Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч спецыяльна для budzma.by даў каментар адносна завядзення грамадзянскай справы па ліквідацыі ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».
Барыс Пятровіч. Фота Вікі Трэнас, lit-bel.org
«Мы да апошняга спадзяваліся, што Міністэрства юстыцыі ўлічыць нашыя тлумачэнні адносна таго, што пасля апячатання памяшкання, у якім знаходзіцца офіс Саюза беларускіх пісьменнікаў, у нас фізічна не было магчымасці прадаставіць патрэбныя дакументы. На жаль, гэтага не адбылося. Такім чынам, найстарэйшая пісьменніцкая арганізацыя Беларусі, заснаваная яшчэ ў 1934 годзе Янкам Купалам і Якубам Коласам, можа спыніць сваё існаванне. Але мы паспрабуем ў судзе даказаць сваю правату. Аднойчы ўжо такое было, калі ў 2006-м годзе мы выйгралі справу ў Вярхоўным судзе. Паспрабуем яшчэ раз абараніць свае правы і даказаць сваю правату», — адзначыў Барыс Пятровіч.
Нагадаем, што 14 ліпеня ў офісе грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў» прайшоў ператрус, у выніку якога Следчым камітэтам РБ была канфіскаваная тэхніка і інфаносьбіты, офіс быў апячатаны. У той жа дзень ператрус адбыўся і кватэры старшыні ГА «СБП» Барыса Пятровіча, з якога была ўзятая падпіска аб нявыездзе і неразгалошванні. Пасля вобшуку адбылося блакаванне банкаўскага рахунку Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь, а таксама вынесеныя два папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі. Адно з іх было ў сувязі з непрадастаўленнем дакументаў, якія засталіся ў апячатаным памяшканні офіса.