Якім чынам у сталічным ландшафце прадстаўлены помнікі, памятныя дошкі, іншыя аб’екты, што тым ці іншым чынам ушаноўваюць асобу, падзею ці з’яву? Вынікі даследавання на гэтую тэму прадставіў інстытут «Палітычная сфера».
Гэта ўжо другое даследаванне «Палітычнай сферы» на гэтую тэму. У мінулым годзе інстытут рабіў даследаванне мемаратыўных аб’ектаў абласных цэнтраў Беларусі. «На будучыню маем планы пашырэння гэтага даследавання на іншыя, больш дробныя гарады», — заўважыў падчас прэзентацыі доктар палітычных навук, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.
Андрэй Казакевіч. Крыніца: reform.news
Як паведаміў адзін з аўтараў даследавання, гісторык Андрэй Мастыка, усяго ў Мінску было прааналізавана 765 аб’ектаў, гэта помнікі і манументы, мемарыяльныя шыльды і знакі, жанравыя скульптуры і кампазіцыі.
«Для вызначэння прыналежнасці мемаратыўных аб’ектаў да пэўнай гісторыка-культурнай традыцыі і выяўлення асаблівасцяў, той памяці, якую яны транслююць, былі вылучаны тры параметры:
1. Які гістарычны перыяд адлюстроўваецца;
2. Якой тэматыцы (асобе, падзеі, з’яве) прысвечаны;
3. Чыю памяць прадстаўляе ў этна-нацыянальным ці дзяржаўна-палітычным сэнсе (пэўнай дзяржавы, нацыі, этнасу, супольнасці). Мы дзялілі ўмоўна на прыналежнасць да расійскага гістарычнага наратыву, уласна беларускага, савецкага дзяржаўнага наратыву, савецкі мы дзялілі на агульнасавецкі (памяць такіх дзеячаў як Ленін, Дзяржынскі, Калінін) і вылучалі беларускі савецкі наратыў», — распавёў гісторык.
Андрэй Мастыка. Крыніца: palatno.media
Вось як падзяляюцца помнікі Мінска храналагічна: прысвечаныя гісторыі да 19 стагоддзя — 27 аб’ектаў/3,5%; 19 стагоддзю — 30/3,9%; 20 стагоддзю — 663/86,7%; найноўшай гісторыі — 45/5,9%.
У абласных гарадах агульная карціна выглядае крыху інакш: было прааналізавана 868 аб’ектаў, прысвечаныя гісторыі да 19 стагоддзя — 47 аб’ектаў/5,4%; 19 стагоддзю — 65/7,5%; 20 стагоддзю — 679/78,2%; найноўшай гісторыі — 77/8,9%.
Правал з даўняй гісторыяй
Калі казаць пра помнікі, прысвечаныя перыяду да 19 стагоддзя, то ў Мінску важнай асаблівасцю ёсць тое, што найбольш вылучаюцца помнікі, звязаныя з культурай у шырокім сэнсе.
«Духоўна-культурная сфера дамінуе, памяць іншых культур мінімальная. У абласных гарадах больш заўважныя рэгіянальныя асаблівасці, так, бачны ўплыў польскага фактару ў заходніх абласных цэнтрах, і расійскага — ва ўсходніх. У Мінску ж у абсалютнай большасці гэта аб’екты беларускія нацыянальныя па характару памяці», — сказаў Андрэй Мастыка.
«У Мінску абсалютны правал з помнікамі, якія прысвечаныя перыяду да 19 стагоддзя. І ў параўнанні з абласнымі гарадамі, і з улікам таго, колькі адводзіцца месца гэтаму часу ў падручніках. Напрыклад, няма ніводнага помніка, які б быў прысвечаны перыяду Полацкага княства, ці выбітным асобам таго княства», — заўважае Андрэй Казакевіч.
Меншы каланіяльны ўплыў, чым у абласных цэнтрах
Сярод помнікаў, прысвечаных падзеям і асобам 19 стагоддзя, у абласных гарадах «вельмі заўважны расійскі ўплыў, Гогаль, Пушкін і г.д.».
У Мінску сярод помнікаў, прысвечаных 19 стагоддзю, дамінуюць таксама памятныя аб’екты, звязаныя са сферай культуры, але ў «помніках, прысвечаных культурным здабыткам і постацям, выразна вылучаецца нацыянальны характар, расійскі фактар прысутны, але відавочна меншыя каланіяльныя ўплывы ў камемаратыўным ландшафце з боку Расіі, чым гэта назіраецца ў абласных цэнтрах».
Помнік «Залатое кальцо беларускай навукі» ў Мінску. Фота: realt.onliner.by
Вайна дамінуе
Сярод помнікаў Мінска, прысвечаных 20 стагоддзю, больш траціны ў памяць падзей і асоб Вялікай айчыннай вайны: падзеі ВАВ — 238 аб’ектаў/36,5%; культура, літаратура, мастацтва — 139/21,3%; навука і адукацыя — 89/13,7; Кастрычніцкая рэвалюцыя — 65/10%.
У абласных гарадах тэма вайны дамінуе — 404/57,5%.
«У Мінску значна менш у адносных паказніках аб’ектаў, прысвечаных ВАВ, калі параўноўваць з абласнымі цэнтрамі. Важнае месца займаюць мемаратыўныя аб’екты, прысвечаныя культурным здабыткам і постацям, што таксама вылучаецца на фоне абласных цэнтраў, дзе другім па значнасці ідуць помнікі, прысвечаныя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Значна менш прадстаўлена памяць аб Афганістане. Памяць жа пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС прадстаўлена досыць маргінальна, як і ў абласных цэнтрах», — зазначае Андрэй Мастыка.
Падзел мемаратыўных аб’ектаў Мінска, прысвечаных 20 стагоддзю, паводле нацыянальна-культурнай прыналежнасці памяці: 450 помнікаў/75,2% — БССР; 96/14,7% — СССР; 23/3,5% — савецкіх рэспублік. У абласных гарадах сітуацыя падобная.
У Мінску ёсць свае асаблівасці памяці пра Вялікую айчынную вайну:
— у памяці пра вайну дамінуюць аб’екты, якія адлюстроўваюць гераічныя наратывы, вайсковыя дасягненні і славу;
— у Мінску крыху лепш прадстаўлена памяць пра ахвяр вайны, аднак яны ўсё ж у меншасці. Так, 7,1% помнікаў прысвечана ахвярам вайны, 5% ахвярам Халакосту;
— заўважная прысутнасць помнікаў героям вайны з савецкіх рэспублік.
Калейдаскоп з ухілам да сілавых устаноў
Помнікі, прысвечаныя найноўшай гісторыі, уяўляюць сабой па тэматыцы калейдаскоп, як выразіўся Андрэй Мастыка. Выдзяляецца сфера культуры і сілавікі — шмат памятных аб’ектаў, прысвечаных МЧС, МУС, памежнікам, вайскоўцам і г.д.
«Сучасная эпоха прадстаўлена ў Мінску пераважна аб’ектамі, прысвечанымі ўласна беларускай гісторыі. Не выяўляецца дакладная канцэпцыя і стройны план па ўшанаванні тых ці іншых падзей ці асоб. Памятныя аб’екты ўзнікаюць спарадычна пад уплывам розных зацікаўленых груп у грамадстве. Можна ўбачыць пэўныя прыярытэты дзяржавы, але колькасць помнікаў, прысвечаных сілавікам і дзяржаўным ведамствам, меншая, чым у абласных гарадах, дзе такія помнікі дасягаюць амаль чвэрці ад агульнай колькасці, прысвечаных падзеям найноўшай гісторыі», — падсумоўваюць аўтары даследавання.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
У шапцы артыкула выкарыстаны малюнак Паўла Татарнікава
Чытайце яшчэ: 5 прыродных помнікаў Беларусі, пра якія вы не чулі