Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA пройдзе ў верасні і кастрычніку ў чатырох гарадах: Батумі, Варшаве, Вільні і Беластоку. Сярод удзельнікаў форуму — вядомыя беларускія аўтары і дзеячы культуры, пісьменнікі і інтэлектуалы з усяго свету. Усе яны далучацца да падзеі афлайн і анлайн, каб абмеркаваць актуальныя выклікі і надзённыя пытанні, што вырашаюць беларусы сёння.
У фестывальнай праграме запланаваныя дзясяткі прэзентацый, дыскусій і круглых сталоў. Іх удзельнікамі стануць Ева Вежнавец, Альгерд Бахарэвіч, Уладзімір Някляеў, Юля Цімафеева, Андрэй Хадановіч, Вольга Гапеева, Стась Карпаў, Валянцін Акудовіч, Наста Кудасава, Дзмітрый Строцаў, Лявон Баршчэўскі і многія іншыя беларускія піьсменнікі, гісторыкі, даследчыкі і творцы.
Гэты год мае быць асабліва захапляльным, бо PRADMOVA сёлета пройдзе ў фармаце ўікэнд-фестываляў.
Што чакае гасцей PRADMOVA ў 2023 годзе?
Мерапрыемствы ў Батумі (30 верасня-1 кастрычніка): стартуе фестываль у Батумі, дзе госці змогуць атрымаць асалоду ад лекцый, літаратурных дыскусій і «Паэтычнага варушняка».
Варшава (6-9 кастрычніка): наступным прыпынкам стане Варшава, тут гледачы фестывалю змогуць сустрэцца з вядомымі аўтарамі, паразважаць пра нацыянальную ідэю і будучыню тэатра, паглядзець і абмеркаваць з аўтарамі і рэжысёрамі тэатральныя пастаноўкі, а таксама наведаць вялікі канцэрт беларускай музыкі.
Вільнюс (14-15 кастрычніка): потым PRADMOVA адправіцца ў Вільнюс, дзе ўдзельнікі падыскутуюць пра феномен ліцвінізму і адбудзецца дыялог беларускай паэзіі з паэзіяй краін Балтыі.
Беласток (28-29 кастрычніка): фестываль завершыцца ў Беластоку, дзе літаратурныя сустрэчы будуць спалучацца з абмеркаваннямі, прэзентацыямі кніг, дыскусіямі і лекцыяй пра тое, ці варта перачытваць школьны белліт.
Анлайн (21, 22, 30 кастрычніка): для тых, хто не зможа прысутнічаць на мерапрыемствах ужывую, PRADMOVA прапануе магчымасць далучыцца да фестывалю ў анлайн-фармаце.
Поўную праграму фестывалю глядзіце на сайце: pradmova.eu, а таксама ў сацсетках Instagram i Facebook.
Уваход на ўсе мерапрыемствы PRADMOVA вольны.
Чытайце яшчэ: У Гданьску праходзіць 11 Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі