Лютэранская капліца-пахавальня генерал-маёра Аляксандра Русаў на Вайсковых могілках на вул. Белуша дачакалася аднаўлення. Працы будуць праведзеныя ў межах бягучага рамонту, каб захаваць пабудову на будучыню, піша @urbanhrodna.
Капліца Русаў — зараз найстарэйшы аб’ект на вайсковых могілках — знаходзіцца ў кепскім стане, з яе абвальваецца плітка. Яна была збудаваная ў стылі эклектыкі з элементамі рэтраспектыўна-гатычнага стылю.
Капліца-пахавальня. Фота: Facebook Ірына Варкулевіч
Грошы на аднаўленне капліцы шукала лютэранская абшчына з 2019 года. Зараз фінансаванне вылучылі ў рамках дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2021-2025 гг. Аб’ём работ запланаваны невялікі, але патрэбны для таго, каб капліца працягнула існаваць, распавяла Urban Hrodna архітэктар Алена Шчасная, навуковая кіраўнічка аб’екта.
Галоўнае — абараніць капліцу ад вады
У капліцы збіраюцца аднавіць дах, кладкавыя швы і вадасцёкавую сістэму: калісьці вадасцёкі зніклі і зараз вада сцякае проста па сценах, руйнуючы іх. Таксама зробяць адмостку па перыметры капліцы, заменяць страчаныя цэглу на кутніх карнізах, зашкляць захаваныя металічныя пераплёты вокнаў, адрэстаўруюць металічныя дзверы.
Абследаванне капліцы-пахавальні. Фота: Facebook Ірына Варкулевіч
Таксама плануюць узнавіць страчаныя каменныя крыжы з ружовага граніту і дэкаратыўныя разеткі з пясчаніку паводле захаваных аналагаў, магчыма аднаўленне ўваходнага ганка.
Капліца-пахавальня. Фота: Facebook Ірына Варкулевіч
«Калі хопіць грошай, зробім больш. Але ўсё даражэе, калі праграма [«Культура Беларусі»] фармавалася, цэны на матэрыялы былі адны, зараз — іншыя. Будзем глядзець, што трэба ў першую чаргу», — патлумачыла Алена Шчасная.
Чаму важна захаваць капліцу
Зараз нашчадкаў Русаў не засталося, сачыць за пахаваннем няма каму. У 2019 годзе на капліцы з’явіліся таблічкі пра небяспеку падыходзіць бліжэй за 10 м — з помніка абвальвалася плітка і цэгла. Сродкі на рэстаўрацыю тады шукала сучасная гродзенская абшчына лютэран, але рэстаўрацыя не пачалася.
Капліца не толькі найстарэйшы аб’ект на могілках, але і частка архітэктурнай спадчыны горада, якую важна захаваць.
«Архітэктурная спадчына — гэта маркеры развіцця горада ў розныя перыяды і стагоддзі, якія адлюстроўваюць узровень жыцця гараджан, тэхналогіі будаўніцтва, нацыянальны склад насельніцтва і канфесіі, якія пераважаюць, правілы ўшанавання і захавання памяці тых, хто пайшоў у іншы свет», — лічыць Алена Шчасная.
Абследаванне капліцы-пахавальні. Фота: Facebook Ірына Варкулевіч
Хто такі генерал Русаў
Аляксандр Русаў удзельнічаў у Крымскай вайне, кіраваў падаўленнем сялянскіх хваляванняў у Кіеўскай губерні. У 1885 годзе ў званні генерал-маёра выйшаў у адстаўку і купіў фальварак Закрэўшчызна паблізу цяперашняй чыгуначнай станцыі Жытомля. У тым жа годзе яго прызначылі правадыром дваранства Гродзенскага павета. Таксама Русаў быў старшынёй з’езду міравых пасярэднікаў, старшынёй камітэта грамадскага здароўя, узначальваў павятовую санітарную камісію і камісію па складанні спісаў прысяжных засядацеляў. З 1892 года быў сябрам Гродзенскага павятовага аддзялення Літоўскага епархіяльнага вучэльнага савета.
Аляксандр Русаў быў лютэранінам. Калі ён памёр 6 кастрычніка 1896 года, яго пахавалі на могілках, заснаваных пры яго ўдзеле. Праз некалькі гадоў жонка, таварышы па службе, калегі па грамадскай дзейнасці і сябры лютэранскай абшчыны Гродна ўзвялі над магілай капліцу. Гэтая пабудова перажыла савецкі час, калі руйнавалі іншыя помнікі і знішчылі лютэранскую частку могілак, а на частцы пахаванняў збудавалі шматпавярховік.