У пятніцу, 10 красавіка, сцены віцебскага “Паддашку” прымалі ў госці гурт “Разбітае Сэрца Пацана”. Апошні канцэрт у Віцебску ў хлопцаў быў у лістападзе, пасля доўгай разлукі мы паразмаўлялі з самымі інтэлігентнымі і абаяльнымі “пацанамі” пра каханне, вечнасць і Віцебск.
— Пачну здалёк: кажуць, што першыя канцэрты гурт РСП даваў у сценах сталоўкі Беларускага ўніверсітэта культуры. Што натхняла вас тады?
— У нас увогуле быў спецыфічны курс: мы шмат забаўляліся, гралі і рабілі іншыя рэчы. Тады, зразумела, ва ўніверы было значна больш свабоды, чым зараз, канцэртамі ў сталоўке мы толькі пару разоў здзівілі прарэктара, не болей. А пачалося ўсё, уласна, з песні “Розавы закат”: ну, дакладней, з яе варыяцый, якія мы выконвалі. То бок, увесь рэпертуар быў з чатырох песень: арыгынальны “Розавы закат” і яшчэ тры такія ж мелодыі з іншымі тэкстамі. Але ўсе яны былі пра каханне.
— А якім чынам перайшлі ад грання ў сталоўцы да рэальных выступаў і творчасці?
— Пасля ўнівера быў невялікі перапынак, потым хлопцы сабраліся ў новым складзе, захацелася неяк далей развівацца. Пачаліся першыя выступы. Адзін з нашых першых значных канцэртаў, які мы помнім, — выступ у Палацы мастацтваў разам з “Серебряной Свадьбой” і “Сашай і Сірожай”. Але ў нас усё яшчэ крыўда: мы былі як антракт, усе паліць пайшлі, якраз паміж двума гуртамі.
— Канцэрты РСП усе памятаюць як трэш-шоу: заўсёды з вамі побач былі “шоу-балеты” (“Плахішкі”, “Расцішкі”, “Зорачкі”, ЭВМ і г.д.). Зараз гурт выступае сольна. Чым стараецеся браць публіку?
— А мы самі намагаемся: працуем над пластыкай, мімікай, трэба проста сачыць за нашымі тварамі, бо мы актыўна рухаем бровамі. Гэта наш новы спосаб завабіць публіку.
— Пра вашу песню “Что-то не так” пішуць, што гэта сур’ёзная сацыяльная сатыра. Ці намагаліся вы закрануць нейкія сацыяльныя тэмы падчас яе напісання?
— Кожны чуе тое, што ён хоча пачуць. Ну так, можа і сатыра. Але ж усе нашыя песні сацыяльныя. І пра каханне! Вось калі слухаць тэкст “Что-то не так” — то там усё зразумела, там таксама пра каханне, але да Радзімы.
— А якія тэмы, акрамя кахання, турбуюць вас? І увогуле, ці складана шукаць тэмы ў жорсткай рэчаіснасці і прапускаць іх праз сябе з гумарам, у манеры РСП?
— Ну, каханне ж кіруе светам! Насамрэч, як мы ўжо казалі, усе нашыя песні глыбока сацыяльныя. А яшчэ мы любім займацца дабрачыннасцю: з радасцю ўдзельнічаем у канцэртах, якія скіраваныя на дапамогу дзеткам, жывёлам і г.д. Ну, а наконт рэчаіснаці, гумар — адзінае, што дапамагае ўспрымаць яе адэкватна і дапамагае існаваць у ей.
— Як выглядае фанат гурта РСП, з вашага пункту гледжання?
— Гэта інтэлектуальны чалавек. А ўвогуле, мы зараз заўважылі, што асвоілі новую аўдыторыю — да нас усё часцей і часцей прыходзяць хіпстары на канцэрты. Але мы не радуемся. Мы іх завем “пантарэзамі”. А яшчэ ў нас ёсць мара: хочам, каб на нашым канцэрты прыходзіў нармалёвы працоўны клас, сталяроў, напрыклад.
— Апошняя хваля папулярнасці РСП звязаная з вашымі аншлагавымі канцэртамі з Аляксандрам Саладухай. Раскажыце, як з’явілася ідэя сумесных выступаў і ці спадабалася вам супольная праца.
— Ідэя належыць нашаму калеге — Ніку Маторыну. Ён даўно марыў зладзіць канцэрт Аляксандра, але ўсё ніяк не атрымлівалася. А тут неяк сышліся зоркі і мы вырашылі зладзіць супольны канцэрт у менскім “Графіці” (адбыўся 14 студзеня). Хто быў там — ведае, як атрымалася добра. Ну, праўда. Што наконт самога Аляксандра, ён вельмі харызматычны, вельмі энергічны. Адчуваеш нейкі запал нават калі проста побач стаіш. Выступае ён вельмі аддана і шчыра: спеў чатыры песні, а вярнуўся ў грымёрку ўвесь мокры.
— Ходзяць чуткі, што РСП рыхтуецца да выхаду новага альбома. Ці так гэта?
— Часткова так. Насамрэч, мы толькі ўчора скончылі запісвацца, а ўжо сёння на канцэрте некаторыя песні прэзентуем, так што рыхтуйцеся!
— Віцебская публіка так чакала вашага прыезду, што нават зладзіла крэатыўнае спаборніцтва на лепшае відэазапрашэнне на канцэрт. Які вердыкт гурта: чыя перамога?
— Так, безумоўна, мы бачылі гэты бліскучы конкурс! Окей, нашае рашэнне можа паказацца прымітыўным, але мы галасуем за першы ролік, бо грудзі вырашаюць. Выбачайце.
— Як бачна, у Віцебску вас ведаюць даволі добра, вы дакладна маеце сваіх фанатаў. А якое вашае стаўленне да горада: можа, ёсць асаблівыя традыцыі ці ўспаміны?
— О, мы вельмі любім Віцебск, таму што ў нас сапраўды ёсць віцебская традыцыя. Мы кожны раз як прыяжджаем, ходзім у “Дом Кіно”. І сёння: раніцай выехалі з Менска, прыехалі і вось пайшлі адразу. Таму жартуем заўсёды, што ездзім у Віцебск, каб кіно паглядзець. Ну а ўспаміны — прыемныя, безумоўна, — застаюцца пасля кожнага выступу. Дзякуй усім наведвальнікам за гэта, гэта крута.
З РСП размаўляла Віка Фаміна
Фота ад Дзiмы Лася, vitebsk4.me