У суботу, 30 траўня, у Магілёве на тэрыторыі гарадскога пляжа, што на беразе Дняпра, адбыўся першы ў сваім родзе гарадскі пікнік. Яшчэ загадзя ў інтэрнэце разгарнулася шырокая рэкламная кампанія. Усім наведнікам былі абяцаныя гульні, цікавыя мерапрыемствы, разнастайныя забавы, смачная ежа і кава, вольны ўваход і выдатнае надвор’е. Умовы пры гэтым былі толькі дзве: наяўнасць добрага настрою і адсутнасць алкаголю.
Дарэчы, можна адразу зазначыць, што гэтую “грамадскую дамову” абодва бакі з гонарам выканалі.
Арганізатарамі пікніка выступіў Цэнтр гарадскіх ініцыятыў пры падтрымцы грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Пры гэтым ідэя знайшла водгук сярод многіх арганізацыяў горада. На пікніку можна было згуляць у лазертаг, фрысбі, настольныя гульні, валейбол і інш., пакатацца на конях, набыць прыгожыя handmade-сувеніры на кірмашы рамеснікаў, наведаць сеанс масажу, ёгі ці бодзі-арту, патанчыць, пабачыць незвычайныя хімічныя вопыты і нават атрымаць піражок усяго толькі за расказаны вершык. І ўсё гэта ў суправаджэнні жывой музыкі і да таго ж на беразе Дняпра.
Трэба адзначыць, што адсутнасць на мерапрыемстве алкаголю ніяк не паўплывала ні на колькасць наведнікаў, ні на добры настрой і жаданне “тусіць”. Да таго ж ёсць падазрэнне, што гэтым самым дамагліся таго, што звычайныя беларускія заўзятары гарадскіх мерапрыемстваў, якія на святах у адной палатцы набываюць чарку, а ў суседняй – скварку, цэнтралізавана адмовіліся ад удзелу (альбо добра стаіліся), выказаўшы тым самым сваю грамадзянскую пазіцыю.
Прыемным супадзеннем таксама стала тое, што гарадскі пікнік цудоўным чынам супаў з апошнімі званкамі ў школах Беларусі, і шматлікія выпускнікі перад уступленнем у дарослае жыццё вырашылі не бадзяцца па горадзе ў пошуках рознага кшталту напояў, якія з такой нагоды не прадавалі нідзе, а таксама наведалі гарадскі пляж і там самазабыўна танчылі пад жывы гук кавер-бэнда, елі марозіва і развітваліся з дзяцінствам.
Пікнік цягнуўся з 12 да 18.00, і ўвесь гэты час людзі прыходзілі і прыходзілі, размяркоўваючыся па тэрыторыі, складаючы клубы па інтарэсах, балазе Дняпро – рака шырокая, пляж доўгі, таму месца ўсім хапіла і, здаецца, хапіла б яшчэ.
Падчас мерапрыемства склалася ўражанне, што незадаволеных не засталося. Кожны знайшоў што-небудзь для сябе. І яшчэ не пакідала пачуццё таго, як насамрэч можна, проста творчы падышоўшы да працэсу, з колам аднадумцаў, без усялякіх падштурховак “зверху”, зрабіць свята цэламу гораду. Бо тыя, хто бываў у Магілёве, напэўна ведаюць, у якім стане доўгі час знаходзіўся гарадскі пляж, месца, якое дзякуючы свайму размяшчэнню ўжо даўно мусіла стаць цэнтрам гарадскога адпачынку.
Складана падлічыць рэальную колькасць наведнікаў, але відавочна было адно: такія мерапрыемствы неабходныя гораду, прычым не толькі Магілёву, а ўвогуле любому беларускаму гораду, дзе ёсць людзі, якія не развучыліся ўсміхацца. Пакуль невядома, калі і ў якім фармаце штосьці такое пройдзе зноў, але лета толькі пачынаецца, да вялікага свята Дажынак яшчэ далёка, таму будзем спадзявацца, што гэты першы пікнік не быў апошнім.
Застаецца падзякаваць арганізатарам за свята, якое яны зрабілі гораду. Свята добрага настрою і шчырых усмешак, якое, безумоўна, атрымалася. Ну, і за тое, што нагадалі магілёўцам, што тыя жывуць не дзе-небудзь, а на беразе незаслужана забытага Дняпра – калісьці галоўнай ракі ўсходніх славян.
Арцём Іваноў, фота – Марыя Гілёва
Тэгі: Магілёў