10 серыялаў, з якіх можна пасмяяцца: ад чорных камедый да палітычных сатыраў

11.05.2024 Забавы Кіно

Палітычная інтрыгі, сямейныя разборкі, крымінал і нават пахаванне — зрабілі для вас падборку фільмаў, з якіх можна і смяяцца, і плакаць адначасова.



«Дрэнь» (Fleabag)

Жанр: камедыя, драма
Рэжысёры: Гары Брэдбір, Цім Кіркбі
Гады: 2016-2020

fleabag

Галоўная гераіня — адзінокая 30-гадовая жанчына, якая сутыкнулася з цяжкімі стратамі: пасля смерці маці памірае яе лепшая сяброўка. Флеабег, спрабуючы справіцца з горам, патанае ў алкаголі і выпадковых сексуальных сувязях, з-за чаго перыядычна трапляе ў прыгоды. Яе адносіны з сям’ёй таксама напружаныя: на свой дзень нараджэння бацька гераіні дорыць ёй сертыфікат на наведванне псіхатэрапеўта.

Серыял cумяшчае брытанскую камедыю з чорным гумарам і адначасова ўяўляе тонкую псіхалагічную драму пра выбар жанчыны ў сучасным свеце.

«Канец * * * **га свету» (the End of the F * * * ing World)

Жанр: чорная камедыя, крымінал, роўдмуві
Рэжысёры: Джонатан Энтвістл, Люсі Чарняк і іншыя
Гады: 2017-2019

end of world

Джэймс — складаны падлетак, якога пасля смерці маці выхоўвае бацька. Знаходзячыся ў эмацыйным ступары пасля страты блізкага чалавека, хлопец пачынае задавацца пытаннямі: «А што калі мне наканавана больш нічога не адчуць? Можа, я наогул псіхапат?». Праверыць гэта можна толькі адзін спосабам — выбраць сабе ахвяру. Ёю становіцца эксцэнтрычная Аліса, якая таксама перажывае вельмі няпросты пераходны ўзрост. Але замест жадання забіць Алісу Джэймс адчувае да яе эмпатыю і гатовы з ей хоць на край свету. Так і пачынаецца іх уцёк ад жорсткага дарослага свету.

У гэтым серыяле шмат добрых бакоў: ад запамінальнага аўтарскага стылю да таленавітай акторскай гульні. Карціна была адзначана мноствам узнагарод.

«Фарга» (Fargo)

Жанр: трагікамедыя, крымінал, драма
Рэжысёры: Ной Хоўлі, Майкл Апендаль, Дана Гансалес і іншыя
Гады: 2014-2023

Fargo-Season-4-Gangsters

«Фарго» — культавы трагікамічны серыял, натхнёны аднайменным фільмам братоў Коэнаў. Кожны сезон распавядае пра злачынствы, учыненыя ў Амерыцы: ад цынічных і дурных забойстваў у правінцыі да гісторый мафіі ў Нью-Ёрку.

Браты Коэны таксама ўнеслі свой уклад у стварэнне серыяла, выступіўшы ў ролі прадзюсараў. Так што чорны гумар, уласцівы коэнаўскім фільмам, прысутнічае і тут. Недарэчныя, месцамі абсурдныя персанажы, іронія над рознымі пластамі амерыканскага грамадства — усё гэта характэрна для «Фарго».

«Як прадаваць наркотыкі анлайн (хутка)» (How to Sell Drugs Online, fast)

Жанр: камедыя, драма, крымінал
Рэжысёры: Арні Фельдхузен, Ларс Мантаг
Год: 2019

drugs online

Нямецкі камедыйны серыял пра двух падлеткаў, Лэні і Морыца. Адзін пакутуе на анкалагічнае захворванне, а другога кідае каханая дзяўчына. Адчуваючы сябе нікому не патрэбнымі і кінутымі, хлопцы вырашаюцца на авантуру: яны пачнуць прадаваць лёгкія наркотыкі, разбагацеюць і дасягнуць жаданых мэтаў. Разумныя і адукаваныя ў IT-сферы, яны хутка разумеюць, як заваяваць давер пакупнікоў. Аднак на іх шляху ўзнікаюць новыя праблемы, калі сапраўдны крымінальны свет пачынае цікавіцца імі.

Гісторыя заснаваная на рэальных падзеях: у пачатку 2010-х 18-гадовы падлетак з Нямеччыны зарабіў мільёны даляраў на продажы забароненых рэчываў у інтэрнэце.

«У завязцы» (the Dry)

Жанр: драма, камедыя
Рэжысёр: Пэддзі Брэтнэк
Год: 2022

The Dry

Калі вам спадабаўся серыял «Дрэнь», хутчэй за ўсё, вам варта паглядзець «У завязцы». Галоўная гераіня, у адрозненне ад Флеабег, вырашыла завязаць са шкоднымі звычкамі і пачаць новае жыццё. Аднак раптоўная смерць бабулі прымушае Шэў вярнуцца ў родны гарадок у Ірландыі. Там яе чакае няпростая сустрэча з сямʼёй, якая стараецца падкалоць і нагадаць пра яе няўдачы і злоўжыванні алкаголем. Шэў трэба будзе выстаяць супраць нападак, разабрацца з сямейнымі праблемамі і, самае галоўнае, не сарвацца і не пачаць піць зноў.

«Рэжым» (The Regime)

Жанр: трагікамедыя
Рэжысёры: Стывен Фрырз, Джэсіка Хобс
Год: 2024

Regume

Нядаўна на экраны выйшаў доўгачаканы «Рэжым» з удзелам Кейт Бланшэт. Гэта палітычная сатыра пра канцлера з замашкамі дыктатара. За час свайго кіравання Алена становіцца ўсё больш падазронай, амаль паранаідальнай. Ёй усюды мрояцца ворагі, і нават сама маці-прырода паўстала супраць яе: жанчыне здаецца, што па яе палацы распаўсюджваецца цвіль, якая нясе смяротную пагрозу яе здароўю. Зрэшты, яе асяроддзе паспяхова падыгрывае гэтаму варʼяцтву.

«Рэжым» — гэта чорная камедыя пра чалавека, які атрымаў амаль бязмежную ўладу і пачаў губляць сувязь з рэальнасцю.

«Матрошка» (Russian Doll)

Жанр: камедыя, драма, фантастыка
Рэжысёры: Леслі Хедланд, Джэймі Бэбі, Эмі Полер
Год: 2019

Russian Doll

Галоўная гераіня, Надзя, амерыканка з габрэйскімі каранямі, святкуе сваё 36-годдзе. У разгар вечарынкі жанчына вырашае прагуляцца са сваім знаёмым, але раптам яе збівае машына. Аднак замест пекла ці раю Надзя зноў аказваецца на той жа вечарыне. Гэта адбываецца некалькі разоў: яна памірае і, быццам затрымаўшыся ў часовай пятлі, ажывае ў свой дзень нараджэння.

Надзі трэба будзе разабрацца, што адбываецца: ці сапраўды яна памерла? І чаму дзіцячыя траўмы і флэшбэкі з мінулага пачынаюць яе пераследаваць у гэты фатальны вечар?

«Матрошка» — гэта адначасова смешны і сумны фільм пра адзіноту, фаталізм і пошук сэнсу жыцця.

«Працэсы»

Жанр: трагікамедыя
Рэжысёр: Андрэй Кашперскі
Год: 2023

processy_result

Хто як не нашыя суайчыннікі разумеюць, насколькі абсурднай можа быць сістэма. «Працэсы» — якраз аб гэтым. Серыял, зняты беларускай камандай, падымае знаёмыя тэмы: рэпрэсіі, сілавікі і бязвольныя чыноўнікі. Адзінае, што аўтары серыяла робяць — даводзяць гэтыя сітуацыі да крайнасці. Так, напрыклад, у першай навеле «Ператрымка» ізалятары часовага ўтрымання настолькі перапоўненыя, што сілавікі вымушаны забіраць арыштаваных... да сябе дадому.

«Дрэнныя сёстры» (Bad Sisters)

Жанр: чорная камедыя
Рэжысёры: Дырбла Уолш, Юсефіна Барнебуш, Рэбека Гатвард
Год: 2024

Bad sisters

Свежая ірландская камедыя пра сясцёр, якія сабраліся пры трагічных абставінах — смерці мужа іх сястры Грэйс. Аднак замест смутку і слёз у адрас нябожчыка чутныя зʼедлівыя і зларадныя каментары. Падобна на тое, што жанчыны не моцна засмучаныя яго смерцю. Зрэшты, памерлы быў непрыемным, грубым чалавекам, які, на думку сясцёр, атручваў існаванне Грэйс. Але ёсць і тыя, каго смерць Джона ўсе ж засмуціла — яго страхоўшчыкоў. Цяпер ім трэба будзе выплаціць сямʼі нябожчыка немалую суму, таму страхавая кампанія вырашае правесці расследаванне і высветліць, ці сваёй смерцю памёр мужчына.

«Галяк» (Brassic)

Жанр: камедыя, крымінал
Рэжысёры: Рычард Стоддард, Джон Райт, Джордж Кэйн і іншыя
Год: 2019

Brassic

Яшчэ адна ірландская камедыя, на гэты раз пра сяброў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Яны вырошчваюць каноплі, крадуць машыны, трапляюць у розныя авантуры. У кожнага свае матывы: хтосьці цалкам уцягнуты ў гэты кругазварот і не ўяўляе свайго жыцця без рызыкі, хтосьці, наадварот, спрабуе выбрацца і стаць лепш. Але цёмныя справы зноў зводзяць сяброў разам.

У адрозненне ад многіх фільмаў падобнага жанру, серыял не пабудаваны на тыповых маскулінных прататыпах: у персанажаў нямала сваіх слабасцяў, а галоўны герой пакутуе на біпалярны разлад. Карціна таксама даследуе тэму рознасці пакаленняў і сацыяльныя праблемы, уласцівыя ірландскай правінцыі.

М. К., Budzma.org