Выйшаў новы ролік адукацыйнага відэапраекта для дзетак «Разумняты». Разам з вядучай Алачкай рушым у лясны край - на Брэстчыну. Чаму яе так называюць і якія архітэктурныя і прыродныя цуды мае Брэсцкая зямля, даведаецеся ў новым выпуску «Разумнятаў».
А для самых кемлівых мы падрыхтавалі цікавыя заданні па тэме, якія можна раздрукаваць, спампаваўшы дадатак па спасылцы.
На асабовым баку пяцірублёвай купюры можна пабачыць выяву высокай вежы з зубчыкамі наверсе. Гэта Камянецкая вежа. Будавалася яна ў ХІІІ стагоддзі (больш за 700 год таму!). У тыя часы такія вежы будаваліся шмат у якіх гарадах: Гродне, Мядзелі, Тураве, Полацку, Брэсце ды іншых. Але да нашых дзён захавалася толькі Камянецкая.
Камянецкая вежа. Фота з Вікіпедыі
Канечне, яна не аднойчы разбуралася, і з чатырнаццаці верхніх зубцоў толькі адзін захаваўся з часоў яе ўзвядзення. І ўсё ж вежа вытрымала ўсе выпрабаванні. Шмат таямніц назапасіла яна за гады свайго існавання. Напрыклад, як у ХІІІ стагоддзі будаўнікі змаглі стварыць настолькі трывалы падмурак, што ён прастаяў столькі год і не збіраецца разбурацца. Гэта пры тым, што суседнія будынкі (напрыклад, СШ № 1), якім і сто год не набярэцца, ужо патрэскаліся і часткова разбурыліся.
Яшчэ адной загадкай з’яўляецца тое, навошта ў мінулым стагоддзі мясцовыя ўлады вырашылі пабяліць мураваную вежу. Дарэчы, з тых часоў Камянецкую вежу сталі называць «белай», хаця гэта не зусім правільна. Пры апошняй рэстаўрацыі нават альпіністаў прыйшлося клікаць, каб прыбралі рэшткі гэтай пабелкі і вярнулі вежы яе прывабны выгляд.
За 120 км ад гэтага ўнікальнага помніка гісторыі знаходзіцца фальварак Мерачоўшчына. Тут нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.
Андрэй Банавентура Тадэвуш Касцюшка — герой у некалькіх краінах свету: у Беларусі, ЗША і Польшчы за вайсковыя заслугі.
Ён бараніў нашых продкаў у агульнай дзяржаве беларусаў, літоўцаў, палякаў і ўкраінцаў — Рэчы Паспалітай ад Расійскай імперыі, Прусіі, ваяваў у званні палкоўніка на баку каланістаў — продкаў сучасных грамадзян ЗША і дапамог іх краіне здабыць незалежнасць. У Штатах ён спраектаваў адну з самых недаступных фартыфікацый — Форт-Нокс.
Потым Касцюшка вярнуўся на Радзіму, дзе прыняў удзел у стварэнні другой у свеце Канстытуцыі 3 мая 1791 года.
Пасля другога падзелу краіны нашых продкаў — Рэчы Паспалітай, Касцюшка арганізаваў паўстанне ў сакавіку 1794 года і ўзначаліў яго. Але быў моцна паранены і трапіў у рускі палон. Паўстанне праз месяц было задушана, а такая краіна, як Рэч Паспалітая, перастала існаваць.
Праз два гады палону Касцюшка быў памілаваны, бо абяцаў імператару Расійскай імперыі больш ніколі не ваяваць супраць Расіі. Цікава, што калі Павел І прыйшоў памілаваць генерала, то той нават не ўстаў павітаць імператара. Ёсць легенда, што абодва яны былі сябрамі патаемнага Ордэна Масонаў, і Касцюшка меў вышэйшае за імператара званне, таму мог так сябе паводзіць.
Пасля Тадэвуш Касцюшка выехаў у Злучаныя Штаты. Праз два гады, у 1798 годзе, ён вызваліў ад прыгоннага права ўсіх сваіх рабоў, а грошы і маёнтак пакінуў ім, каб тыя маглі за нешта жыць і атрымаць адукацыю.
Касцюшка вярнуўся ў Еўропу і стаў жыць у Швейцарыі. Хутка ў Францыі да ўлады прыйшоў Напалеон. Былі чуткі, што генерал Касцюшка быў добра знаёмы з французскім імператарам, якога ласкава, па-сяброўску называў Банапарцьё. Напалеон нават прапаноўваў Касцюшку высокую вайсковую пасаду, каб разам ісці ваяваць супраць Расійскай імперыі ў 1812 годзе. Але будучы чалавекам слова, Тадэвуш Касцюшка стрымаў дадзенае Паўлу І абяцанне і адмовіўся.
Помнік Касцюшку ў Мерачоўшчыне
Гадуем сапраўдных беларусаў разам з «Будзьма!» Папярэднія выпускі відэапраекта «Разумняты» глядзіце па спасылцы.
«Разумняты» — гэта цыкл інтэрактыўных пазнавальных відэаролікаў, якія ў займальнай форме знаёмяць дзетак з навакольным светам на роднай мове.
Ролікі выходзяць на ютуб-канале «Будзьма» шточацвер. Падпісвайцеся, каб не прапусціць!
Вучыцца на роднай мове цікава і прыемна. Дайце сваім дзеткам шанец зразумець гэта.
Праект «Разумняты» разлічаны на ўзрост 5-9 год, а гэта, як вядома, самы спрыяльны час для вывучэння мовы. Цыкл нашых заняткаў пашырыць моўнае асяроддзе вашых дзетак, да ўсяго — гэта якасная альтэрнатыва мульцікам і кампутарным гульням.
Глядзіце, натхняйцеся і дзяліцеся відэаролікамі.
Наша будучыня за нашымі дзецьмі!