Восьмы раз на Старадарожчыне пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі” быў праведзены археалагічны летнік пад кіраўніцтвам вядомага археолага Алега Іова. Удзельнікі займаліся вывучэннем курганнага могільніка і селішча дрыгавічоў ХІ – ХІІ стагоддзяў.
Летнік ля вёскі Пасека дзейнічаў з 12 па 20 чэрвеня. Падчас яго працы быў вывучаны курган з касцямі жанчыны. Пры нябожчыцы былі знойдзеныя шкляная пацерка замежнага паходжання і два пахавальныя гаршчкі з куццёй, што выглядае загадкава, калі ўлічваць традыцыі дрыгавічоў класці з памерлым па адным экземпляры посуду.
На месцы старадаўняга селішча быў знойдзены цэлы шэраг знаходак: жалезныя наканечнікі стрэлаў, нажы, цясло і дробныя гаспадарчыя рэчы ХІ – ХІІ стагоддзяў. Акрамя гэтага Алегам Іовам на могілках ля вёскі Сінягова быў зафіксаваны паганскі ідал.
У даследаванні дрыгавіцкага кургана і селішча бралі ўдзел не толькі старадарожскія аматары гісторыі – прыехалі валанцёры з Брэста, Салігорска і Слуцка. Сярод іх – прафесійны музыка, паэт Аляксандр Крываносаў, які некалькі вечароў выконваў перад удзельнікамі летніка каля вогнішча песні з уласнага рэпертуару.
Для дзетак з мясцовага школьнага летніка была праведзеная экскурсія да месцаў раскопак, дзе яны пазнаёміліся з вынікамі археалагічных раскопак і старажытнай гісторыяй сваёй мясцовасці.
Але не толькі праца паяднала аматараў гісторыі. Традыцыйна ў летнік прыехалі вядомыя творцы: адбыліся выступы пісьменніка Уладзіміра Арлова і музыкі Змітра Вайцюшкевіча, якія дадалі сваімі творамі натхнення да заглыблення ў беларушчыну. Скончыўся летнік канцэртам, арганізаваным непасрэдна ўдзельнікамі раскопак. Аматары археалогіі атрымалі аўтарскія кружэлкі Уладзіміра Арлова і Змітра Вайцюшкевіча, а таксама прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Пры развітанні ўсе прысутныя на археалагічных раскопках паабяцалі сустрэцца зноў на Старадарожчыне, каб зноў разам вывучаць мінулае роднага краю.
Віталь Юрэвіч