11 мая пісьменніцы, перакладчыцы, аўтарцы кніг для дзяцей, літаратурнаму рэдактару, сябру Рады нашай арганізацыі Раісе Андрэеўне Баравіковай спаўняецца 70 гадоў. Шчыра віншуем! Напярэдадні дня нараджэння Раіса Андрэеўна пагутарыла з журналісткай Алесяй Лапіцкай.
Раіса Баравікова. Фота: Алена Казлова
— Спадарыня Раіса, як так склалася, што пры выбары ВНУ вы вырашылі вучыцца ў Маскве, на аддзяленні перакладу Літінстытута?
— Усё пачыналася з выпадковасцей. Закончыла сярэднюю школу ў горадзе Бярозе, рана пачала пісаць вершы, наведвала там літаратурнае аб’яднанне, якім кіраваў вядомы журналіст Яўген Васільевіч Сяленя. Гэтае літаб’яднанне таксама наведвалі Алесь Разанаў, Ніна Мацяш, Анатоль Казловіч, Зіна Дудзюк… Па заканчэнні школы ў 1965 годзе паступала на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, але не дабрала аднаго бала. Бацькі ў той час пераехалі на Магілёўшчыну, там я неяк завітала ў Быхаў, дзе жылі сваякі. Дзядзька, у якога гасцявала, пачытаў мае вершы, параіў занесці ў раёнку “Маяк Прыдняпроўя”, што я і зрабіла. Паказала сшытачак з вершамі галоўнаму рэдактару Георгію Ерамеевічу Барысаву. А ён прапанаваў паўдзельнічаць у конкурсе на вольную стаўку карэспандэнта. Разам з двума хлопцамі, якія таксама не паступілі ў інстытуты… У тым конкурсе перамаглі мае рэпартажы з мясцовай школы-інтэрната, з элеватара. Іх надрукавалі, а мяне ўзялі на працу ў “Маяк Прыдняпроўя”.
І вось неяк у лютым у рэдакцыю завіталі вядомыя паэты Аляксей Пысін і Васіль Матэвушаў, адбылося наша знаёмства. Аляксей Васільевіч Пысін сказаў, што сочыць за маёй творчасцю і нават запрасіў выступіць разам з імі ў раённым доме культуры. Так адбылося маё першае публічнае выступленне з вершамі. Гэты момант вельмі выразна застаўся ў памяці. А потым быў тэлефонны званок ад Аляксея Васільевіча. Ён распавёў, што ў Літінстытуце імя Горкага ў Маскве плануюць арганізаваць групу (5 – 6 чалавек) з творчай моладзі на аддзяленне мастацкага перакладу, каб выпускнікі маглі перакладаць з рускай мовы на беларускую, і наадварот, з беларускай на рускую. Пысін параіў паспрабаваць… Я падрыхтавалася, прайшла творчы конкурс і стала студэнткай на той час вельмі прэстыжнай навучальнай установы. Можна сказаць, так збегліся абставіны. У інстытуце творчы семінар у нас вёў вядомы паэт і перакладчык Леў Адольфавіч Озераў, які быў добра знаёмы з Барысам Пастэрнакам, з Ганнай Ахматавай, здаралася, што пісаў прадмовы да іх кніг, і выдатна перакладаў літоўскую паэзію. Разам са мной вучыліся Іван Ласкоў, Ала Кабаковіч, Люба Філімонава, Таццяна Савіцкая. Ала, як і я, была родам з Берасцейшчыны – мы пасябравалі, і гэтае сяброўства з часам рабілася вельмі блізкім. Больш такога ў мяне не было. Ала шмат для мяне значыла як крытык, літаратурны навігатар. Ды і ў чыста жыццёвых пытаннях я таксама арыентавалася на яе думку, але, на жаль, яна заўчасна пакінула гэты свет… Мне яе не стае да гэтага часу. Ала Кабаковіч была для мяне ў розных сэнсах Вялікай жанчынай.
— Як у Літінстытуце ставіліся да студэнтаў з розных рэспублік СССР?
— Да беларускіх, як і да іншых студэнтаў, ставіліся вельмі добра. Тады ў літінстытуце ўсім выкладалі сваю нацыянальную мову. Нам беларускую мову выкладаў Алесь Рыбак – беларускі пісьменнік. Ён працаваў перакладчыкам пры Савеце міністраў СССР. Тады ў Крэмль дакументы з усіх рэспублік афіцыйна паступалі на нацыянальных мовах. І Алесь Пятровіч перакладаў беларускую дакументацыю на рускую мову. Часам мы хадзілі здаваць залікі да яго на працу… у Крэмль. Акрамя беларускай і рускай мовы мы вывучалі польскую мову – унеслі гэту прапанову ўсёй групай, і нам знайшлі пані Мар’ю Даліньскую, якая жыла ў Маскве, але была сябрам польскага саюза пісьменнікаў. Яна нават вазіла нас на палёнікум – міжнародныя курсы паланістаў. Мы месяц вучыліся польскай мове ў Варшаўскім універсітэце, ездзілі па Польшчы, знаёміліся з маладымі польскімі пісьменікамі.
Вучыцца ў Маскве было цікава. Некалькі разоў я была ў гасцях у Канстанцыі Буйла. Канстанцыя Антонаўна паказвала падшыўкі “Нашай Нівы”, згадвала маладога Купалу. Некалькі разоў яна тэлефанавала ў інтэрнат на вахту, запрашала на абед – і я да яе заязджала на Ціхвінскі завулак, дзе яна жыла. У яе быў гучны голас, яна прыгожа, неяк залівіста смяялася… Зімою яна любіла гатаваць печаныя яблыкі: “Частуйцеся, Раечка, гэта сапраўдная антонаўка, наша, беларуская… Еду на беларускі вакзал, мне яе спецыяльна прывозяць… Бо я Антонаўна, як жа без антонаўкі…” Потым, ужо значна пазней, калі яе не стала, нейкі час я падтрымлівала стасункі з яе нявесткай і сынам, які спрабаваў перакладаць яе вершы на рускую мову. Былі і іншыя прыемныя моманты ў Літінстытуце, а часам здараліся і кур’ёзы…
Напрыклад, мой верш “Я — дзяўчынка на шары…” вельмі падабаўся Озераву. Ён любіў мастацтва, жывапіс, і калі я чытала гэты верш, у яго, відаць, адразу паўставала славутая карціна французскага мастака “Дзяўчынка на шары”. Аднойчы ён прапанаваў мне прыняць удзел у літаратурнай сустрэчы ў знакамітым Палітэхнічным музеі. Там тады выступалі вядомая армянская паэтэса Сільва Капуцікян, Юрый Окунеў, Роберт Раждзественскі. Я прыйшла ў сваёй найлепшай блакітнай сукенцы-кімано з нейкім ашаламляльным жабо… Усе іншыя былі апрануты вельмі проста, і я жахліва збянтэжылася, ледзь не плакала. Леў Адольфавіч даў мне свой пуловер, каб схавалася гэтае ганебнае, як мне тады здавалася, жабо.
Вокладка Міколы Селяшчука да зборніка Раісы Баравіковай “Слухаю сэрца”
— Ці цікавіліся студэнты і выкладчыкі беларускай літаратурай, якія імёны былі найбольш паважанымі, а творы – найбольш чытанымі?
— Да беларускіх пісьменнікаў, мастакоў у Маскве ставіліся з цікавасцю. Калі мы вучыліся, выйшла кніга “Аист на крыше” Рыгора Барадуліна у перакладзе Ігара Шклярэўскага. Гэта была з’ява! Кніжку куплялі, распытвалі нас пра Барадуліна. Ігар Шклярэўскі быў вядомы паэт у Маскве – і тут раптам такое адкрыццё беларускай паэзіі! Потым Ала Кабаковіч пераклала “Рэквіем” Анатоля Вярцінскага. Яго надрукавалі ў “Дружбе народов”, і ўсе адразу зацікавіліся. Аказваецца, у Беларусі кожны чацвёрты быў забіты падчас вайны – для многіх савецкіх чытачоў гэта было адкрыццём. У “Дружбе народов” тым часам ужо друкаваўся і Васіль Быкаў, які неяк адразу стаў адным з найлепшых празаікаў у СССР.
Тымі гадамі нашай вучобы ў Маскве часта праводзіліся тыдні літаратур савецкіх народаў. Помню, на адзін з такіх тыдняў беларускай літаратуры запрасілі ледзь не ўсё пакаленне шасцідзесятнікаў: Вячаслаў Адамчык, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Васіль Зуёнак, Уладзімір Караткевіч, Пятрусь Макаль, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў, Міхась Стральцоў, Іван Чыгрынаў… Чыталася шмат вершаў, і хоць многія з іх гучалі на беларускай мове – гэта быў такі фурор!.. Да нашай мовы была вялікая цікавасць, як, дарэчы, і да творчасці шасцідзесятнікаў, дзе ўжо тады, што ні імя – то зоркавае. Увогуле, да ўсёй шматнацыянальнай літаратуры стаўленне было асаблівае. У Цэнтральным доме літаратараў ладзіліся такія вечары, што конная міліцыя была! На вуліцы Герцэна – усё запруджана людзьмі!.. Гайкі пачалі закручвацца пасля 1968-га года, калі савецкія танкі ўвайшлі ў Прагу. Якраз тады і з’явіўся надзвычай моцны дэсідэнцкі рух, а хрушчоўская адліга сыходзіла на ніц, пачынаўся доўгі застойны час…
— Як ставіліся крытыкі і чытачы да вашай інтымнай лірыкі?
— Пачну з Літінстытута. У 1966 годзе памерла Ганна Ахматава, але ў літаратурных колах усё дыхала яе паэзіяй. Озераў аднойчы сказаў мне: “А паспрабуйце пісаць пра каханне, вас жа, як дзяўчыну павінны хваляваць гэтыя пачуцці”. Пачала спрабаваць сябе ў гэтай плыні, нешта пачало атрымлівацца. Калі ж прыехала ў Мінск, тут былі свае літаратурныя школы. Усе нармальныя людзі ўсё разумелі, але калі некуды прыносіш падборку вершаў, абавязкова трэба было мець 2-3 вершы-“паравозікі” – высокаграмадзянскія, ідэалагічныя – пра Леніна, пра кампартыю ці яшчэ што. Гэтыя вершыкі называлі паравозікамі, таму што яны выцягвалі. Два першыя вершы грамадзянскія, а далей можна было пра прыроду, каханне… У мяне “паравозікі” не атрымліваліся. Ніяк. Іх проста няма ў мяне. Ёсць пра Радзіму, але там – сад, лес, рэчка, поле плюс пачуцці, без аніякай ідэалогіі… Таму адразу ўзніклі праблемы. Помню, адну падборку прынесла ў Маладосць, тады загадчыкам аддзела паэзіі быў Мікола Якаўлевіч Аўрамчык. І ні слыху, ні дыху. Патэлефанавала, ён кажа: “Рая, трэба дадаць некалькі твораў на пачатак”. Прынесла яшчэ: зноў не тое! “Маладосць” жа тады была яшчэ і органам ЦК камсамола… У мяне ўжо і кніжка першая з’явілася, а я не магу ў “Маладосці” надрукавацца. Нават думалася: літінстытут – літінстытутам, а творчасць – творчасцю… Можа, кінуць усё і паехаць куды-небудзь у раёнку… Аднойчы мы сядзелі з Аленай Паповай, маёй шматгадовай сяброўкай. І я кажу: – “ Зраблю падборку пад псеўданімам – каб разыграць гэту рэдакцыю “Маладосці”. Быць не можа, каб іх і гэтыя вершы не зацікавілі. Дамо тваё фота (бо яе як рускамоўную аўтарку не надта ведалі). Хай так і надрукуецца, а я потым заяўлюся… вось ён сапраўдны аўтар!” Яна кажа: – “ Ну давай…” Мы з гэтага пасмяяліся… Я тады працавала ў “ЛіМе”, і неяк у пятніцу засталася ў машынным бюро, вершаў 12 надрукавала і напісала: “Паважаная рэдакцыя, пішу вершы, калі спадабаюцца, можаце надрукаваць”. Падпісалася – Зося Гоман. Ішла дадому, кінула ў скрынку. Раптам у сераду рана звоняць у дзверы. Пазнаю голас – Мікола Якаўлевіч. Ён здзіўляецца – ты тут жывеш, дык ты нам і вершы прыслала? Галоўны рэдактар Генадзь Мікалаевіч Бураўкін адразу сказаў, што вершы ад Зосі Гоман – гэта падвох. Так усё і раскрылася. А Генадзь Бураўкін сказаў ставіць гэту падборку адразу ў нумар, нават без “паравозікаў”. Пра гэты казус пісьменнікі даведваліся, было шмат жартаў… І да маёй любоўнай лірыкі ўжо іншыя сталі адносіны.
Пісьменнікі наогул да маладых ставіліся добразычліва. Помніцца, на тэлебачанні была перадача пра маладых творцаў. І я папрасіла Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, каб ён пра мяне сказаў якое слоўка. Ён пагадзіўся. Але ў апошні момант, калі мы ўжо некалькі гадзін праседзелі на студыі, запіс перанеслі на наступны дзень. Генадзь Мікалаевіч тым днём збіраўся ад’ехаць у санаторый. Я думала, што, ну ўсё, ніякай перадачы не будзе. А ён прыйшоў ранічкай на запіс, сказаў: “Хіба я мог падвесці!” Такое застаецца незабыўным.
Анатоль Бутэвіч, Васіль Зуёнак, Раіса Баравікова. Фота Вікі Трэнас
— Ці не падаваліся асобныя вашы творы занадта эпатажнымі ў 1970-я гады?
— Так атрымалася, што за мною неяк замацавалася тэма кахання… 1977 год, працую у ЛіМе ў аддзеле інфармацыі і пісем. Мяне толькі-толькі прынялі ў СБП. Галоўны рэдактар – Алесь Харытонавіч Асіпенка – вельмі патрабавальны, адказны, а па жыцці – вядомы празаік, добры, спагадлівы чалавек… Я была на бюлетні, але пра гэта не папярэдзіла ў рэдакцыі. У маю адсутнасць назбіралася кіпа розных допісаў. Ну і зразумела, я атрымала, як след, ад Алеся Харытонавіча. Расхвалявалася, неймаверна пакрыўдзілася і тут жа напісала заяву на звальненне… Тады – не шыкоўна, але можна было пражыць і на ганарары, тым больш працавала Бюро прапаганды мастацкай літаратуры. І вось праз некалькі тыдняў пасля звальнення сустракаю Алеся Харытонавіча, які адразу прапанаваў прынесці вершы – і як мага больш. Кажу яму: “А ў мяне любоўная лірыка, вы любоўнае надрукуеце?..” “Так, надрукую, жыць жа табе за нешта трэба”. Ну, я і прынесла кшталту “Ля крыніцы бруістае вяне, / абранёны на шчасце вянок, / тут калісь палявалі славяне / на чужых даўганогіх жанок…” Ці вось гэтае: ” … Цяжэюць грудзі ад жадання, / засведчы сам усё і згінь, / ужо лунае жар спаткання / у шолахах начных вяргінь…” 1977 год! “ЛіМ”! А Алесь Асіпенка ўзяў і ўсё на цэлую паласу надрукаваў. Я была ўдзячна, пасля публікацыі было шмат званкоў мне дадому. Неяк так і замацоўвалася поле любоўнай лірыкі за мною.
— А як складаліся вашы адносіны з іншымі паэткамі?
— Мы з дзяўчатамі сябравалі, падтрымлівалі адна адну ў побыце, заставаліся калі трэба з дзецьмі. Свайго сына, калі здаралася якое выступленне, я часам пакідала на Жэню Янішчыц, сама ж аднойчы выручыла Веру Вярбу, пасядзела з яе маленькім сынам. А неяк заводзіла ў садок малога Руслана Вольгі Іпатавай. Што да творчасці, у нас не было канкурэнцыі, ва ўсялякім выпадку яна не адчувалася. Хіба што, тым далёкім часам існавала паняцце нейкай такой афіцыйнай прадстаўнічасці. Скажам, Еўдакія Якаўлеўна Лось часта прадстаўляла нашу жаночую літаратуру ў розных паездках, а Вера Вярба – задумліва-лірычная паэтка, больш камерная, як бы заставалася ў ценю. Пазней, такой афіцыйна-прадстаўнічай спрабавалі зрабіць Жэню Янішчыц, і ёй самой гэта не надта падабалася. Хутчэй, яна пакутавала ад гэтага. А ўвогуле, у нас многа таленавітых жанчын працавала і працуе ў літаратуры, маю на ўвазе сучасны дзень. Дзесьці ў Гродна – Данута Янаўна Бічэль – ужо даўно класік, у Мінску з майго пакалення – Галя Каржанеўская, Хрысціна Лялько, у Брэсце – Зіна Дудзюк… Помніцца артыкул Галі Каржанеўскай “Нас было многа!”. Сапраўды, нас было калісьці вельмі многа, нават літаратурны тэрмін узнік – “жаночая паэзія”. І цяжка ведаць, што і Ала Кабаковіч, і Жэня Янішчыц, і Ніна Мацяш, і Таня Сапач, і Валя Коўтун, і Вера Вярба, і Таіса Бондар, і Ала Канапелька ўжо недзе далёка, адкуль не вяртаюцца, чытаюць свае вершы толькі анёлам. А тое, што яны паспелі зрабіць, назаўжды ўплецена ў дзівосны, прыгожы вянок айчыннай паэзіі…
Фота: nastgaz.by
— Некалькі вашых п’ес былі пастаўлены ў беларускіх тэатрах. Наколькі гэта ўражвае – бачыць на сцэне ўласны твор?
— П’еса “Барбара Радзівіл” была пастаўлена Валерыем Мазынскім у тэатры беларускай драматургіі, “Пятля часу” – народным тэатрам у палацы чыгуначнікаў горада Магілёва. Помню, працавала ў часопісе “Алеся”, да нас часам заходзіў пісьменнік, гісторык Мар’ян Віж. Аднойчы ён прынёс вялізную кнігу беларускіх летапісаў некім яму падораную, пачаў мне зачытваць асобныя фрагменты… І вось дайшлі да Барбары Радзівіл, кароценькая гісторыя кахання на пяць сказаў – але які сюжэт!.. Гэта быў пачатак 1990-х, час нацыянальнага Адраджэння. Мар’ян Віж параіў напісаць калі не аповесць, дык п’есу, сказаў, што тут нават містыка можа адбывацца: “Барбара Радзівіл – ініцыялы БР, Раіса Баравікова – РБ. Літары імёнаў і прозвішчаў шмат што значаць у чалавечым лёсе, у вас напэўна нейкая сувязь праз гэтыя перастаўленыя літары”. Мяне гэта ўразіла – я загарэлася, пачала пісаць… Сяргей Кавалёў прывёз кнігу з Польшчы – “Барбара Радзівіл”. У нейкія моманты мне і сапраўды пачынала здавацца, што я нейкім чынам адчуваю, калі не ў сабе, дык побач прысутнасць Барбары Радзівіл. Як толькі драма была гатова, паказала Валерыю Мазынскаму і ён прапанаваў зрабіць сцэнічны варыянт – месцамі ўзмацніць, разгарнуць, некалькі сцэн дапісаць. Я гэта зрабіла, для мяне была вялікая спакуса напісаць для тэатра. Валерый тады вёў курс у Акадэміі мастацтваў, і гэту п’есу спачатку паставілі як дыпломную працу. А потым ужо Валерый Мазынскі ўзяў яе ў тэатр Беларускай драматургіі, дзе ён тады працаваў мастацкім кіраўніком. Спектакль ішоў з вялікім поспехам. Ролі выконвалі Юрась Жыгамонт, Ігар Сігоў, Анатоль Кот, Вольга Лужкоўская… Спектакль вазілі ў Варшаву – Вольгу пасля гастроляў нават запрасілі працаваць у адзін з польскіх тэатраў.
— У 2000-х гадах вы неаднойчы разважалі пра праблему запатрабаванасці беларускай літаратуры. Ці адбыліся за гэты час нейкія змены, якія дазвалялі б больш аптымістычна глядзець у будучыню?
— Я другі год удзельнічаю ў кампаніі “Чытаем па-беларуску з velcom”. Ведаеце, калі б яшчэ некалькі кампаній далучылася да ідэі папулярызацыі беларускай літаратуры, можна было б больш пісьменнікаў падключыць, часцей выязджаць у абласныя і раённыя цэнтры. І беларуская літаратура была б, ну скажам так, навідавоку. Раней дзейнічала бюро прапаганды пры СП – пісьменнікі ездзілі ў камандзіроўкі штотыдзень, непасрэдна праз саміх творцаў творы даходзілі да чытача. Гэта спрыяла запатрабаванасці. Цяпер пісьменнікі рэдка куды выязджаюць, літаратура рэкламуецца ў асноўным праз інтэрнэт. Але большасць людзей старэйшага пакалення не карыстаецца інтэрнэтам. Тут магу працытаваць радкі з уласнага верша: “Тады ў народа ёсць паэты, калі ў паэтаў ёсць народ”, іншымі словамі – чытач! Дзеткі шмат дзе добра валодаюць мовай, ёсць зацікаўленыя настаўнікі, але прывіць сапраўдную, вялікую любоў да роднага слова – гэта ў значнай ступені справа пісьменіка. Тут дапамагае яго талент, прыцягальны яркасцю і непаўторнасцю.
— Дзякуючы вам, увага да фантастычнай літаратуры дагэтуль застаецца адным з галоўных трэндаў часопіса “Маладосць”. Як адбыўся ваш зварот да гэтага жанра
— У мяне было таямнічае дзяцінства. Адбывалася шмат неверагодных рэчаў, на якія я ўсё шукала і шукала адказы. Скажам, дзесьці каля 12 гадоў у мяне ледзь не трапіла маланка: проста побач праляцела вогненная палачка, ярка ружова-аранжавая… Калі б я трошкі падалася наперад, то ўсё – мы б зараз з вамі не размаўлялі, але я адхінулася назад, і маланка ўвайшла ў зямлю. Неўзабаве пасля гэтага я пачала пісаць вершы. Былі і іншыя даволі таемныя выпадкі, якія я апісваю ў аповесці “Фальварак каменнай бабы”. Аповесць, як быццам і рэалістычная, але паверыць у тое, што адбывалася, немагчыма. Таямнічае, звязанае са знахарамі, ведзьмакамі было ў жыцці маіх бабулі і дзядулі, што рабілася сямейнымі паданнямі. Гэта развівала маё ўяўленне, прымушала думаць, што ў чалавечым жыцці не ўсё так проста, ёсць бок жыцця, які цалкам схаваны ад чалавека, і не кожнаму з людства ён прыадчыніцца. Бабуля Галена – маміна мама, ведала неверагодную колькасць казак, песен старадаўніх. Пісьменнік Мікола Пракаповіч з Брэста расказваў, што калі Брэсцкі ўніверсітэт ладзіў фальклорную практыку, выкладчыкі і студэнты прыехалі ў нашу вёску, і адна бабулька ім шмат чаго нарасказвала, наспявала. Як потым яны дазналіся, гэта была мая бабуля Галена. Ад яе я чула шмат самых розных прымхаў, якія мяне проста ачароўвалі. Рэалістычны свет майго дзяцінства аздабляла містыка. А ў старэйшых класах у мяне была вялізная кніга “Сучасная астраномія”. Я любіла яе чытаць і палюбіла неба. Цяпер мае “Казкі астранаўта” ( Касмічныя падарожжы беларусаў ) маюцца перавыдацца ўжо ў чацвёрты раз, і калі скласці ўсё разам, дык агульны наклад складзе больш за 20 000 асобнікаў. Гэтым разам кніга будзе ўключаць яшчэ і аповесць “Казімір — сын Ягайлы + Насця з 8” Б” = “, некалі напісаную ў межах эксперымента часопіса “Маладосць”.
Фота: i.ytimg.com
— Над чым працуеце цяпер?
— У кнізе вершаў “Дрэва для райскай птушкі” ёсць цыкл “Васьмірадкоўі апошніх пацалункаў”. Зрэдку яго працягваю. Наогул не люблю зацягнутых вершаў… Ёсць і цыкл, які яшчэ не ўваходзіў у кнігі – “Лірыка чыкагскіх вечароў”. У 1990-я гады два разы была ў Чыкага, і цяпер раз-пораз дапісваю нешта ў гэты цыкл, як і ў цыкл “Да графічных малюнкаў Напалеона Орды”, які не паспеў патрапіць у кніжкі. На малюнках Орды няма людзей – маёнткі, фальваркі, палацы… Я іх і засяліла чалавечымі пачуццямі, страсцямі… Але цяпер паэзія ўжо не галоўны мой занятак, а што называецца на дэсерт… Натхненне ў маім узросце прыходзіць усё радзей, а назапашаны вопыт не хочацца выкарыстоўваць. Затое з вялікай апантанасцю пішу для дзяцей. Вось і нядаўна выйшла кніга “Казкі з міфалагічнага люстэрка” пра ката Варгіна і мышку Паднорку. Пра ката Варгіна пісаў Ян Баршчэўскі, потым да гэтага вобраза звярнулася Таццяна Сівец, а я вырашыла стварыць вобраз свайго чорнага ката… Хачу ў бліжэйшы час дапісаць некалі распачатую аповесць пра падлетка, шаравую маланку і вялікага беларускага вучонага Якуба Наркевіча-Ёдку…
— Сярод вашых сяброў і былых калег – безліч паважаных і таленавітых асобаў. Жанчыны-пісьменніцы чамусьці значна радзей, чым мужчыны, звяртаюцца да мемуарнага жанру, але ці не плануеце вы часам узяцца за ўспаміны?
— Некалькі гадоў таму пісала ў “ЛіМ” успаміны-карацелькі ў рубрыку “Школа добрых пачуццяў”. Але, каб напісаць кнігу ўспамінаў, напэўна не… Пакуль мая душа да гэтага не гатова. Памяць утрымлівае шмат. Але ператрасаць сваё жыццё, згадваць іншых, хай сабе і вельмі паважаных, нават любімых мною людзей, гэта цяжка. Цяпер проста няма часу, каб яшчэ раз перажыць тое, што было ў мінулым – хаця я разумею, што гэтай літаратурай цікавяцца. Я маю дванаццацігадовую ўнучку, трох маленькіх унукаў, мне вельмі цікава з імі. У дзяцей цяпер той узрост, калі цэлыя дні хочацца з імі праводзіць. Тым больш, што ў мяне ўжо такія гады, калі жыццё ў любы момант можа абарвацца. А што да творчасці… Дык на сцяне ў маім пакоі вісіць вялікі-вялікі спіс, дзе пазначана ўсё, што хацелася б напісаць: назвы, сюжэты… Гэта і проза для падлеткаў, і кнігі для дзяцей. Я заўжды жыву будучыняй і не люблю азірацца.
Паважаная Раіса Андрэеўна! Рада і Сакратарыят Грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” шчыра віншуюць Вас з 70-гадовым юбілеем. Зычым Вам доўгіх гадоў жыцця, моцнага здароўя, натхнення і поспехаў на літаратурнай ніве.
Гутарыла Алеся Лапіцкая, для lit-bel.org