Радыёстанцыя “Сталіца” адказала падзякай на падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Зусім нядаўна кампанія “Будзьма беларусамі!”, з мэтай папулярызацыі беларускамоўнай музычнай творчасці, разаслала па ўсіх радыёстанцыях і Дамах культуры Беларусі дзве музычныя складанкі, выдадзеныя пры падтрымцы кампаніі, – “Тузін.Перазагрузка” і “The Best Rock”.

Вельмі прыемны водгук на гэтую ініцыятыву быў атрыманы ад радыёстанцыі “Сталіца”, якая ўжо на працягу многіх гадоў падтрымлівае беларускамоўных выканаўцаў і радуе слухачоў іх музычнымі творамі. Апрача гэтага, “Сталіца” рэгулярна ладзіць жывыя эфіры з беларускімі гуртамі і спевакамі, заўжды з павагай і імпэтам ставіцца да айчыннага музычнага мастацтва.

Дырэктар радыёстанцыі “Сталіца” Алег Зігфрыдавіч Міхалевіч:
“Вялікі дзякуй за дасланыя зборнікі і справу, якую Вы робіце. Якасных айчынных і асабліва беларускамоўных кампазіцый у эфіры сталічных радыёстанцый яўна не хапае. Зборнік “Тузін. Перазагрузка” варта адзначыць асабліва. Няхай будзе працяг, бо ідэя цудоўная! Радыёстанцыя “Сталіца” не цураецца і рок-музыкі. Дастаткова паслухаць наш эфір, каб у гэтым пераканацца”.

Сп. А. З. Міхалевіч таксама зазначыў у сваім лісце, што спадзяецца на плённае супрацоўніцтва з кампаніяй “Будзьма беларусамі!”

У сваю чаргу кампанія “Будзьма беларусамі!” выказвае сваю шчырую падзяку радыёстанцыі “Сталіца” за яе пастаянны клопат па падтрымцы беларускай культуры і заўсёды гатовая да супрацы з яе неабыякавым да беларушчыны калектывам.