Распачынаем новы сезон адукацыйнага відэапраекта для дзетак «Разумняты». Ён будзе прысвечаны геаграфіі Беларусі. Чаму Беларусь унікальная краіна, чым багатая наша зямля, і якія таямніцы яна захоўвае. Пра гэта даведаецеся ў новым роліку другога сезона. А яшчэ вас чакае смачная моўная хвілінка!
А для самых кемлівых мы падрыхтавалі цікавыя заданні па тэме, якія можна раздрукаваць, спапаваўшы дадатак па спасылцы.
Гэта цікава!
Адкуль пайшла назва Беларусь
Пра паходжанне назвы Беларусь вучоныя спрачаюцца і па сённяшні дзень. Справа ў тым, што наша краіна мае настолькі багатую гісторыю, што адшукаць праўду бывае складана. Некаторыя лічаць, што нагодай для такой прыгожай назвы стаў колер валасоў і скуры старажытных беларусаў. Іншыя сцвярджаюць, што наша Радзіма атрымала сваё імя ад светлага колеру ільнянога адзення, якое насілі нашы продкі. Яшчэ ёсць думка, што Беларусь так завецца, бо тут шмат светлых бярозавых гаёў.
Якія скарбы мае Беларусь
Хаця Беларусь і адносна невялікая краіна, тут можна знайсці шмат цікавостак і сапраўдных скарбаў. Некаторыя з іх нам падарыла прырода, а іншыя былі створаны рукамі нашых продкаў.
Адным з самых знакамітых прыродных скарбаў нашай краіны з’яўляецца Белавежская пушча. Знаходзіцца яна ў Брэсцкай вобласці на мяжы з Польшчай. Гэта самы старажытны лес ва ўсёй Еўропе! Менавіта тут жыве сімвал Беларусі — зубр. І яшчэ сотні разнастайных звяроў і птушак.
А яшчэ ў Белавежскай пушчы жыве... беларускі дзед Мароз! Самае цікавае, што пабачыцца з ім можна не толькі сцюдзёнай зімой, а нават і ўлетку. Вось такі працавіты наш чараўнік.
Яшчэ адным прыродным скарбам Беларусі з’яўляюцца балоты. І гэта не толькі наш скарб. Беларускія балоты называюць лёгкімі ўсёй Еўропы. Бо яны перапрацоўваюць шкодны вуглякіслы газ і даюць жыццёва неабходны кісларод. Акрамя таго, балоты паглынаюць пыл і назапашваюць прэсную ваду. Тут жывуць звяры, птушкі, жамяра, якіх больш нідзе не знойдзеш.
А яшчэ на балотах расце шмат карысных і смачных раслін. Усім вядомыя «салодкія пацалункі беларускай прыроды» — журавіны ў цукры — таксама збіраюцца на нашых балотах. А колькі цікавых паданняў існуе пра гэтыя загадкавыя і казачна-прыгожыя мясціны!
Мае Беларусь і незлічоны скарбы, створаныя рукамі і розумам нашых продкаў. Гэта разнастайныя пабудовы: Мірскі замак, Сафійскі сабор, Нясвіжскі палац, касцёл Святой Тройцы ў Гервятах, Каложская царква і шмат-шмат іншых. Багатую спадчыну пакінулі нам і мастакі, і пісьменнікі, і музыкі, і вучоныя-вынаходнікі.
І з імі мы будзем знаёміцца далей. А зараз даведайся, чым альбо кім знакамітая твая мясцовасць. Ты можаш запытаць у дарослых альбо самастойна пашукаць у кнігах ці інтэрнэце.
«Разумняты» — гэта цыкл інтэрактыўных пазнавальных відэаролікаў, якія ў займальнай форме знаёмяць дзетак з навакольным светам на роднай мове.
Ролікі выходзяць на ютуб-канале «Будзьма» шточацвер. Падпісвайцеся, каб не прапусціць!
Вучыцца на роднай мове цікава і прыемна. Дайце сваім дзеткам шанец зразумець гэта.
Праект «Разумняты» разлічаны на ўзрост 5-9 год, а гэта, як вядома, самы спрыяльны час для вывучэння мовы. Цыкл нашых заняткаў пашырыць моўнае асяроддзе вашых дзетак, да ўсяго — гэта якасная альтэрнатыва мульцікам і кампутарным гульням.
- выхавацелям дзіцячых садкоў у працы са старэйшымі дашкольнікамі;
- настаўнікам пачатковых класаў як дадатковы навучальны матэрыял;
- настаўнікам беларускіх школ і гурткоў беларускай мовы ў замежжы;
- дзеткам і іх бацькам для прагляду дома ў Беларусі, і тым больш у замежжы.
Глядзіце, натхняйцеся і дзяліцеся відэаролікамі.
Наша будучыня за нашымі дзецьмі!
Гадуем сапраўдных беларусаў разам з «Будзьма!» Папярэднія выпускі відэапраекта «Разумняты» глядзіце па спасылцы.