Гістарычна-музычны асветніцкі праект “Хай радасць з вачэй нашых блісне! Песні філаматаў і філарэтаў”, прэзентацыі якога ўжо адбыліся ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і пры падтрымцы МГА “Гісторыка” ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Гародні, Берасці, Полацку, Наваградку, Слоніме ды іншых беларускіх гарадах, нарэшце дабраўся і да Гомеля.
Арыгінальныя песні на словы А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, А. Э. Адынца і мелодыі пераважна з рукапіснага нотнага зборніка, складзенага жонкай аднаго з заснавальнікаў Таварыства філаматаў, Т. Зана, Брыгідай Свентажэцкай у 1855 годзе (яго нядаўна адшукала ў віленскім архіве музыказнаўца Святлена Немагай), прагучалі ў выкананні А. Жбанава на гістарычным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.
Слухачы, сярод якіх былі як студэнты, так і выкладчыкі гістфака, а таксама прадстаўнікі філалагічнага факультэта ГДУ, атрымалі магчымасць адчуць сябе ўдзельнікамі сяброўскіх сходак філаматаў і філарэтаў, падпяваючы па адмысловых спеўніках, падрыхтаваных МГА “Гісторыка”.
“Песню Марылі” (яе, паводле ўспамінаў сучаснікаў, часта напявала каханая А. Міцкевіча Марыля Верашчака) прачула выканала гомельская студэнтка Марыля. На песні “Зноў вярнуць вякі б нам тыя” прысутным традыцыйна прапанавалі кубачкі малака, якое было адным з яркіх сімвалаў філамацкага і філарэцкага жыцця. У канцы імпрэзы ўвага слухачоў была звернутая на дзейнасць і мэты кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Увечары таго ж дня тры песні з праекту прагучалі ў канцэрце “Прэм’еры alla classic”, што прайшоў у зале палаца Румянцавых і Паскевічаў, у суправаджэнні Камернага аркестра Гомельскай абласной філармоніі. Публіка з захапленнем успрыняла незвычайны музычны эксперымент, ініцыятарам якога стаў мастацкі кіраўнік і дырыжор аркестра Уладзімір Авадок.
Тэгі: Гомель