іван Мележ – “Людзі на балоце”

37. Янка Брыль  – “Золак, убачаны здалёк”

38. Янка Брыль, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік  – “Я з вогненнай вёскі”

39.Васіль Быкаў – “Знак бяды”

40.Міхась Стральцоў  “Выбранае”

41. Уладзімір Караткевіч – “Каласы пад сярпом тваім”

42. Ларыса Геніюш – “Споведзь”

43. Янка Юхнавец  – “Яно”

44. Святлана Алексіевіч  – «У войны не женское лицо”

45. Мікола Ўлашчык  – «Была такая вёска”

 46. Ян Пятроўскі  – “Плятон” (кнігі дыялогаў Платона, перакладзеныя з старагрэцкай мовы).

47. Аляксандр Грыцанаў  – “История философии» (энцыклапедыя)

48. Рыгор Барадулін  – “Здубавецце”

49. Уладзімір Абушэнка  – “Основания культурсоциологии”

50.Уладзімір Конан  – “Адам Бабарэка”