Унікальная магчымасць пабачыць рэчы Барбары Радзівіл і «Бітву пад Оршай»

01.06.2025 Мастацтва
Рэдкія экспанаты звезлі ў Вільню з розных краін Еўропы.

cranach_the_younger_barbara_radziwi-ufsrm.jpg.jpgЖыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл былі аднагодкамі. Партрэт Барбары Радзівіл аўтарства геніяльнага Лукаса Кранаха Малодшага. 1553 год

4 чэрвеня ў Доме гісторыі Нацыянальнага музея Літвы адкрываецца міжнародная выстава «Каралева, каралеўства і пачуцці», якая апавядае пра дзвюх выбітных жанчын XVI стагоддзя — Барбару Радзівіл і Кацярыну Ягелонку, паведамляе «Наша Ніва».

Гісторыі гэтых дзвюх каралеў прэзентаваныя праз эмацыйную, палітычную і культурную прызму, спалучаючы аўтэнтычны гістарычны аповед з элементамі сучаснага мастацтва і дызайну, паведамляе музей.

З Нацыянальнага музея ў Варшаве прывезлі карціну «Бітва пад Оршай», якая калісьці належала Радзівілам. На палатне адлюстраваны бацька Барбары — Юрый Радзівіл, адна з найбольш яскравых постацяў свайго часу. Карціна не толькі захавала вобраз гістарычнай перамогі, але і сведчыць пра спробы Радзівілаў фармаваць калектыўную памяць.

Не менш уражваюць і ўпрыгажэнні, а таксама посуд, якія прыпісваюцца Ізабеле Ягелонцы — сястры Кацярыны. Іх прывезлі з Нацыянальнага музея Венгрыі. Вырабленыя ў італьянскім стылі, інкруставаныя каштоўнымі камянямі, гэтыя прадметы раскрываюць эстэтычны густ, амбіцыі і культурную адукаванаць роду Ягелонаў. Гэта важныя сведкі, якія дазваляюць уявіць жыццё жанчын у эпоху Рэнесансу — паміж дыпламатыяй, сямейным абавязкам і пошукамі сябе ды свайго асабістага шчасця.

На выставе таксама пакажуць і адну з пасмяротных інсігній Барбары Радзівіл, якую толькі нядаўна знайшлі ў крыпце Віленскага кафедральнага сабора — яе скіпетр. Карона, скіпетр і дзяржава былі вырабленыя ўжо пасля смерці каралевы і не прызначаліся для нашэння пры жыцці, але яны — сапраўдныя прадметы таго часу.

Упершыню ў Вільню прывязуць са Швецыі і вясельную карону Кацярыны Ягелонкі — яе дакладную копію, вырабленую ў XVII стагоддзі.

Побач з музейнымі экспанатамі наведвальнікі ўбачаць работы вядомых літоўскіх мастакоў і дызайнераў, якія сучаснымі сродкамі інтэрпрэтуюць гісторыю каралеў і звязаныя з імі міфы.

Выстава «Каралева, каралеўства і пачуцці» — гэта проста зайздросная для беларусаў магчымасць пагрузіцца ў свет Вялікага Княства і адчуць унутраную сілу той магутнай дзяржавы.

Выстава будзе працаваць да 4 студзеня 2026 года.

barbara-radzivil.pngПершая і другая жонкі Жыгімонта Аўгуста — Альжбета Габсбург і Барбара Радзівіл, на адным партрэце. Нацыянальны музей у Кракаве

Жыгімонт Аўгуст сабраў вялізнае багацце, зрабіў сталіцу элегантнай, але пры гэтым занядбаў «усходні вектар». Ён быў занадта «нармальным», занадта псіхічна ўраўнаважаным для свайго часу. А бяздзетнасць, воляй выпадку, пераважыла ўсё ў сухім астатку яго кіравання...