Я нарадзіўся ў рускамоўнай сям’і, але ўсе мае родныя акрамя бабулі па матчынай лініі па пашпарце былі беларусамі. Першым штуршком да асэнсавання сябе беларусам, напэўна, былі мае першыя падручнікі й дадатковыя матэрыялы, што распавядалі пра паходжанне нашых нацыянальных сымбаляў (я пайшоў у школу акурат у 1991 годзе).
Гэтыя кнігі прышчапілі мне на ўсё жыццё любоў да бел-чырвона-белага сцяга і Пагоні. І потым у 1995 годзе мне, дзіцяці, было вельмі цяжка зразумець чаму? Чаму мы павінныя змяніць нашы сымбалі, якія мне вельмі падабаліся, на нешта іншае. На нешта, у чаго няма каранёў. Аднак мае бацькі растлумачылі мне, што наш сцяг падчас вайны выкарыстоўваўся фашыстамі, нагадалі пра майго дзядулю й прадзеда, якія змагаліся супраць захопнікаў пад чырвонымі сцягамі. І на той момант я прыняў гэтае тлумачэньне.
Потым быў доўгі час, калі я зусім не думаў ні пра тое, што такое быць беларусам, ні пра тое, чаму мы павінны бараніць нашу мову. Але ў школе мы шмат чыталі беларускую літаратуру, і настаўніца па гісторыі была вельмі строгая – жанчына яшчэ савецкага гарту – яна заўсёды вельмі добра разумела дзяржаўную ідэалогію. Як у савецкія часы яна муштравала вучняў па гісторыі КПСЗ, так і мы былі вымушаны вывучаць гісторыю ВКЛ і станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Вось менавіта таму я з дзяцінства ведаў што мы – беларусы, што мы маем шматвяковую культуру. Аднак я не адчуваў сябе часткай гэтай культуры да сямнаццацігадовага ўзросту.
Менавіта ў гэты час я ўпершыню пабачыў сямейныя рэліквіі – старадаўнія дакумэнты, якія сведчылі пра маю прыналежнасць да шляхецкага роду, пра тое, што мае продкі пачынаючы з шаснаццатага стагоддзя лілі кроў абараняючы межы сваёй Бацькаўшчыны ад нападаў Вялікага Ўсходняга Суседу. Я ўбачыў сваё генеалагічнае дрэва і тыя самыя шляхецкія граматы іператрыцы Кацярыны Другой, пра якія столькі чуў у школе.
Гэтыя паперы зрабілі непазбыўныя ўражаньні. Пасьля гэтага адчыніліся таямнічыя дзверы ў маёй свядомасьці. Я пачаў цікавіцца нашай гісторыяй, пачаў чытаць шмат кніг на роднай мове, пачаў задаваць пытанні, на якія не існуе адказаў.
Апошнім жа крокам да майго самавызначэння як беларуса стала трохмесяцовая праца ў Расеі ў студэнцкія гады. Падчас гэтага падарожжа мне было вельмі сорамна, што ні я, ні мае суайчыннікі ня ведаем сваёй мовы. Пасля гэтага я зразумеў, што беларусы й расейцы зусім розныя, што мы нават блізка не можам называцца адзіным народам. Я зразумеў, што беларусы не павінны размаўляць на наноснай мове – нам патрэбна свая. Я канчаткова зразумеў, што я – БЕЛАРУС. І я ГАНАРУСЯ гэтым.
Раман Бекарэвіч, фізік