Давайце на момант забудзем, што ёсць насамарэч для нас Курапаты. Забудзем, каб эмоцыі не перашкаджалі аб’ектыўнаму ўспрыяццю сітуацыі. І праблему, якая складваецца апошнімі часамі вакол дадзенай гісторыка-культурнай каштоўнасці разгледзім толькі з фармальнага, прававога пункту гледжання.
Шмат было размоваў вакол так званага “Бульбаш-холу”. Пэўныя рухі ў дачыненні да летніх домікаў-павіл’ёнаў, якія патрапілі ў межы зоны аховы Курапат. працягваюцца і зараз, пра што сведчыць адбыўшаяся прэс-канферэнцыя удзельнікаў грамадскай ініцыятывы па ініцыяванню грамадзянскага працэсу ў дачыненні да Генпракуратуры.
Але неаднаразова прыходзілася папярэджваць пра асноўную небяспеку для гісторыка-культурнай каштоўнасці, а, менавіта, пра ўсходнюю мяжу ўрочышча, не прыкрытую зацвержанай ва ўстаноўленым парадку зонай аховы, і распрацоўку праектнай дакументацыі на ўзвядзенне выставачнага цэнтра па ініцыятыве Гандлёва-прамысловай планы на ўсход ад помніка.
Неаднаразова выказвалася думка, што аб’екты прыдарожнага сэрвіса на захад ад Курапат, нават тыя чатыры летнія збудаванні будуць з цягам часу ўспрымацца, як меньшае зло ў параўнанні з той навалай, якая насоўваецца на гісторыка-культурную каштоўнасць з усходу. І што нельга замыкацца толькі на рэстаранным комплексе, трэба ацэньваць сітуацыю з усіх бакоў і вызначаць прыярытэты ў працы па абароне помніка. Тым больш, што сам рэстаран, акрамя чатырох павільёнаў заканадаўства і рэгламенты ахоўных зон не парушае.
І, на жаль, меркаванне, якое неаднойчы агучвалася, зараз пераўтвараецца ў рэальнасць. Ужо з’явіліся ў сеціве першыя ластаўкі – адзінкавыя рэндэры эскізных прапрацовак выставачнага цэнтру, згодна якім ахоўнай, буфернай, зоны з усходу ад Курапат увогуле не будзе, яе паспяхова нашыя праектыроўшчыкі замяняюць на пласкасную наземную аўтастаянку.
А гэта немагчымасць у перспектыве выявіць і пазначыць на мясцовасці “дарогу смерці” і страта перспектыўнай магчымасці ўзвядзення побач з помнікам гісторыі музейна-даследчага цэнтру, прысвечанага аднаму са змрочных перыядаў нашай гісторыі – рэпрэсіям савецкай дзяржавы супраць уласнага насельніцтва. Гэта гаспадарчая дзейнасць на самай мяжы гісторыка-культурнай каштоўнасці.
І вяртаючыся да права. У чарговы раз заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ігнаруецца, бо п. 3 арт. 29 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” забараняе распрацоўку “горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі, а таксама іншай праектнай дакументацыі, рэалізацыя якіх можа аказаць уздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці, без нанясення ўстаноўленых зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або без іх устанаўлення”.
У чарговы раз ва ўгоду чарговага інвестпраекта прагібаюцца нарматыўна-прававыя акты, тэхнічныя нарматывы, і пачынаецца ўсё на стадыі нават не праектавання, а стадыі прыняцця рашэння. Прымаецца рашэнне, а затым цэлы шэраг ведамстваў працуе, каб сваімі ўзгадненнямі легітымізаваць гэтае неправавое рашэнне, упакаваць яго ў псеўдазаконную абалонку.
Дзякуй Богу, што ёсць людзі, якія разумеюць небяспеку склаўшайся сітуацыі. Дзякуй Богу, што працаваць з гэтымі парушэннямі прыходзіцца не ў самоце, а адчуваючы плячо адзінадумцаў. Будзем спадзявацца, што разам удасца адстаяць ад апаганьвання чарговы помнік, і не проста помнік, а месца агульнанацыянальнага болю, месца агульнанацыянальнай жалобы.
Праектная прапанова па выставачнаму цэнтру: