Выпрабаваньні, якія перажывае наш народ у дадзены момант, можа й ня новыя для нашага гістарычнага шляху, але ад таго ня менш цяжкія й па плячы далёка ня кожнаму даросламу. Што ж ужо тады гаварыць пра нашых дзяцей, якія разам з намі перажываюць і дыктатуру, і татальны кантроль, і прапагандысцкі шал, і рэпрэсіі супраць бацькоў, і вымушаную эміграцыю... У, бадай, самы «дзіцячы» тыдзень у міжнародным календары Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» задаецца адным з самых дарослых пытаньняў: як нам абараніць нашых дзяцей ад усяго гэтага трындзяца?

Валера Руселік з сынам Конанам на беларускім Купальлі, Варшава, 2025. Фота з архіву аўтара
На гэтым тыдні ў сьвеце адзначаліся адразу два дні, прысьвечаныя дзецям: 1 чэрвеня — Міжнародны дзень абароны дзяцей і 4 чэрвеня — Міжнародны дзень дзяцей, якія сталіся ахвярамі войнаў.
Улічваючы тое, што кіроўны рэжым у Беларусі ўжо чацьвёрты дзясятак гадоў вядзе неабвешчаную вайну супраць усяго беларускага, ня будзе перабольшаньнем заўважыць, што да нашае краіны абедзьве даты ў міжнародным календары маюць самае непасрэднае дачыненьне.
Пры гэтым, каб апісаць жыцьцё беларускае дзятвы, насамрэч дастаткова ўсяго дзьвюх красамоўных лічбаў. Летась у нашай краіне нарадзілася ўсяго 54 257 дзяцей. Паводле ўзроўню нараджальнасьці мы — на пятым месцы з канца ўва ўсім сьвеце.
Гэтак выглядае дэмаграфічная катастрофа.
Дзеля параўнаньня, яшчэ ў 2017-м у Беларусі нарадзілася амаль удвая больш — 102 556 дзяцей. А ў 1994-м, зь якога ўсё і пачалося — 111 тысяч дзяцей.
Ну і другая лічба. Паводле падлікаў «Радыё Свабода», заснаваных на статыстычных зьвестках з папулярных у беларускіх палітэмігрантаў краін, пасьля падзеяў 2020-га зь Беларусі разам з бацькамі зьехала каля 50 тысяч дзяцей.
То-бок прыкладна столькі ж, колькі наагул нараджаецца за год у краіне, якая, нагадаю, перажывае дэмаграфічную катастрофу.
Як той казаў, замест тысячы словаў...

У часе сустрэчы ў 6-й больніцы Менску з жанчынамі, якія былі нарадзілі 3 ліпеня 2023 году, старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава заявіла: «Вы робіце, запомніце, самую важную справу ў жыцьці: вы нараджаеце нам нашых беларусаў! А дзяржава робіць усё, каб падтрымаць сем’і, якія выхоўваюць дзяцей!». Фота: belta.by
Дарэчы, зь дзецьмі, якія сталіся ахвярамі войнаў, нашую краіну зьвязвае ня толькі вайна рэжыму Лукашэнкі супраць усяго беларускага, але і яго саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны. І гаворка ня толькі пра заход войскаў і абстрэлы з нашае тэрыторыі, але і пра дапамогу лукашыстаў акупантам у выкраданьні й вывязеньні ўкраінскіх дзяцей у РФ.
І вось тут уласна тое, на што я хацеў бы зьвярнуць вашую ўвагу. І на тэрыторыі Расеі, і на акупаваных украінскіх землях, і ў лукашэнкавай Беларусі выкрадальнікі дзяцей займаюцца, як яны самыя цьвердзяць, «перавыхоўваньнем» маленькіх украінцаў. А дакладней — сьціраньнем іх нацыянальнае ідэнтычнасьці з мэтаю зрабіць зь іх: а) расейцаў; б) новых жаўнераў для будучых войнаў Імпэрыі.
Гэткае прамываньне дзіцячых мазгоў адбываецца праз адначасовую татальную мілітарызацыю (усе гэтыя вайсковыя зборы й вучэньні, школьныя гурткі і г. д.) і замену ўкраінскіх культурных і гістарычных наратываў на расейскія.
Нічога не нагадвае?

Дзеці з акупаванай украінскай Горлаўкі — на экскурсіі ў вайсковай частцы 3214 (спэцназ унутраных войскаў РБ), Менск, мікрараён Уручча, 2023 г. Фота: news.by
І, заўважце, гэта адныя і тыя ж сама людзі кажуць нам, беларусам, якім важнае адраджэньне роднае культуры й мовы: маўляў, «ой, да какая разница, на каком языке?! ой, да оставьте вы эту историю в покое, никто точно не знает, как там было, историки всё переврут — нужно жить настоящим и смотреть в будущее!» — і адначасова пры гэтым убіваюць украінскім дзеткам у галовы: «нет никаких украинцев, вы русские! говорите по-русски, а не по-хохляцки! забудьте свои обычаи и своих героев — вот вам наши повадки, на наших идолов молитесь!».
То-бок вось тут мова — гэта неістотна, «какая разница». А вось тут — важна, абавязкова! І ведаеце, у чым розьніца? Калі па-расейску — важна і абавязкова, калі не па-расейску — ня трэба, «какая разница». Не пераблытайце!

Беларускія шкаляры ў вёсцы Глыбоцкая (Гомельшчына, кілямэтар да мяжы з Украінай) арганізавалі блёкпост і патруль. Удзельнікі дзіцячага атраду маюць савецкую і Z-сымболіку, а таксама мэдалі «За ўдзел у аперацыі па дэмілітарызацыі і дэнaцыфікацыі Украіны». Для прапагандысцкага тэлесюжэту дзецям выдалі аўтамат. Скрыншоты відэа СТБ
Адмыслоўцы канстатуюць, што для рэабілітацыі й вяртаньня да нармальнасьці ахвяраў гэткага прамываньня спатрэбіцца могуць нават гады тэрапіі і іншае адмысловае дапамогі. Зрэшты, да таго часу выкрадзеных украінскіх дзетак, колькасьць якіх, паводле розных падлікаў, сягае і 20 тысяч, яшчэ трэба знайсьці й неяк вярнуць з палону.
І гэтая задача, зразумела ж, ідзе крок у крок з задачай наагул перамагчы ў вайне.
Тым часам дапамагчы беларускім дзеткам — і тым, хто праз сыстэму дзяржаўнага выхаваньня і адукацыі трапіў у жорны лукашэнкавай прапаганды ўнутры краіны, і тым, хто быў вымушаны зьехаць з бацькамі з Радзімы — мы з вамі, сябры, можам і мусім ужо сёньня.
Тут і цяпер.
Ну бо ад каго, калі не ад нас, дарослых, залежыць, ці здолеюць нашыя дзеці захаваць сваю беларускую ідэнтычнасьць — што на радзіме, што ў замежжы?
Дзе б вы ні жылі сёньня, рабеце родную мову мовай вашае сям’і. Чытайце разам беларускія кніжкі, вывучайце беларускую гісторыю, падтрымлівайце беларускія традыцыі. Гуртуйцеся зь іншымі беларускамоўнымі сем’ямі. Пашырайце беларускамоўную прастору, ствараючы кантэнт па-беларуску альбо перакладаючы найбольш папулярныя сярод дзятвы замежныя з’явы — ад «Minecraft» і «Brawl Stars» да песень Білі Айліш і г. д.
І галоўнае — паказвайце ўласным прыкладам, што размаўляць па-беларуску і наагул быць беларусамі — гэта нармальна і натуральна. А нават і файна!
Ну бо калі ня вы, то хто?
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org