Першая беларуская царква асвячаная ў Лондане

Беларуская ўніяцкая царква ў гонар святаначальніка Кірылы, біскупа Тураўскага і ўсіх святых заступнікаў Беларускага народу была асвячаная ў Лондане, Вялікабрытанія ў суботу, 17 студзеня. Гэта першая адмыслова пабудаваная ўніяцкая і каталіцкая беларуская царква ў замежжы і першая драўляная царква ў Лондане за 350 гадоў.

Першая беларуская царква ў Лондане

Больш за сотню беларусаў і людзей, якія цікавяцца Беларуссю, узялі ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды асвячэння першай беларускай уніяцкай царквы ў замежжы. Гэта беларуская каталіцкая царква візантыйскага абраду, які падобны да праваслаўнага богаслужэння. Яна падпарадкоўваецца Ватыкану.

“Гэта надзвычай важная падзея для беларускай грамады ў Брытаніі. Мы спадзяемся, што гэта царква аб’яднае ўсіх беларусаў замежжа”, – заявіў кіраўнік Беларускай каталіцкай місіі і ініцыятар узвядзення царквы айцец Сяргей Стасевіч.

Царква таксама ёсць прыкладам унікальнага высокатэхналагічнага праекту, якому няма роўных ні ў Беларусі, ні ў замежжы. Брытанскі архітэктар будынку правёў шмат часу ў палявых даследаваннях у Беларусі, каб зафіксаваць ацалелыя прыклады аўтэнтычнай драўлянай архітэктуры. Паводле гэтых узораў і была спраектаваная беларуская царква, якая абяцае стаць важным аб’ектам для Лондана. Гэта першая царква, пабудаваная з дрэва, якая паўстала ў Лондане ад 1666 году.

Першая беларуская царква ў Лондане

Збудаваная на 30-я ўгодкі Чарнобыля, царква таксама стала храмам-помнікам усім ягоным ахвярам. Пасля Боскай Літургіі, якая пазначыла пачатак дзейнасці царквы, таксама адбыўся выступ беларускага дырэктаркі Дабрачыннага чарнобыльскага фонду “Сакавік” Марыі Міцкевіч – унучкі Якуба Коласа і Янкі Маўра. На ўрачыстасцях прысутнічалі прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай амбасадаў ў Лондане, прадстаўнікі Ватыкану, іншых хрысціянскіх канфесій, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары з усяго свету.

Набажэнствы ў новазбудаванай беларускай царкве будуць праходзіць штонядзелі а 10:30. Адрас: Marian House Holden Avenue, London, N12 8HY

Тэкст: Айцец Сяргей Стасевіч

 Фота – Сяргей Сурыновіч