«Нягледзячы на тое, што мы зараз раскіданыя па ўсім свеце, вельмі важна памятаць пра тое, што мы ўсе працуем на адзіную Беларусь. Нам часта кажуць: «Вы за мяжой, як вы можаце зразумець, як мы жывем»? Мы можам быць вашым голасам. Мы ёсць вашым голасам. Мы ствараем розныя магчымасці, якія не заўсёды лёгка перавесці ў Беларусь, але для нас гэта абсалютны прыярытэт».
Аліна Коўшык — беларуская журналістка, грамадская і палітычная дзяячка. Скончыла гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, атрымаўшы дыплом гісторыка і выкладчыцы англійскай мовы. Пазней скончыла Варшаўскі ўніверсітэт па спецыяльнасці паліталогія і гісторыя, кірунак — Усходняя Еўропа. Жыве ў Варшаве. Да верасня 2022 года працавала на тэлеканале «Белсат». Сузаснавальніца Цэнтра беларускай салідарнасці ў Варшаве і творчай пляцоўкі ІнБелКульт 2.0. У верасні 2022 года прызначаная прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Беларусі.
У інтэрв’ю Budzma.org Аліна Коўшык распавядае пра год працы ў Кабінеце, пра свае спадзевы і перасцярогі што да беларускай культуры, пра Канцэпцыю нацыянальнага адраджэння, стаўленне да ўмоўнага падзелу «з’ехалі-засталіся» і няпростыя выклікі эміграцыі.
Аліна Коўшык падчас беларускага кінанэтворкінгу
Пра Канцэпцыю нацыянальнага адраджэння
Пра падзел «з’ехалі-засталіся»
Пра праблему ўздыму так званага ліцвінізму ў Літве
Пра развіццё беларускай культуры ва ўмовах эміграцыі
Пра Кангрэс беларускай культуры і чаканні ад яго
Пра вынікі працы ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Беларусі
— Лёгка падводзіць вынікі, калі ты працягваеш нейкую справу, або ўступаеш у нейкую парадыгму, якая існуе. Мы падчас стварэння Кабінету фактычна выйшлі на такую хісткую глебу невядомай зямлі, у якой няма правілаў, няма межаў, няма зразумелых алгарытмаў суіснавання.
Таму нашай задачай з’яўляецца стварэнне магчымасцяў для існавання беларусаў па-за межамі дзяржавы. Мы нават замахваемся ў пэўным сэнсе на стварэнне краіны па-за межамі рэальнай краіны, улічваючы велізарныя міграцыйныя патокі, якія ёсць пасля 2020 года з Беларусі.
Ды яны былі і раней, але не такія масавыя. Таму спачатку, каб існаваць у гэтым, трэба было збудаваць пэўную парадыгму і зразумець, як нам рухацца і што рабіць. І таму вынікі падводзіць цяжка, але дзеля гэтага ў нас прайшлі слуханні ў Каардынацыйнай радзе, дзе мы прадставілі справаздачу аб нашай дзейнасці.
Для мяне было вельмі важна разабрацца ва ўсім гэтым полі і ў мностве актараў, якія працуюць на ніве нацыянальнага адраджэння, беларускай культуры, адукацыі, усталяваць з імі адносіны, знайсці міжнародных сяброў і зразумець, якія праекты на дадзены момант для нас з’яўляюцца стратэгічнымі, прыярытэтнымі. Падтрымкі патрэбна вельмі шмат. Нас — персон з Кабінету — называюць міністрамі, міністэрствамі, але я думаю, што гэта ўсё вельмі моцна на выраст, бо задачы стаяць глабальныя, а рэальна рэалізоўваць міністэрскія задачы невялікімі камандамі вельмі складана.
Аліна Коўшык падчас сустрэчы ў Бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане
Мяне асабіста вельмі радуе, што з намі працуюць людзі, якім не проста не ўсё адно, а людзі, для якіх справа беларуская — абсалютны прыярытэт, іх жыццёвая місія. І таму я перакананая, што з імі не страшна ісці ў агонь, ваду, не страшна ставіць такія сапраўды велізарныя задачы і ісці наперад. Для нас адным з такіх значных вынікаў працы стала стварэнне Канцэпцыі нацыянальнага адраджэння, якую мы будзем прэзентаваць увосень, якую я вельмі коратка, некаторыя пункты толькі, акрэсліла на канферэнцыі «Новая Беларусь», што адбылася ўлетку. Але яна ўсеагульная, яна закранае ўсе галіны жыцця сучаснага беларуса. То бок гэта такая ўсеабдымная вялікая канцэпцыя, якая тычыцца не толькі выкарыстання беларускай мовы, але шмат якіх іншых аспектаў будавання, адбудовы, развіцця нашай нацыі, нацыянальнай свядомасці. Масавага абуджэння пасля дзесяцігоддзяў у дыктатуры — адраджэння як супольнай, ганарлівай еўрапейскай нацыі.
— Чым так важная праца на нацыянальным культурніцкім полі?
— З майго пункту гледжання, акурат адраджэнне, абуджэнне і адбудова беларускай нацыі — гэта першасная наша задача, без яе не будзе ніякай змены рэжыму. Пакуль мы не зменім нашыя думкі, наш лад мыслення пра сябе як нацыю, мы не зменім гэты фасад, бо фактычна дыктатура з’яўляецца толькі фасадам, не самой тоеснасцю беларусаў. Таму я лічу, што акурат задача нацыянальнага адраджэння — першасная. І чым больш будзе разуменне гэтага сярод усіх жыхароў нашай краіны, грамадзян, тым прасцей будзе праводзіць змены ў жыццё.
Пра Канцэпцыю нацыянальнага адраджэння
— Ці можаце распавесці падрабязней пра Канцэпцыю нацыянальнага адраджэння?
— Важна падкрэсліць, гэта не проста стратэгія зменаў у культуры, гэта канцэпцыя змены нацыянальнага мыслення пра сябе як нацыю. Гэта стратэгія зрынання кайданоў мыслення як каланіяльнай нацыі. Гэта стратэгія правядзення дэкамунізацыі і дэімперыялізацыі ўсіх сфераў нашага жыцця. І таму, я думаю, гэтая стратэгія непазбежна прывядзе да павышэння ўзроўню нацыянальнай годнасці, свядомасці.
Бо я перакананая, што людзі, якія адчулі гонар быць прадстаўнікамі гэтай нацыі, могуць сапраўды зрынаць горы, рушыць муры і рабіць рэчы годныя. Беларусы паказалі, што яны на гэта здольныя.
Але менавіта таму, што гэтае пытанне настолькі важнае, дыктатура б’е менавіта па іх.
Аліна Коўшык і Святлана Ціханоўская на фестывалі TUTAKA летам 2023
На краіну навалілася татальная русіфікацыя, таксама назіраем поўнае збліжэнне адукацыйных сістэм беларускай і расійскай, мілітарызацыю школьнай адукацыі, і не толькі школьнай. Мы бачым, як знішчаецца незалежная беларуская культура, мы бачым, што за ўжыванне беларускай мовы затрымліваюць, мы бачым, што людзей, якія займаюцца даследаваннямі мовы ці гісторыі, звальняюць з месцаў працы, пераследуюць. Мы бачым, што кнігі прызнаюцца экстрэмісцкімі і выдаляюцца з бібліятэк. Сапраўднае цемрашальства, якое нагадвае паляванне на ведзьмаў і паленне кніг у сярэднявеччы...
Але вельмі прыемна, што пытанні нацыянальнага адраджэння, нацыянальнай гісторыі добра адгукаюцца сярод беларусаў. Бо мы кантактуем з людзьмі з Беларусі, і яны вельмі цёпла выказваюцца, яны хочуць браць удзел у ініцыятывах, для іх гэта важна.
Аліна Коўшык на фестывалі беларукай культуры TUTAKA летам 2023
Пра падзел «з’ехалі-засталіся»
— Зараз шмат гавораць пра не раскол, але амаль — пра падзел беларусаў на тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся ў Беларусі. Вы адчуваеце гэты падзел? І што з гэтым нам рабіць?
— На маю думку, самае галоўнае дасягненне 2020 года, што мы сталі сапраўды народам, які аб’яднаўся, які хоча далей развівацца, які хоча быць суб’ектам у сваёй краіне.
Нягледзячы на тое, што мы зараз раскіданыя па ўсім свеце, вельмі важна памятаць пра тое, што мы ўсе працуем на адзіную Беларусь. Нам часта кажуць пра тое, што «вы за мяжой, як вы можаце зразумець, як мы жывем»? Мы можам быць вашым голасам. Мы ёсць вашым голасам. Мы ствараем розныя магчымасці, якія не заўсёды лёгка перавесці ў Беларусь, але для нас гэта абсалютны прыярытэт. Калі мы выдаем кніжкі папяровыя тут, за мяжой, мы клапоцімся пра тое, каб гэтыя кніжкі з’яўляліся ў электронным фармаце або ў аўдыяфармаце, каб іх таксама можна было прачытаць ці пачуць у Беларусі. Калі мы ствараем беларускую музыку тут, гэта значыць, што яна ствараецца перадусім для беларусаў, для таго, каб вы яе слухалі. Таму асабліва культурнае поле не падзеленае ніякімі штучнымі межамі дзяржаваў, яно вялікае, усеабдымнае. Бо Беларусь зараз ствараецца ва ўсім свеце, таму так важна выкарыстаць гэтыя магчымасці і сапраўды вяртаць Беларусь у еўрапейскую культурную прастору.
Гэта ўнікальны досвед, які мы перажываем зараз. Досвед сталення вельмі хуткага і навязвання сувязяў таксама імклівага, таму, я думаю, што гэта насамрэч нас вельмі ўзбагаціць як нацыю, дасць нам сілы, сяброў, партнёраў. Дзякуючы гэтаму досведу мы пойдзем далей, мы выратуем нашую краіну, мы пераможам, мы вернемся дадому.
Я думаю, мы мусім быць аптымістычнымі, мы мусім бачыць будучую краіну, якую мы хочам пабудаваць. Нядаўна быў дзень народзінаў Уладзіміра Арлова, я яму патэлефанавала, павіншавала, і мы з ім хутка перамовіліся. Спадар Арлоў падзяліўся тым, што ў яго такое ўражанне, што мы цяпер жывем у час паскарэння гісторыі.
А ў мяне ўражанне, што мы жывем у абсалютна гістарычны час, час складаны, вельмі цяжкі для жыцця, але вельмі важны для паўстання нашай нацыі. Таму трэба прыкладаць усе намаганні дзеля таго, каб у нас усё атрымалася. І таму трэба быць аптымістамі. Але для гэтага трэба быць і рэалістамі. І таму не быць галаслоўным, але ведаць, што дзеля гэтага мы ствараем дакументы, палітыкі, стратэгіі, каб наша праца была сістэматычнай, а не хаатычнай. Бо толькі тады яна зможа даць канкрэтныя вынікі.
Пра праблему ўздыму так званага ліцвінізму ў Літве
— Вы, напэўна ж, ведаеце пра новую праблему, якая паўстала перад беларускай дыяспарай у Літве — там улады вельмі занепакоіліся нібыта ўздымам так званага ліцвінізму, які, на думку некаторых палітыкаў, пагражае нацыянальнай бяспецы Літвы. Сумесь чутак, даволі крыва інтэрпрэтаваных меркаванняў, правакацыйныя відэа могуць істотна ўскладніць жыццё беларусаў у Літве. Што думае і прадрымае на гэты конт Міністэрства культуры новай Беларусі?
— Мы зараз вельмі актыўна працуем па тэме паляпшэння беларуска-літоўскіх адносінаў, робім шэраг супольных захадаў са Святланай Ціханоўскай, Каардынацыйнай радай. Я думаю, што найбліжэйшым часам гэтыя захады будуць бачныя, вы пабачыце іх вынікі. Мы разумеем, што, быць можа, мы недапрацавалі пасля 2020 года, пераехаўшы ў Літву і не звяртаючыся дастаткова інтэнсіўна да літоўскага грамадства, і зараз падышоў час на дыялог, час на выказванне сумесных пазіцыяў.
На фестывалі TUTAKA з экс-амбасадарам Польшчы ў Беларусі Адамам Міхальскім, опернай спявачкай Маргарытай Ляўчук і іншымі, лета 2023
Таму зараз нашыя высілкі будуць скіраваныя на розных узроўнях: палітычным, экспертным, на ўзроўні грамадскай супольнасці, звычайных грамадзянаў, на тое, каб палегчыць дыялог і разуменне адзін аднаго паміж беларусамі і літоўцамі. Нам сапраўды няма чаго дзяліць, у нас супольная спадчына.
Наша будучыня мусіць стаць будучыняй вельмі добрых суседзяў, якія дапамагаюць адзін аднаму і паважаюць і шануюць адзін аднаго. Не ідзе ніякай гаворкі пра «Вільня наша», у сэнсе, што Вільню ніхто не хоча забіраць.
Гэты горад значны з пункту гледжання нашай гісторыі, там паўсюдная нашая прысутнасць, прысутнасць беларускіх дзеячаў, мы шчыра любім Вострую браму. І я думаю, што хутчэй гэта сапраўды цеплы гістарычны ўспамін, які не мае нічога супольнага з палітычнымі рашэннямі сёння. Я думаю, што наадварот супольная гісторыя павінна нас аб’ядноўваць. Але наша задача расказаць пра гэта літоўцам — жыхарам краіны, якая нас так гасцінна сустрэла.
Я думаю, гэтае напружанне будзе знятае. Гэтая сітуацыя надзьмутая беспадстаўна і выкарыстоўваецца выключна ў нечыіх палітычных гульнях. Трэба не крыўдаваць, а дзейнічаць эфектыўна. Трэба разумець, што мы сутыкаемся з палітычнымі працэсамі ўнутры краіны. Гэта проста паказвае, што нам трэба больш працаваць на гэтай глебе, больш звяртацца да жыхароў краін, каб некаторыя палітыкі ці малавядомыя блогеры не ўздымалі такую буру ў шклянцы вады, якая рэальна не мае пад сабой ніякіх палітычных падстаў.
З візітам у Міністэрстве замежных спраў Францыі
Пра развіццё беларускай культуры ва ўмовах эміграцыі
— Што б вы самі адзначылі ў беларускай культуры сёння? Што вас зачапіла, узрушыла?
— Я жыву на полі беларускай культуры ўвесь час, нягледзячы на тое, што шмат гадоў жыву ў Польшчы. Гэта сапраўды для мяне было вельмі важна, а цяпер яшчэ больш істотна, улічваючы працу, якую я выконваю. Мне вельмі прыемна, калі падчас нейкіх беларускіх падзей да мяне падыходзяць арганізатары і кажуць «дзякуй, што вы прыйшлі». Я прыходжу вельмі часта і не толькі таму, што мяне гэта цікавіць асабіста, бо мне здаецца, што культура зараз можа быць больш гучная, заўважная, эфектыўная, чым палітыка. І гэта тое, праз што мы можам дагрукацца да сэрцаў мільёнаў людзей і ў Беларусі, і па-за яе межамі.
Я люблю слухаць беларускія плэй-лісты, чытаю беларускія кніжкі, апошняе, што прачытала, «Плошча Перамогі» Альгерда Бахарэвіча. Я думаю, што гэта дазваляе табе заставацца ў беларускім кантэксце, жыць, дыхаць беларускай культурай, прыходзіць на канцэрты выбітных беларускіх музыкаў, якія ў Варшаве здараюцца дастаткова часта.
Хочацца таксама адзначыць беларускія тэатры, якія робяць шыкоўныя пастаноўкі. І ў залі ты адчуваеш, што не знаходзішся недзе па-за межамі краіны. Не заўсёды ёсць час наведваць усё, што хочацца. Але тым не менш, гэта вялікая падтрымка для нашых творцаў, калі на іх падзеі прыходзяць людзі. Таму я не магу вызначыць, што галоўнае насамрэч, ці ёсць нейкае галоўнае. Я думаю, што ўсё важнае. І кожны творца ўзбагачае нас.
Нам агулам патрэбна для ўсіх больш беларускай культуры, якая падтрымае нас у рэчышчы беларускіх культурніцкіх кодаў, а не расійскіх ці іншых.
— Ці не пагражае адарванасць эміграцыі (будзем спадзявацца, часовая адарванасць) развіццю беларускай культуры як такой? Памятаем пра магутную плыню пасляваеннай эміграцыі, чые здабыткі, па вялікім рахунку, не былі і не сталі дасяжнымі для ўсёй беларускай грамады.
— Канечне, цяпер час іншы, зараз іншыя магчымасці камунікацыйныя. Але з іншага боку, дзякуючы эміграцыі ў нас з’явілася шмат выдатных твораў беларускай літаратуры, і яшчэ ў 20-я гады беларускія кніжкі выдаваліся не толькі на тэрыторыі Беларусі. І ў Польшчы, Празе, Вільні. У прынцыпе, гэта не такая новая з’ява. Дарэчы, адзін з праектаў, якія мы зараз рэалізуем, гэта культурніцкая мапа. На ёй будуць пазначаныя кропкі ў свеце, звязаныя з дзеячамі беларускай культуры. Рэліз гэтага праекта таксама будзе неўзабаве.
Я думаю, што гэты праект важны з пункту гледжання таго, што мы зможам паказаць, што мы, беларусы, прысутныя ў свеце зараз. Але мы былі прысутныя і раней. І што дакрануцца да беларускай культуры можна ў розных краінах. Можна казаць пра развіццё вось такога турыстычнага патрыятызму, калі, прыкладам, прыязджаеш у Прагу і ведаеш, куды пайсці, у якім месцы жыла Ларыса Геніюш ці дзе было выдавецтва Францыска Скарыны. Ты такім чынам таксама далучаешся да беларускага космасу.
Так што зараз час стварэнняў, час новых тэхналогій, якія трэба выкарыстоўваць дзеля таго, каб захоўваць нашу спадчыну і яе развіваць. Пашыраць беларускі космас.
Пра Кангрэс беларускай культуры і чаканні ад яго
— Мы размаўляем напярэдадні першага Кангрэсу беларускай культуры ў эміграцыі, да правядзення якога маеце самае непасрэднае дачыненне? Чаго чакаеце ад яго, чаму вырашыліся праводзіць?
— Гэта вельмі важная падзея, падзея, да якой мы саспявалі гэтыя тры гады, стараючыся асэнсаваць сябе ў новай сітуацыі, у якой мы апынуліся, стараючыся пераламаць усе гэтыя складанасці, якія ёсць, выжыць. І зараз мы падышлі, як мне падаецца, да новай кропкі, і я спадзяюся, што якраз першы Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі дазволіць нам расставіць новыя акцэнты ў развіцці структурнай, сістэмнай супрацы, узаемадзеяння беларускай культурнай суполкі з тымі асяроддзямі, тымі месцамі, дзе мы зараз знаходзімся. Мы будзем разам з беларускімі культурніцкімі дзеячамі шукаць магчымасці, як лепей ствараць умовы і развіваць беларускую культуру. Не проста захоўваць — а развіваць.
Як знайсці ў гэтым новым асяроддзі імпульсы для яе ўзбагачэння, як падзяліцца нашым унікальным досведам з нашымі калегамі, якія працуюць у зусім іншых умовах, тымі ж палякамі, літоўцамі, немцамі ці прадстаўнікамі іншых краін, дзе мы зараз знаходзімся.
Вельмі хочацца, каб беларуская культурная супольнасць паразумелася, спрыяла развіццю адзін аднаго, каб мы разам казалі адным голасам — неабавязкова ў нас мусіць усё супадаць, але тым не менш я перакананая, што ў нас адна мэта.
І мы здольныя да таго, каб знайсці вось гэтыя супольныя кропкі размовы, падзяліцца тым досведам, які мы ўжо сабралі і паставіць вельмі смелыя мэты на будучыню, бо разумеем, што Беларусь — перадусім, што гэта той цэнтр, тое сэрца, з якога прарастае ўся наша дзейнасць.
Генадзь Сапежынскі, budzma.org
Чытайце яшчэ:
«Ты ж разумееш, што для цябе ёсць пагроза – зрабіцца Алесем [Пушкіным]». Беларускі ПЭН прадставіў вынікі даследавання рэпрэсій у сферы культуры