У межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “Пяцісотгоднасць”, прысвечанай юбілею беларускага друку, 22 лютага ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя М. Астроўскага ў Мінску паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева правяла творчую сустрэчу з навучэнцамі Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №10 будаўніцтва.
У пачатку імпрэзы Юля Цімафеева распавяла пра кампанію “Пяцісотгоднасць” і ўнёсак Францыска Скарыны ў развіццё еўрапейскага кнігадруку. Асноўнай жа тэмай сустрэчы зрабілася беларускамоўная паэзія – імпрэза ў тым ліку была прымеркаваная да Дня роднай мовы. Для чаго мы чытаем паэзію? Чым яна можа быць карыснай для кожнага чалавека? – задала пытанні будучым будаўнікам аўтарка. Аўдыторыя адказвала жвава і адкрыта, а любімых паэтаў Юлі Цімафеевай – Міхася Стральцова і Алеся Разанава – слухала, стаіўшы дыханне. Метафарай чаго могуць быць у вершах сараканожкі трамваяў, гліняныя чалавечкі і “сумкі, валізкі, торбы”, спрабавала разабрацца паэтка ў нязмушанай і вясёлай размове з маладымі слухачамі паэзіі.
У другой частцы імпрэзы Юля Цімафеева прэзентавала і ўласныя кнігі: паэтычныя зборнікі “Кніга памылак”(2014) і “Цырк” (2016). Немагчымасць адарвацца ад каранёў, выбар уласнай мовы, перадвызначанасць светапогляду чытаннем, а таксама залежнасць ад свайго імені – тэмы, якія закранала аўтарка ў сваіх вершах і гутарцы з падлеткамі.
Завяршылася сустрэча невялікай віктарынай, падчас якой падлеткі адказалі на пытанні па біяграфіі Францыска Скарыны і атрымалі прызы ад ГКК кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Фота – Альгерд Бахарэвіч