Кажуць, што не было ніякай Першай і Другой сусветных войнаў. Была адна вялікая вайна, якая мела доўгую «перадышку» — у выглядзе 1920-30-х. Паводле гэтай самай логікі, не было ніякага канца Халоднай вайны ў 1991-м. Гэта была часовая параза Расіі, якой спатрэбіўся час, каб сабраць сілы і завершыць пачатае.
Заўважце, што ўсе элементы сёлетняй гісторыі — прывітанне з мінулага. Ад старой савецкай тэхнікі, якая гарыць пад Кіевам і Мікалаевам, да крыўдаў і комплексаў галоўнага героя. Савецкі Саюз жыў падрыхтоўкай да вялікай вайны, якая скончылася нічым. Зараз мы назіраем апошні акт драмы пасля антракту даўжынёй у пару дзесяцігоддзяў.
Рыторыка Пуціна — таксама пра мінулае. Гісторыя, Крым, Кацярына ІІ, Ленін, хто каму што перадаў і падарыў. Ніводнага слова пра будучыню. Ні-вод-на-га. Герберт Уэлс калісьці заўважыў, што бальшавікі перамаглі, бо намалявалі народу прыгожую карцінку светлай будучыні — камунізм. Свая прыгожая карцінка была ў фашыстаў, нацыянал-сацыялістаў, Мао і аматараў Чучхэ.
У Пуціна такой карцінкі няма — ад слова зусім. Толькі страх, нянавісць і «ядзерны попел». Гэта вельмі важны момант. На ім, мяркую, усё ў іх і зламаецца, але на гэты конт — пазней.
«Мне стали слишком малы твои протертые джинсы...»
Расія 1990-х — 2010-х падавалася даволі дзіўнай фармацыяй. З аднаго боку, расстрэл Белага дому, дзве Чачэнскія, Грузінская, Крым і Данбас, Сірыя... З іншага — небывалае ў гісторыі Расіі збліжэнне з Захадам на ўсіх узроўнях: ад амаль сяброўскіх зносінаў Пуціна з Бушам ці Меркель да самога факту, што жыхар якога-небудзь Волжска мог пабачыць Еўропу на свае вочы і нарабіць фотачак на айфон.
Добрыя сябры — Пуцін і Буш
Такога ў Расіі-Масковіі не было — ніколі. Захад стаў для Расіі паўнавартаснай іконай, нягледзячы на кпіны Задорнава ці падлеткавы маніфест «Брат-2» Балабанава. Уся антызаходняя рыторыка была сумессю тугі аб нязбыўным і пякучай зайздрасці, псіхааналітыкай для няўдачнікаў.
Кадр з фільма «Брат-2». Галоўны герой фільма Даніла Багроў — ікона постсавецкай моладзі нулявых
З лёгкай рукі Пялевіна, які без перабольшання стаўся вяршыняй расійскай літаратуры, з’явіўся тэрмін «Лонданград» — сапраўдная сталіца Расіі. Бо там, а не ў Маскве ці Піцеры, жыве нацыянальная мара, разам з домам, брытанскім грамадзянствам, яхтай і клубам «Чэлсі». «Няма ніякага Кіціж-града, апроч Лондана, а Абрамовіч — прарок ягоны».
Сапраўдны антызаходні дыскурс павольна тлеў у ветэранскіх арганізацыях, афіцэрскіх колах, пахмельных фантазіях Дугіна, тэкстах Лімонава ды эпатажы Сцерлігава. Але ўсё гэта гублялася на фоне алімпіядаў, еўрабачанняў, Муз-ТВ, порн-хаба, брэндавай шмоткі і еўратураў. Людзі хацелі жыць: зарабляць, падарожнічаць, купляць айфоны, маёмасць і брэндавы шмот. Вайна... навошта?
Доля свету — быць палігонам для расійскай арміі
Але Расія — гэта ніякая не бензакалонка. Расія — гэта армія на маршы. Так было на працягу сотняў гадоў. І фактар арміі ды сілавікоў ніхто не адмяняў.
Сэнс Расіі — акурат ідэя вайсковасці, калі ваююць не за нешта, а дзеля самога працэсу. Бо па-іншаму немагчыма. Уся гісторыя, нават вымярэнне часу, ад вайны да вайны. Гэта пра Расію.
Армія — сэнс існавання імперыі
Глыбінны народ Расіі, пра які некалі пісаў Суркоў, гэта ўсё ж такі вайсковы народ. Салдаты, афіцэры, ветэраны, афіцэрскія жонкі, удовы і дзеці. Гэтых не купіш заходнімі ноўтамі, сумкамі ды тэлефонамі. Сама традыцыя ім падказвае, што заходняе трэба ўспрымаць як трафейнае: роўна таксама як дзяды, якія везлі з пераможанай Германіі карціны, талеркі, кубкі, габелены, гармонікі ды піяніны. Немцаў ненавідзелі, а рэчы — шанавалі. Для іх акурат няма ніякай супярэчнасці ў наклейванні стыкеру «На Берлин» на чорны BMW.
І тут — сышлося некалькі фактараў. Жаданне рэваншу і вайны як такой з боку вайсковай касты. Звышдаходы ад газа-нафтавай галіны. Маргінальныя антызаходнія ідэі, якія перайшлі на ўзровень дзяржаўнай ідэалогіі. Ну і канечне — інфармацыйныя тэхналогіі. Усё: пасьянс склаўся.
Калі азірнуцца з пазіцыі сённяшняга дня на мінулае 20-годдзе, шмат якія падзеі падаюцца невыпадковымі. Ад змагання з «фашызмам» у Латвіі і заварухі вакол пераносу помніка чырвонаармейцу на пачатку нулявых да пабудовы неймавернага па памерах і стылістыцы храма ўзброеных сілаў. Далей — бясконцыя фільмы пра вайну, культ георгіеўскай стужкі і ВАВ.
Усё гэта было патрэбна для адбельвання рэпутацыі і сакралізацыі расійскай арміі. Каб ад іміджу «ДМБ» прыйсці да нечага ў стылі «Цитадели» Міхалкова.
Класіка сакралізацыі вайны ў кінематографе
Нагадаць грамадзянам пра сапраўдную долю гэтага свету — быць палігонам для гераічнай расійскай арміі. Усё астатняе — грошы, нафта, газ, золата, вілы ў Гішпаніі — толькі інструменты або прыемныя бонусы.
Чысткі ў шэрагах СМІ, забарона няўрадавых арганізацыяў, забойства Нямцова і шмат што іншае бачыцца сёння інакш. Гэта быў не аўтарытарызм дзеля ўлады: Пуцін і без таго яе меў, ніякі Каспараў ці Навальны не былі яму перашкодамі.
Гэта — падрыхтоўка да вайны. Каб не засталося нікога, хто мог бы ўзняць голас супраць. Сталін у 1930-я рабіў тое самае, рыхтуючыся да вялікага паходу на Еўропу...
Фота AFP
Расія, якой больш няма
З сумам і лёгкай настальгіяй зараз можна ўзгадаць Расію, якой больш няма.
Расію, дзе ў кватэрах, абсталяваных IKEA, лаялі садамію і дэмакратыю.
Расію, дзе маліліся патрыярху і долару.
Расію, дзе спачувалі Даніле Багрову, а потым падаваліся на Greеn Card.
Расію, дзе смяяліся з «дурных хахлоў», запіваючы імперскую крыўду Ballantine’s ды Jägermeister.
Расію, дзе вельмі чакалі вяртання Адэсы ў «родную гавань» ды выхаду новых айфонаў.
Расію, якая так і не зразумела фінальнай мэты свайго правадыра, які казаў, што нехта там памрэ, а нехта здохне...
Усё гэта выглядала максімальна шызафрэнічна. А шызафрэнічны свет не можа існаваць доўга.
Зразумела, што незалежна ад дынамікі на фронце, Расія на неакрэслены час пераўтвараецца ў ізаляваны кавалак сушы, дзе народу будзе холадна і голадна. І ніякая прапаганда гэтага не перакрые, бо ў адрозненне ад сталінскіх часоў, людзі ўжо паспрабавалі салодкага жыцця. Бачаць, як было і як сталася.
І карцінкі «светлага заўтра», у адрозненне ад самых змрочных часоў бальшавізму, у сённяшняй Расіі няма. Застаюцца толькі адзінота, страх і нянавісць. І зусім не факт, што гэтая нянавісць будзе вылівацца вонкі, як таго хацелася б гаспадару Крамля...
Алесь Кіркевіч, budzma.org
Пра варыянты будучыні Расіі, Украіны, Беларусі — ад апакаліптычных да пазітыўных — у наступным тэксце.