Пра тое, як так выйшла, што пасля трох дзесяцігоддзяў праўлення Аляксандра Лукашэнкі жыхар Беларусі дзесяць разоў падумае, перш чым стане выкарыстоўваць беларускую мову ў грамадскім месцы, піша «Салідарнасць».
У маім суб’ектыўным успрыманні больш-менш без трывог размаўляць па-беларуску можна было ў першай палове 1990-х. Я тады быў дзіцем і мову актыўна выкарыстоўвалі, што ў сям’і (дзякуючы, перш за ўсё, бабулі), што ў школе — большасць прадметаў выкладалася на беларускай мове, а не на рускай.
Добра памятаю, як вынікі рэферэндуму 1995 года, калі расейскай мове надалі статус дзяржаўнай (ці нібыта «роўнай» беларускай), прывялі вучняў нашай гарадской школы да моцнага стрэсу і стану, блізкага да шокавага.
Не таму, што дзеці ўсведамлялі палітычныя наступствы гэтага рашэння, а таму што прадметы ў школе пачалі пераводзіць на расейскамоўную тэрміналогію, у якой мы амаль нічога не разумелі. Нас ламалі праз калена, і на ранейшую паспяховасць большасць выкіравала толькі праз некалькі месяцаў.
Увесь падман са статусам рускай мовы як «роўнай» беларускай я ўсвядоміў ужо пасля заканчэння школы, калі свядома перайшоў на мову. Так, я і мае сябры на вуліцах увесь час сутыкаліся са словамі падтрымкі. Але калі даходзіла да нейкай справы, дык высвятлялася, што ў нас няма права выкарыстоўваць беларускую мову.
Адзін з шокаў юнацтва — аднойчы ў фотаатэлье мне заявілі, што не будуць мяне абслугоўваць, таму што «не разумеюць» (потым высветлілася, што фатограф прыехала з усходняй Украіны). І кіраўніцтва краіны зрабіла так, што я ня мог нічога змяніць. Атрымлівалася, што накшталт, як і не «забараняюць» мову, але пры гэтым і не «дазваляюць».
Напрыклад, амаль ва ўсіх выпадках кантакту з сістэмай аказвалася, што дакументацыя ёсць толькі на рускай, а на беларускай яе мне прадстаўляць ніхто не будзе. Таму што «руская — таксама дзяржаўная мова».
Нечага можна было дабіцца, але для гэтага знаёмым даводзілася літаральна весьці барацьбу з чыноўнікамі — каб пасля доўгіх пакутаў атрымаць такую дробязь, як дакумент па-беларуску.
Немагчыма прыняць і апраўдаць той факт, што большасць беларусаў адмовіліся ад карыстання беларускай мовай. Але з улікам умоў, створаных дзяржавай, можна часткова зразумець, чаму шмат хто з іх гэта зрабіў. Цяжка быць белай варонай, ды яшчэ бяспраўнай.
На нейкі кароткі перыяд у другой палове 2010-х беларускамоўным пры кантактах з сістэмай стала крыху лягчэй, але толькі крыху. Аддаць дзіця ў беларускамоўную групу ў дзіцячым садку і беларускамоўны клас у школе мы так і не змаглі.
Звароты і калектыўныя лісты (а жадаючых хапала), нічога не далі. Чыноўнікі прапаноўвалі вазіць дзяцей у беларускамоўныя групы ў садку і школе праз паўгорада — такая магчымасць знайшлася толькі ў адзінак.
Пасля 2020-га напружанасць рэзка павялічылася: як інакш, калі нават культурныя беларускамоўныя праекты сталі «экстрэмісцкімі»? Неяк неўзаметку для сябе я пачаў імкнуцца размаўляць на вуліцы крыху цішэй.
У 2022-м шмат хто з расейскіх вайскоўцаў напэўна адчуваў сябе ў Беларусі амаль як дома — вакол жа амаль суцэльная чыстая руская гаворка.
У 2023-м пазбавіцца страху было ўжо амаль немагчыма. Жыхарка Мінска распавядала «Салідарнасці»:
— Калі раней я ехала на маршрутцы, магла сказаць: «Спыніце мне на прыпынку», а апошнія часы мне проста страшна казаць гэта на беларускай, бо я не ведаю, хто са мной едзе. Тое ж самае на працы: ніколі не ведаеш, які кліент да цябе трапіць і куды ён можа паведаміць, што тут працуе беларускамоўны чалавек.
Пры ўладзе Лукашэнкі беларускамоўныя беларусы і так адчувалі сябе ва ўразлівым становішчы, а пасля пачатку палітычных рэпрэсіяў і нападу на Украіну здаецца, што яны вось-вось пачнуць азірацца па баках, перш чым нешта сказаць.
Сёння жыхар краіны, якім бы патрыётам ён не быў унутры, дзесяць разоў падумае, ці варта пераходзіць на людзях на мову.
На шчасце, найбольш прагрэсіўная частка беларусаў не дасць мове ні памерці, ні змяніць яе статус якара нацыянальнай ідэнтычнасці і незалежнай дзяржавы. Але толькі за тое, як рэжым Лукашэнкі ставіўся да мовы беларусаў, яму падрыхтаваны суд гісторыі.
Чытайце яшчэ: Што для беларусаў беларуская мова? Даследаванне пра «хвалі беларускамоўнасці» 2020 і 2022 гадоў