Маляўнічыя біты — у першы дзень лета на лэйбле Radio Plato выходзіць сінгл Spaintape з новага альбома Patapenka
Альбом будзе называцца Utulna. «Гэта дзесяць музычных замалёвак, зробленых у розных гарадах і краінах. Дзесяць музычных замалёвак кахання, прыроды і падарожжаў», — так апісвае альбом сам Patapenka. Ён, як і класічныя імпрэсіяністы, выпраўляўся ў прыгожыя, маляўнічныя месцы падчас падарожжа па Еўропе, на свае музычныя пленэры, каб атрымаць уражанні і ўвасобіць іх праз гульню павольных бітоў, кароткіх фартэпіянных пасажаў і абвалакваючага баса.
Гэтую серыю эцюдаў можна паўсюль насіць з сабой у кішэні і даставаць, калі маеш патрэбу спыніцца на 20 хвілін, аглядзецца вакол і ўбачыць, у якім прыгожым свеце мы жывем.
Ад зараз можна паслухаць першы трэк Spaintape і замовіць увесь альбом. А 17 чэрвеня альбом стане дасяжны для праслухоўвання цалкам.
Patapenka — музыкант, прадзюсар, выкладчык і заснавальнік midi.by (Ableton School у Менску), праз якую прайшлі Shuma, Palina, Mustelide, Zabelov і шмат іншых вядомых сучасных беларускіх музыкаў. Яго ты таксама можаш ведаць пад псеўданімамі Lipski і Gip Gipz, трэкі якіх выходзілі ў тым ліку на лэйбле Radio Plato у кампіляцыі Rajsn-elektronik: Jewish-Belarusian electronic music.