Стаў вядомы расклад беларускіх мерапрыемстваў у асноўнай праграме Варшаўскага кніжнага кірмашу

23 — 26 траўня ў Варшаве ў Палацы Культуры і Навукі пройдзе міжнародны кніжны кірмаш, у межах якога будзе працаваць і стэнд незалежных беларускіх выдаўцоў «Вольная Беларусь» (stoisko nr 138 w Sali Marmurowej, PKiN).


Afiša

Вось расклад мерапрыемстваў.

24.05, пятніца

Час: 12.00 — 12.50 

Месца: заля імя Мікалайскай, Палац культуры і навукі, Варшава.

Тэма: Беларуская літаратура ў польскіх перакладах (арганізатар мерапрыемства Інстытут беларускай кнігі; на польскай мове з беларускім перакладам).

Цягам апошніх дзесяцігоддзяў польскія выдаўцы спрабуюць «раскруціць» беларускую літаратуру на хвалі ўзмацнення палітычнай актыўнасці напярэдадні і адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. На жаль, у інфармацыйным зацішшы, якое звычайна пануе у перыяд паміж выбарамі, выдаўнічы запал паступова згасае. Прыцягнуць, а потым утрымаць увагу чытачоў і выдаўцоў — задача не з простых, да таго ж дадаецца праблема, звязаная з пошукам добрага перакладчыка з беларускай на польскую мову. У такой сітуацыі беларуская літаратура застаецца для большасці чытачоў і выдаўцоў у Польшчы практычна невядомай. Ці і якія меры прымаюцца дзеля таго, каб змяніць існуючую сітуацыю, і што беларуская літаратура можа прапанаваць польскаму чытачу — пра гэта пагаворым падчас сустрэчы.

У сустрэчы возьмуць удзел:

  • Наталля Русецкая — беларусістка, перакладчыца, ад’юнкт на кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Складоўскай-Кюры;
  • Яраслаў Іванюк — выдавец, журналіст, заснавальнік таварыства «Камунікат»;
  • Катажына Дрозд-Урбаньска — беларусістка, ад’юнкт на кафедры беларусістыкі Варшаўскага Універсітэта.

25.05, субота

Час: 15.00 — 15.50

Месца: заля імя Мікалайскай, Палац культуры і навукі, Варшава

Тэма: Алесь Бяляцкі: Нобелеўскі лаўрэат і палітычны вязень 

Арганізатар мерапрыемства праваабарончы цэнтр «Вясна»; на беларускай мове з польскім перакладам.


Час працы беларускага стэнда:

23 траўня, чацвер: 10.00 — 18.00
24 траўня, пятніца: 10.00 — 19.00
25 траўня, субота: 10.00 — 19.00
26 траўня, нядзеля: 10.00 — 17.00

На стэндзе можна будзе набыць кнігі выдавецтваў SkarynaPress, Chabor, hochroth Minsk, Miane Niama, «Янушкевіч», Słowianka, Полацкія лабірынты, Fundacja Kamunikat.org, Gutenberg Publisher і іншых.

Што ў праграме беларускага стэнда?

23.05, чацвер

16.30 — 17.20 Раман Абрамчук «Вершы для храмаў, сіза, ічу» (выдавецтва hochroth Minsk Дзмітрыя Строцава) Старт продажаў. Сустрэча з аўтарам, аўтограф-сесія.

24.05, пятніца

12.00 Старт продажаў «Ззяння» Стывена Кінга з аўтограф-сесіяй перакладчыцы Насты Карнацкай (выдавецтва «Янушкевіч»).

13.00 — 13.50 Аляксандр Лукашук «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода», аўтограф-сесія. Падчас сустрэчы будзе магчымасць атрымаць кнігу за ахвяраванне для Людзей слова ў турме.

16.00 — 17.00 Аўтограф-сесія Лявона Вольскага, ілюстратара кнігі А. Бахарэвіча «Капітан Лятучая Рыба» (выдавецтва «Янушкевіч»).

17.30 — 18.20 Сустрэча і аўтограф-сесія з аўтаркай Янай Вольскай, «Ашуканкі» (выдавецтва Słowianka).

25.05, субота

13.00 — 13.50 Старт продажаў кнігі Сашы Гук «Соня, стой!» (выдавецтва Gutenberg Publisher).

14.00 — 14.50 Максім Знак «Зэкамерон. Вершы. Гутаркі». Старт продажаў (выдавецтва «Полацкія лабірынты»).

15.00 — 15.50 Аўтограф-сесія з Уладзімерам Арловым (Fundacja Kamunikat.org).

16.00 — 16.50 Аўтограф-сесія з Алесем Аркушам (Fundacja Kamunikat.org).

17.00 — 17.50 Аўтограф-сесія са Змітром Бартосікам (Fundacja Kamunikat.org).

*У праграме стэнда магчымыя змены
Арганізатар стэнда — Інстытут беларускай кнігі

З поўнай праграмай Варшаўскага кірмашу можна азнаёміцца тут.