Бадай, самы актуальны гэтым летам жанр кіно — постапакаліптыка. Дастаткова зірнуць у вакно альбо на тэрмомэтр, каб зразумець прычыну. Зрэшты, ад падобнага ўражання складана адчапіцца і чытаючы беларускія навіны. Абгарэлы на саракаградусным сквары і прамоклы наскрозь пад рыхтык трапічнай залевай Валера Руселік выкарыстоўвае часовае зацішша, каб занатаваць у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» самыя што ні ёсьць постапакаліптычныя думкі.
А вы таксама разумееце, што гэтак, як раней, ужо ніколі ня будзе? Пра што б гаворка ні вялася — ня будзе.
Да мяне гэтае ўсьведамленьне прыйшло чатыры гады таму. Памятаю, я тады ляніва падсмажваўся пад жнівеньскім сонцам на камяністым пляжы ў Нэўме, час ад часу скачучы ў бірузовую Адрыятыку, каб крыху ахалодзіцца. Думкі плавіліся, незнаёмыя дзяўчаты побач усьміхаліся, у лядоўні ў нумары патнела бутэлечка басьнійскага — усё было добра, усё было спакойна.
І раптам у гэты нетаропкі балканскі дзэн уварвалася нечаканая — нібы зь іншага сусьвету — думка: дык а цалкам жа ж рэальна, што я ўжо больш ніколі ня здолею прыехаць на радзіму! Абняць маму, зганяць з братам на рыбу, пашпацыраваць па Горадні, паезьдзіць па Беларусі — ні-ко-лі!
Ну бо хто ведае, колькі яшчэ гэта працягнецца...
І ў той самы момант цэлы сьвет абрынуўся. І балканскі дзэн, і праца на адзіным незалежным беларускамоўным, і пляны на будучыню, спрэс зьнітаваныя зь вяртаньнем — усё ўвадначасьсе страціла сэнс.
Шок, які цягнецца дасёньня. Адчуваньне, нібы зямля сышла з-пад ног. Дэпрэсія, зь якой гэтак і не атрымалася выкараскацца. Жыцьцё адным днём. Неразуменьне, як быць далей, калі дакладна вядома, што як раней ужо ніколі ня будзе...

Валера Руселік. Нэўм, Босьнія, 2022 г. Фота з архіву аўтара
Антось, мой дзядуля па кудзелі, меў двух братоў, адзін зь якіх, Янка, быў зьехаўшы пасьля вайны за акіян. Дзесяцігодзьдзямі яны ліставаліся і стэлефаноўваліся. Пры гэтым «амэрыканец» Янка час ад часу перапытваў брата: маўляў, ну як там ваш Бондар? У 2007-м, калі я быў у Штатах у яго ў адведзінах, ён патлумачыў сэнс таго пытаньня: у іх у вёсцы калісьці жыў бондар на прозьвішча Лукашэнка — вось браты пазьней праз тэлефон гэтак і размаўлялі пра жыцьцё-быцьцё ў сучаснай Беларусі. Шыфраваліся. Пабачыліся ж Антось і Янка толькі напрыканцы жыцьця, калі «амэрыканскі» брат прыехаў-ткі да беларускага. Пасьпеў.
Памятаю, ужо ўвечары таго самага дня я глядзеў на хвалі Нэўмскай затокі і ўзгадваў гэтую сямейную гісторыю. Думаў пра тое, што і свайго роднага брата невядома калі яшчэ пабачу, і што адно стэлефаноўваюся зь ім, абмінаючы пры гэтым — на ўсялякі выпадак — якіх-колечы хоць на каліва рызыкоўных тэм.
Хто там цьвердзіў, што гісторыя круціцца па коле? Гэтак і ёсьць, халера яе дзяры! Гэтак і ёсьць...

Здымкі Горадні і гарадзенцаў з прыватнай калекцыі Руслана Кулевіча. Фота novychas.online
Нейкі час таму я перастаў захоўваць здымкі Горадні, напатканыя ў сеціве. Ведаеце, ёсьць у эмігрантаў гэткі пункцік: убачаць выяву родных мясьцінаў і абавязкова скапіююць сабе на памяць! І я раней гэтак рабіў. Перастаў. А нядаўна прызнаўся сам сабе, што ўжо ня памятаю маршрутаў таго ці іншага гарадзенскага тралейбуса. І наагул — ня ведаю нават, колькі сёньня ў Беларусі каштуе хлеб.
Радзіма, якая ўжо шэсьць з гакам гадоў зрабілася вымушана недасягальнай, спакваля ператвараецца ў эмігранцкі фотаальбом, які болей не абнаўляецца.
Чытаючы ж навіны з-за таго боку мяжы пра тое, што вось там зьнесьлі нейкую чарговую камяніцу, а вось тут, наадварот, уляпілі нейкую расейскую гаргару, прыбралі беларускую мову з падручнікаў і назваў прыпынкаў, зладзілі масавы шабаш чарговага газманава, арганізавалі вайсковыя зборы для шкаляроў з удзелам гастралёраў-«свашнікаў» і гэтак далей, і гэтак далей, — штораз задаюся пытаньнем: а ці пазнаю я Беларусь, калі аднойчы ўсё-ткі здолею вярнуцца?
Відавочна, што яна будзе зусім іншая, чым тая, што захоўваецца ў памяці, нібы тое фота з альбому.
І, без ілюзіяў, Беларусь ужо ніколі ня будзе ранейшай. Факт, які не залежыць ад таго, якія хто мае палітычныя погляды, дзе жыве і чым займаецца. Дом сям’і Караткевіча ў Рагачове неўзабаве абрынецца і зьнікне назаўжды. Зьнішчаная саветамі гістарычная забудова Менску ўжо ніколі ня будзе адноўленая. Сотні тысяч беларусаў, выгнаных за мяжу цяперашнім рэжымам, ніколі ня вернуцца. Сваякоў, якія сышлі ў лепшы сьвет, ужо ніколі не абдымем. Абмялелая ў выніку ранейшых і цяперашніх мэліярацыяў, а таксама кліматычных зьменаў Прыпяць, пасохлыя ад гарачыні дубровы больш не ўбяруцца ў ранейшую сілу. Лесастэп, які замятае пяском Палесьсе (тое, што яшчэ нядаўна мы з гонарам называлі эўрапейскай Амазоніяй), не адступіць і пагатоў паступова будзе паўзьці на поўнач...
Як вам, дарэчы, сёлетняя сьпёка? Гістарычны рэкорд, якому наканавана быць пабітым ужо налета — і гэтак штогод. Як вам нерэальныя ў нашым дзяцінстве і юнацтве трапічныя залевы і сьмерчы? На мяккі камфортны клімат можна забыцца.
Зрэшты, як і на мірнае неба. Ці вы яшчэ памятаеце пра тое, што мы, беларусы — мірныя людзі? І ці звыкліся ўжо да дронаў? А да бясконцае вайны — хай пакуль што толькі ў навінах — звыкліся?
Як раней ужо ніколі ня будзе. Пра што б гаворка ні вялася — ня будзе.

Горадня ў часе пратэстаў 2020 году. Фота з сацыяльных сетак
Ну і самы час задацца пытаньнем: дык а як будзе? За апошнія гады ў нашым жыцьці адбылося столькі ўсяго з таго, што, здавалася б, не магло адбыцца ў прынцыпе, што рука не падымаецца адмахнуцца ад якога-колечы — нават самага фантастычнага — сцэнару.
Разам з тым я быў, ёсьць і буду цьвёрда перакананы ў тым, што прынамсі штосьці ў нашых лёсах залежыць і ад нас самых. Трымацца каранёў і падтрымліваць адно аднаго, размаўляць на роднай мове і перадаваць яе нашым дзецям, разьвіваць культуру і ведаць гісторыю роднага Краю — вось тое, што можа зрабіць кожны з нас, каб наша цудоўная Беларусь нават у самых фантастычных сцэнарах заставалася беларускай.
І нашым агульным Домам, куды рана ці позна мы ўсе здолеем вярнуцца.
Валера Руселік, budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org