“Пяцісотгоднасць” у Барысаве

Паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава наведалі Барысаў. Сустрэчы адбыліся ў гімназіі №1 – спачатку са старшакласнікамі, а потым з вучнямі малодшых і сярэдніх класаў. Свой выступ М. Скобла прысвяціў гісторыі беларускай кнігі. Юныя слухачы даведаліся, як ствараліся рукапісныя кнігі 700 гадоў таму, з чаго выраблялася старажытнае чарніла, якое не паблякла да нашых дзён, колькі валовых скураў ішло на выраб адной кнігі, чаму Ф. Скарына з’ехаў друкаваць свае кнігі ў далёкую Прагу, дзе працаваў “па сумяшчальніцтве” таксама каралеўскім садоўнікам (мала хто ведае, што сад ягоны быў дэкаратыўным і рос у вялізных гаршках). Да таго ж, Скарына быў паэтам і нават стаў класікам малітваслоўнага верша, узорам якога можна лічыць славутае: “Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих”. Прачытаўшы прысвечаныя іх вялікасці Кнізе і Мове вершы, М. Скобла завершыў свой выступ словамі таго ж Скарыны: “Усякаму чалавеку трэба дружбаваць з кнігай, бо яна люстэрка людскога жыцця і душэўныя лекі, уцеха – самотным, знявераным – помач. Ведайце, што скарбы – не дыяменты, не срэбра, не золата, а чалавечыя словы”.

Т. Грыневіч-Матафонава выканала песні на вершы Я. Купалы, Г. Бураўкіна, У. Дубоўкі, У. Караткевіча, якія не пакінулі абыякавымі ніводнага гімназіста. А на заканчэнне песню “Кура-шчабятура” спявачка прапанавала праспяваць усім разам – атрымаўся імправізаваны гімназічны хор. Самыя галасістыя і актыўныя вучні атрымалі сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Тэгі: