Артыкул выйшаў у «Народнай газеце» ў студзені 1994-га. Газета была друкаваным органам Вярхоўнага Савета — Пазняк як дэпутат мог там публікавацца. Радыкальны безапеляцыйны тон артыкула стаў шокам для беларусаў, якія толькі вырваліся з СССР. Шмат хто палічыў тэкст праграмным — на носе былі прэзідэнцкія выбары.
Рэчы, пра якія пісаў у тым артыкуле Пазняк, сёння ўжо нікога не шакуюць. Зараз тую ж рыторыку можна пачуць ад Арастовіча, Піянткоўскага, Іларыёнава ці Фейгіна. Тэзісы сталі мэйнстрымам, але ў 1994-м гэта падавалася фантастыкай. Галоўны сэнс артыкула можна сфармуляваць лаканічна: «Расія — гэта вайна». Гэтую фразу Зянон пазней агучыць у мегафон на адным з мітынгаў.
Пазняк засцерагае, што з прыходам Ельцына і дэмакратаў расійскія імперскія апетыты не сталі меншымі. Аналізуе заявы Козырава, Чарнамырдзіна, Гайдара, Жырыноўскага ды іншых «тузоў» з крамлёўскай абоймы. Піша пра кейс Прыднястроўя і канфліктаў на Каўказе. Ёсць там і пра Севастопаль, і пра Чарнаморскі флот, і пра Крым.
«Новае расійскае кіраўніцтва выкарыстоўвае старую імперскую палітыку — раздзяляць народы і групы насельніцтва, сутыкаць іх паміж сабой, знішчаць адных, выязджаючы на спінах іншых (як у Абхазіі), захопліваць тэрыторыі, кіраўніцтва, маёмасць і ўладарыць праз залежных і падстаўных», — піша аўтар.
А вось цікавая заўвага, якая тычыцца «правоў рускамоўных» — той самай фішкі, якую Расія выкарыстоўвае ва Украіне, пачынаючы з 2014 года. Тэкст чытаецца, як быццам напісаны сёлета ці пару год таму:
«Ідэалогія гэтай традыцыйнай палітыкі нескладаная, запазычаная ў Гітлера: абараняць у прыпамежных дзяржавах стратэгічныя інтарэсы Расіі і правы рускіх (узгадайце "правы немцаў", гітлераўскія "аншлюсы" і т. п. з’явы, асуджаныя сусветнай грамадскасцю). Больш за тое, яны збіраюцца "бараніць" правы нават не рускіх, але "рускамоўных", то-бок — савецкай папуляцыі ў іншых краінах».
Паводле Пазняка, у Расіі дамінуе імперскае мысленне, несумяшчальнае з дэмакратычным ці нават нацыянальным. Нацыянальныя праекты — цюркскі, татарскі ды іншыя — у Расіі падаўляюцца. А калі імперскасць з’яўляецца мэйстрымам, няма розніцы, кім сябе лічаць палітыкі — камуністамі ці дэмакратамі. Кожны з іх будзе спрабаваць дагадзіць электарату.
Апаненты Пазняка, найперш камуністы і Лукашэнка, выкарысталі артыкул у якасці страшылкі для электарату. Беларусь ментальна працягвала вылазіць з савецкай рэальнасці, таму тэзісы пра «варожую» Расію наўпрост не мелі шанцаў. Рыторыка Пазняка магла б пракаціць у Эстоніі ці Літве. Але ў Беларусі ён адштурхнуў ад сябе вялікую масу «кампраміснага» электарату. Тых, хто хацеў зменаў, але да пэўных рэчаў быў не гатовы.
Чаму так? Не будзем кранаць вайсковых пенсіянераў ці этнічных расійцаў, якіх у Беларусі і цяпер багата. Возьмем буйны дырэктарат: тых, хто кіраваў «калійкай» ды «нафтанкай». Усе гэтыя прадпрыемствы былі ад пачатку завязаныя на Расію, бо будаваліся па генплане, распрацаваным у Маскве. Беларусі самой па сабе ўсё гэта не было патрэбна ў такім маштабе.
Пасля пабудовы прадпрыемстваў завязваліся прамысловыя сувязі. Пастаўкі камплектуючых з рэгіёнаў Расіі. Адтуль ішлі замовы, якія афармляліся ў Маскве: сюды 20 белазаў, туды 1000 трактароў. Адсюль ідуць рухавікі, адтуль трансмісіі. Урэшце — сама нафта ішла з Усходу. Гэта была выбудаваная сістэма, якая не магла змяніцца за дзень.
Скажам, у Слаўгарадзе працаваў сушыльны камбінат. Там сушылі цыбулю і бульбу. Камбінат забяспечваў ледзве не ўсю пенітэцыярную (турэмна-лагерную) сістэму Расіі. Калі ўмоўны дырэктар таго камбіната браў «Народную газету» і чытаў Пазняка, то браўся за галаву. Гэта быў моцны ўдар для людзей, якія не ведалі, як перабудоўваць прамысловыя і гандлёвыя ланцужкі.
Русіфікаваны дырэктарат адчуў пагрозу. Страх, нібы па лесвічцы, перадаваўся ўніз: на замаў, іхных замаў, кіраўнікоў цэхаў і так да апошняга рабочага. Усе яны былі перапужаныя. Магчыма, нехта з беларусацэнтрычных тэхнакратаў быў бы для іх больш пераканаўчы, але — дакладна не фатограф, мастацтвазнаўзца і археолаг Зянон Пазняк.
Ці можна было ў тым далёкім 1994-м сказаць усё тое самае, але іншымі словамі? Дырэктары хацелі «рабіць бабкі», але — жыць у сваёй краіне. Каб піраміда начальнікаў стала меншай. Каб у слаўгарадскага дырэктара сушыльнага камбіната было два начальнікі: у Магілёве і ў Мінску, а не ў Маскве ці яшчэ недзе там. Усе хацелі гандляваць, прыватызоўваць, круціцца, але — у незалежнай дзяржаве. Атрымаўшы ў рукі прадпрыемствы і стаўшы мільянерамі, дырэктары былі б удзячныя за тое любому палітыку да магілы.
Калі груба, то для палітыка найлепш на той час было б быць зашыфраваным проксі-нацыяналістам. Беларусацэнтрычным тэхнаром, які разумее працэсы кіравання, гандлю, мае досвед. Падобнай фігурай пазней стаў Карпенка — беларусацэнтрычны да мозгу касцей, але тэхнар і кіраўнік. Ці яшчэ пазней Мілінкевіч — чыноўнік, але з выразнай нацыянальнай пазіцыяй. Іх час так і не надышоў, бо пазней у Беларусі наўпрост не было палітыкі.
Персанальна для Пазняка быў яшчэ адзін варыянт — аб’яднацца з Шушкевічам. Калі б лідар БНФ заклікаў галасаваць за Шушкевіча, той мог бы набраць большы адсотак за Кебіча і — выйшаў бы з Лукашэнкам у другі тур. Тады, нават прайграўшы, Шушкевіч атрымаў бы адсоткаў 40–45, а не той мізер, што Кебіч. Такім чынам — застаўся б у палітыцы. Але для Пазняка Шушкевіч быў... такім самым ворагам: адным з творцаў СНД, прыяцелем Ельцына.
Яшчэ адзін варыянт для БНФ — змова з аграрыямі. Вяскоўцы вучыліся ў беларускамоўных школах, былі бліжэй да зямлі. Іх працэс вытворчасці — ад зямлі да ўгнаенняў — быў збольшага завязаны на самой краіне, без татальнай залежнасці ад Расіі.
Але трэба было ехаць і тлумачыць людзям: пра прыватную ўласнасць на зямлю, пра крэдыты на фермерскую сістэму, пра лобінг дзяржавы па збыце. Старшыням саўгасаў варта было абяцаць падтрымку і карт-бланш на фінансавую дзейнасць. Можа — і чарку кульнуць разам. Але ў кожным разе — шукаць кампрамісы. Прынамсі, не казаць, што калгасы, у якіх людзі прапрацавалі ўсё жыццё, гэта савецкасць і ледзьве не сатанізм.
Дык што ж загубіла Пазняка як палітыка? Калі коратка — адмаўленне рэальнасці. Рэальнасцю было постсавецкае беларускае грамадства, з якім варта было працаваць, а не змагацца.
Маючы рацыю на 100% наконт Расіі і небяспекаў з яе боку, Пазняк не змог усё гэта патлумачыць людзям на зразумелай мове. Або — пайсці шляхам проксі-нацыяналіста, да часу прыхоўваючы найбольш радыкальныя са сваіх тэзаў.
Як бачым, «стэрыльны нацыяналізм» у фармаце мова — культура — гісторыя не спрацаваў нават ва Украіне. Нацыя згуртавалася, але толькі на фоне страшнай агрэсіі з боку Расіі, якая стала каталізатарам. У іншых умовах гэта наўрад ці было б магчыма. Урэшце, сапраўдным лідарам апынуўся Зяленскі, які абапіраўся ад пачатку акурат на расійскамоўны сегмент электарату. Да чаго ўся гэтая дыскусія і артыкул 28-гадовай даўніны, выцягнуты з шуфляды?
Гэта гісторыя пра тое, як самыя правільныя ідэі часам церпяць фіяска праз бескампраміснасць тых, хто іх агучвае. Праз адсутнасць у аўтара разумення часу і — галоўнае — разумення надзённых патрэбаў людзей. Так Пазняк апынуўся самотным прарокам у пустыні, які казаў ісціну, але не зрабіў цудаў. Такім, напэўна, ён і ўвойдзе ў гісторыю.
Алесь Кіркевіч, budzma.org
фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц