Выдавецтва «Беларускія аўдыякнігі» выпусціла аўдыяверсію раману «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі. Раней гэты раман у перакладзе Аляксея Знаткевіча выходзіў у 2017 годзе ў рамках розгаласнай кампаніі ад кніжнай серыі «Амерыканка». Агучванне кнігі адметнае тым, што перакладчык сам начытаў свой тэкст.
Рэдактарам аўдыяверсіі выступіў Сяргей Шупа.
Сюжэт кнігі, напісанай амерыканскім аўтарам-бітнікам у 1962 годзе, у ХХІ стагоддзі здаецца змрочным папярэджаннем пра наступствы несвабоды і дыктатуры. Вялікая Сястра Брыдар упэўнена кіруе сваім аддзяленнем у Арэгонскім псіхіятрычным шпіталі, трымаючы пад няспынным кантролем пацыентаў і персанал. Але ўзорны парадак Камбінату дае расколіну, калі з’яўляецца пацыент Макмэрфі — азартны гулец, жартаўнік і валацуга. Мы бачым ягонае змаганне вачыма Правадыра Бромдэна: нібыта глуханямы індзеец-мяшанец назірае за спробамі Макмэрфі вярнуць насельнікам шпіталю годнасць і надзею.
У сваім першым рамане Кен Кізі стварыў драпежны і жывы свет, у якім няпроста пабачыць падзел паміж нармальнасцю і вар’яцтвам, свабодай і адказнасцю за тых, хто ў цябе паверыў.
У аўдыярэлізе анансаванае другое папяровае выданне кнігі выдавецтвам «Янушкевіч» супольна з кніжнай серыяй «Амерыканка». Плануецца і электронны варыянт кнігі.
Нагадаем, што кніжная серыя «Амерыканка» — незалежны выдавецкі праект, які аб’ядноўвае кнігі аўтараў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Найлепшыя амерыканскія кнігі ў найлепшым перакладзе на беларускую мову пакліканыя пашырыць далягляды беларускай культуры. «Амерыканка» была заснаваная ў 2017 годзе сіламі перакладчыкаў мастацкай літаратуры. Кнігі выходзілі дзякуючы супрацы з шэрагам незалежных выдавецтваў і грамадзянскай супольнасцю, якая фінансавала выданні праз краўдфандынг.
У апошнія гады праект заставаўся неактыўным. Перавыданне пілотнага праекту серыі — раману «Палёт над гняздом зязюлі» з удзелам новых партнёраў і выкарыстаннем магчымасцей мультымедыя — прыкмета адраджэння і вяртання да чытача.
Першую частку можна паслухаць бясплатна: