Вось вам тэкст: «Дранікі ў рэстаране апынуліся такімі смачнымі, што я іх адразу пакахаў. Я пазычыў паспытаць іх кожны дзень. Распавёў сябрам і паказаў накірунак на мапе — хай знаюць і ўзгадваюць, дзе гатуюць гэткую смакату!»
Sojka.io прапануе разабрацца ў тых сінанімічных парах ці нават тройках блізказначных словаў, ва ўжыванні якіх мы найчасцей робім памылкі.
Малюнак Ксеніі Лагавой
Кірунак + напрамак = накірунак
Ёсць два раўназначныя словы «кірунак» і «напрамак», а вось слова «накірунак» — гэта злепак з гэтых сінонімаў. «Накіраваць» кагосьці кудысьці можна, а вось ад «накірунку» лепей пазбаўляцца.
Успомніць + згадаць = узгадаць
Тое ж тычыцца і дзеяслова «ўзгадаць», які ўтварыўся ў выніку склейкі сінонімаў «успомніць» і «згадаць». Адсутнасць яго ў слоўніках і прысутнасць у падручніках пра культуру мовы — таму пацверджанне.
Расказваць — распавядаць
Слоўнікі разам з мовазнаўцамі хорам сцвярджаюць, што па-беларуску слушна «расказваць» гісторыі ці плёткі, а «распавядаць» — гэта ўкраінізм, шчодра прыўнесены ў беларускую мову Уладзімірам Караткевічам (зазірніце ў корпус беларускіх тэкстаў bnkorpus.info). Самае галоўнае — памятаць, што «расказваць» — не русізм, бо ў беларускай мове ёсць і казаць, і казка, і заказваць, і пераказ і яшчэ мноства аднакарэнных словаў.
Бясплатна + дарма — бескаштоўна
Па-беларуску атрымаць нешта і нічога не заплаціць можна «бясплатна», то бок «дарма». А вось «бескаштоўна» — гэта свежы ўкраінізм, які мы пазычаем у паўднёвага суседа, каб не гаварыць гэтак жа, як усходні сусед.
Любіць і кахаць
«Любіць» — гэты дзеяслоў спалучаецца з любым аб’ектам сімпатыі: можна любіць дранікі, Радзіму, маму, дачку, жонку, лецішча, мора ці паспаць. А вось «кахаць» у сучаснай беларускай мове можна толькі партнёра ці партнёрку. Так, у літаратуры можна сустрэць спалучэнні «каханая мама», «каханы мой край», але гэта ўласціва ўзнёсла-паэтычнаму стылю з мэтай выражэння найвышэйшай ступені пачуцця.
Знаць і ведаць
Паводле тлумачальнага слоўніка, «знаць» супадае з «ведаць» практычна ва ўсіх значэннях, проста «знаць» яшчэ можа быць і пабочным словам (Пакараў мяне, знаць, бог!), а ведаць можна яшчэ нечым (ведаць складам або крамай, то бок кіраваць).
Але яшчэ Ластоўскі ў 1923 годзе пісаў, што паміж гэтымі словамі ёсць розніца ў лексічным значэнні: «Можна чалавека знаць зь ягоных адзнакаў фізычных: аблічча, паходкі, мовы, але ня ведаць, хто і што ён такое ў сваёй душы. Нельга казаць: «Я знаю, дзе ён», а трэба: «Я ведаю, дзе ён»; «ці ведаеш Тамаша», а трэба: «ці знаеш Тамаша»». Такім чынам «знаць» — гэта пра знаёмства з чымсьці, а «ведаць» — пра веды. Таму ў эміграцыі навукі называліся «моваведа», «прыродаведа», але ў літаратурнай мове ўсё ж замацавалася «мовазнаўства», «прыродазнаўства».
Апынуцца і аказацца
Абодва словы ёсць у беларускай мове, але яны не ўзаемазамяняльныя. Рэч у тым, што ў слова «апынуцца» ёсць толькі адно значэнне — трапіць куды-небудзь, у нейкае месца ці становішча. А ў слова «аказацца», апроч гэтага значэння, ёсць яшчэ і іншыя: выявіцца, высветліцца (Мікола аказаўся добрым настаўнікам. Аказалася, што яны ведалі адно аднаго) і знайсціся (Добра, што ў яго аказаліся грошы). І ў гэтых кантэкстах ужыванне слова «апынуцца» будзе ўжо памылкай.
Зараз і цяпер
Паводле тлумачальнага слоўніка, «цяпер» і «зараз» супадаюць у адным значэнні (у цяперашні момант), але ў «зараз» ёсць яшчэ некалькі значэнняў: у самым хуткім часе, неўзабаве, неадкладна. І многія літаратары і мовазнаўцы сыходзяцца на тым, што гэтыя словы варта размяжоўваць: цяпер я чытаю артыкул, а зараз пайду піць гарбату.
Работа і праца
У многіх значэннях гэтыя словы супадаюць: хадзіць на работу і хадзіць на працу, узяцца за работу і ўзяцца за працу. Калі гаворка пра фізічную дзейнасць чалавека, то тут часцей выкарыстоўваецца «праца»: разумовая праца, фiзічная праца, а калі пра функцыянаванне органа ці механізма, то «работа»: работа сэрца, работа рухавіка.
Мовазнавец Юрась Бушлякоў зазначаў: «Называючы вытворчую чыннасьць або прымусовую актыўнасьць, слова работа рэгулярна ўжываюць у форме множнага лiку: будаўнiчыя работы, сельскагаспадарчыя работы, папраўчыя работы й г.д. ... У сваю чаргу форма працы дарэчы пры размове пра творы, якiя сталi вынiкам мысьленчай, разумовай актыўнасьцi чалавека (скажам, да прыкладу, што ў сьвет выйшлi навуковыя працы). Характарызуючы якасьць, а таксама спосаб выкананьня нечага, ужываем слова работа: рэч выдатнай работы, твор ручной работы, замок кавальскай работы й г. д.»
Хацець + жадаць + зычыць
Словы «хацець» і «жадаць» блізкія, але валодаюць рознай ступенню інтэнсіўнасці: «хацець — жадаць — прагнуць» можна размясціць на 10-бальнай шкале жаданняў, і тады ад 1 да 5 будзе «хацець», ад 6 да 8 — «жадаць», а ад 9 да 10 — «прагнуць».
Няварта паўсюль замяняць «хацець» на «жадаць», а «жадаць» на «зычыць» — давайце рабіць гэта асэнсавана. Калі мы возьмем віншавальны кантэкст, то, паводле тлумачальнага слоўніка, здароўя можна і жадаць, і зычыць (хаця Вінцук Вячорка сцвярджае, што выраз «жадаю вам» узнік пад уплывам рускай мовы). У зычэннях будзе дарэчы сказаць: Я зычу табе дабрабыту! Я жадаю, каб ты была шчаслівая! Я хачу табе пажадаць сапраўднага кахання!
Галоўнае, памятайце, што «пазычыць здароўя ці шчасця» вам наўрад ці ўдасца. Пазычыць можна грошы ці кнігу — то бок даць ці ўзяць на час.
Адчыніць — адкрыць — разнасцежыць — адамкнуць — адсланіць — разгарнуць — расплюшчыць — распачаць — расхінуць — адкаркаваць
Рускае «открыть» на беларускую мы перакладаем мінімум 10 сінонімамі — і гэта не мяжа! Проста ўсё залежыць ад кантэксту — з чым менавіта мы робім гэтае дзеянне. «Адкрываем» новую зорку, новую школу, паклады руды або Амерыку. «Адчыняем» мы дзверы, вокны, куфар. «Разгортваем» кнігу ці падручнік, а «расплюшчваем» вочы. Фіранкі або шторы можна «расхінуць», каб упусціць святло ў пакой, засланку ў печы можна «адсланіць», а бутэльку віна — «адкаркаваць». Дзверы, замкнёныя на ключ, можна «адамкнуць» ці нават «разнасцежыць» — адчыніць насцеж. А сход або мерапрыемства мы звычайна «распачынаем».