У Музеі кнігі пакажуць выставу мастацкіх прац, выкананых у рэдкай тэхніцы разцовай гравюры

13.01.2022 Мастацтва

18 студзеня а 16-й гадзіне ў музеі кнігі адбудзецца адкрыццё выставы «Разцовая гравюра: Лембіт Лыхмус і венская школа», паведамляе nlb.by.


107.jpg

На выставе будуць прадстаўлены тонкія і дасканалыя графічныя працы сучасных мастакоў, выкананыя ў тэхніцы класічнай разцовай гравюры. Гэта складаная і рэдкая сёння тэхніка выкарыстоўвалася графікамі з XV ст., а ў канцы XVI — XVIII ст. мела вялікае пашырэнне ў Беларусі. Яркім прадстаўніком, які працаваў у дадзенай тэхніцы, з’яўляецца Альбрэхт Дзюрэр.

У Беларусі разцовай гравюрай займаліся Тамаш Макоўскі, Аляксандр і Лявонцій Тарасевічы, Максім Вашчанка і інш. Сёння ў гэтай вельмі складанай тэхніцы беларускія майстры амаль не працуюць.

Асновай для экспазіцыі сталі сучасныя мастацкія творы з прыватнай калекцыі бібліяфіла Алега Судлянкова, а таксама работы замежных мастакоў, адмыслова перасланыя ў Беларусь для гэтай выставы. Большасць з іх — экслібрысы, якія вызначаюцца глыбокай дэталізацыяй і вельмі тонкім узроўнем выканання.

Экспазіцыя будзе працаваць у музеі кнігі (пам. 347) да 28 сакавіка 2022 г.

nlb.by