450 гадоў таму выправіцца ў падарожжа з сучаснай Беларусі ў сучасны Ізраіль — было справай дужа небяспечнай, доўгай і дарагой. Дазволіць сабе пілігрымку маглі толькі вельмі забяспечаныя людзі. Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка» скарыстаўся ўласным становішчам і ў 1582 годзе скіраваўся ў Святую Зямлю. Нам пашанцавала: свае назіранні ён пакінуў у дзённіку. Што пабачыў на свае вочы наш зямляк?
Першае выданне «Дзённіка» Радзівіла «Сіроткі» 1601 года
«Ты прагнеш ад мяне вестак не толькі пра тое, якім спосабам, але і з якіх меркаванняў я спадняўся на падарожжа (ужо ў імя Гасподняе распачатае), падарожжа гэтак далёкае, а як шмат каму здаецца і небяспечнае, маючы здароўе надсаджанае і надта аслаблае».
Мікалай Крыштаф Радзівіл з прадмовы да апісання сваіх прыгодаў.
Князю было 33 гады, калі ён распачаў свой шлях, што расцягнуўся прыблізна на тры гады. Усяго за год да пілігрымкі Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка» браў удзел у Лівонскай вайне разам з вялікім князем Стэфанам Баторыем. У 1581 годзе ён браў удзел у аблозе Пскова. І пасля гэтага адчуў пакліканне да духоўных пошукаў.
Як адзначае сам «Сіротка», Стэфан Баторы «мне досыць значную ласку сваю каралеўскую выказаў з пэўным жаляваннем, што я ў такія далёкія краіны выпраўляюся». Вялікі князь прапанаваў Радзівілу ўсялякую падтрымку, у тым ліку дыпламатычную: каб напісаць адпаведныя паперы да «імператара турэцкага» ў Канстантынопаль, каб той выдаў яму пашпарт дзеля паездкі па сваіх уладаннях. Нагадаем, на той час уся тэрыторыя сучаснага Ізраіля была пад асманскім кантролем.
Аднак Мікалай Крыштаф абраў іншы шлях: не «добразычлівы» і лайтовы па зямлі, а складаны па моры.
«Сіротка» дзеліцца гэтым на пачатку «Дзённіка»:
«Калі Бог мне незлічоныя і невыславёныя дабрадзействы і ласкі свае паказаў, я Яму не толькі, ад грахоў адступіўшы, удзячнасць не выказаў, але ў маладосці гадоў маіх, з дабрадзействаў Ягоных не скарыстаў, грахі да грахоў дадаўшы, і што з іншымі грэшнікамі бывае, калі здароўе ад прыроды цэлае і добрае ўзяўшы, распустай яго загубляюць і час смерці сваёй набліжаюць, тое і са мною сталася».
Далей Радзівіл дзеліцца тым, што ў 1575 годзе была ў яго вялікая немач і «атрутныя болі ў галаве». І нічога не дапамагала яму ачуняць. Тады ён даў зарок, аб чым паведаміў свайму спаведніку, што калі Бог да ранейшага здароўя яго верне, дык Мікалай Крыштаф магілу «Збаўцы Госпада майго ў Ерузалеме наведае».
Так і сталася. Між іншым, Радзівіл прызнаецца, што вярнуцца на радзіму пасля пілігрымкі ён ужо і не спадзяваўся, таму нават склаў тэстамент перад выездам. Папа Рымскі Рыгор ХІІІ у сваю чаргу напісаў прыязны ліст, у якім прасіў усіх, каго сустрэне Радзівіл у дарозе, ласкава і шчодра прымаць найвышэйшага маршалка Вялікага Княства Літоўскага.
Першае выданне «Дзённіка» Радзівіла «Сіроткі» 1601 года. Урывак са словамі, якія напісаў Папа Рыгор ХІІІ
Ужо на радзіме, у 1595 годзе, Мікалай Крыштаф вырашыў апрацаваць свой «турыстычны» дзённік. У выніку ў 1601 годзе пабачыла свет шыкоўнае выданне пад назвай: «Hierosolymitana peregrinatio ill. p. Nicolai Christophori Radziwili, ducis in Olyka, epistolis comprehensa». Што з лаціны перакладаецца як «Ерузалемская пілігрымка Мікалая Крыштафа Радзівіла, князя Алыцкага, якая змяшчае лісты».
Твор шматкроць перавыдаваўся і перакладаўся на розныя мовы свету.
Пасля амаль шасцімесячнага падарожжа Мікалай Крыштаф Радзівіл дабраўся да Ізраіля. «Хоць у абяцаннях Боскіх ніякіх сумненняў няма і быць не можа, аднак у гэтым куточку свету, які габрэям як дастатны і плодны быў абяцаны, кожны можа тое пабачыць. Галілея збожжам і ўсялякімі вырабамі багатая, мае палі прыгожыя, хоць і гарамі падзеленыя. Самарыя не надта высокія мае скалы, і садоў даволі, а таксама круглыя і роўныя, вельмі плодныя даліны.
Вінніцы таксама тут ёсць густыя і вельмі добрыя, то ж вельмі плодны край гэты і з тае прычыны вельмі людны. Але Юдэйская зямля хоць не такая хлебная, бо камяністая, і скалаў надзіва багата мае, аднак жа алеем, садавінаю і асабліва віна надзвычайным дастаткам недахват той дапоўніць можа. Каля Ерыхона таксама багата чаго расце, і пладоў, і віна тут вялікае мноства, то ж і нездарма сам Госпад Бог кажа, што зямля тая мёдам і малаком цячэ».
«Сіротка» падрабязна апісвае месцы, дзе адбываліся тыя ці іншыя падзеі са Старога і Новага Запаветаў, напрыклад:
«Крыху ніжэй да Саду, дзе Госпада схапілі, паказваюць нам месца, дзе Найсвяцейшая Дзева стаяла, молячыся за святога Сцяпана, калі яго білі каменнем. Спусціліся мы пасля ў даліну Ясафатаву, дзе проста ў зямлі скала выкапаная і мурам абнесеная. Мае сорак прыступак, па якіх спуск на дол да маленькае каплічкі, дзе была пахаваная Найсвяцейшая Дзева Марыя. Ёсць там алтар, каля якога пры нас служыў Святую імшу айцец Ян Фларэнтыец, мясціна гэтая каталікам належыць».
Першае выданне «Дзённіка» Радзівіла «Сіроткі» 1601 года
Радзівіл трапіў у месца, якое, з сённяшняга погляду, не магло б існаваць, але ж аўтар піша:
«Ідучы направа вакол места да гары Сіён, з левага боку на скале ёсць поле Акелдама, купленае за трыццаць срэбнікаў, вернутых Юдаю габрэям пасля выдання Госпада. Цяпер там армянскія могілкі. Зямля на тым полі такая, што, паклаўшы на ёй труп (нават не прысыпаўшы), цела (што мы самі бачылі) за 24 гадзіны распадаецца і гіне, і нічога іншага апроч голых костак не застаецца.
Поле гэтае мурам абнесенае, каб ад туркаў косці хрысціянскія ў пакоі захаваць, бо там армяне і іншым народам хаваць не забараняюць за малую заплату».
У іншай мясцовасці «Сіротка» трапіў у яшчэ адно дзівоснае месца, аб якім піша: «Выехалі мы з вёскі Бэтлеем і праз чвэрць мілі прыбылі ў іншую і большую вёску маранітаў, называную Бэтагіль. Ляжыць яна там, дзе Анёл Гасподні войска Асірыйскага караля знішчыў. І да сённяшняга дня варта надзвычайнага здзіўлення тое, што ніводзін абрэзаны тут да трох дзён заставацца не можа і на трэцюю ноч абавязкова мусіць памерці.
Двое арабаў, што былі нам аслоў нанялі, настойліва цвердзілі, што самі ў тым пераканаліся. Бо, кажуць, першае ночы ад страшэннага болю галавы цярпелі, другое ж ночы цела нашае так апухла, што, баючыся блізкай смерці, мусілі нас адтуль прэч адвесці, дык так адзін з нас праз чатыры, а другі праз шэсць месяцаў да былога здароўя вярнуўся. І калі мы, каб скараціць дарогу, краем той вёскі ехалі, ніводзін з усіх тых абразанцаў не хацеў з намі ехаць, а вакол, мінаючы небяспеку, абабеглі.
За тры тысячы крокаў ад Дамаска штось падобнае бачылі мы злева на высокай гары: ёсць там кляштар мнішак маранітак, у якім таксама да трэцяга дня ніводзін абразанец выжыць не можа. Прыпісваюць гэта людзі дабрыні Госпада Бога Нашага, які таму месцу такую абарону даў, каб ад паганцаў свавольных чыстасць Дзевы захаваная была».
Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка». Малюнак невядомага аўтара
«Спаткалі мы тут колькі янычараў, і быў паміж іх нейкі Магамет, проста нягоднік і злы чалавек, які быў з намі прыехаў з Трыпаля. Дык ён пайшоў да старасты і раіў яму нас затрымаць, кажучы, што мы не такія ўбогія, як сябе выдаем, але грошай у дастатку маем. І без усялякага сумнення не абмінулі б а б нас цяжкасці вялікія, калі б Сабадын мурын не ўратаваў.
А так далі мы таму старасту дзесяць цэкінаў, і ён нам да таго ерузалемскага янычара другога дзеля небяспекі дадаў. Раніцаю, як мы ўжо ад’язджалі, той ерузалемскі далей з намі ехаць не захацеў, калі мы яму плату не падвысім.
Бо хоць мы дамовіліся з ім да Яфы (сучасны Тэль-Авіў — заўв. П. Х.) за чатыры цэкіны, аднак жа туркі звычай маюць ва ўсіх сваіх умовах падвышаць плату (чаго мы і на іншых дасведчылі), то ж і не хацеў далей ехаць, пакуль мы яму за тыя дзве мілі з Рамы да Яфы два цэкіны не даплацім. Таксама рамскі янычар казаў, што калі той не паедзе, дык і ён застанецца. І так зноў мусілі мы яго задаволіць, а найбольш дзеля таго, што той янычар Магамет хацеў нас у дарозе забіць, як нас Сабадын папярэдзіў.
І тады па доўгіх размовах далі мы ім грошы, якімі тут надта раскідвацца вельмі небяспечна. Бо хто іх шчодра раздае, таму туркі хутчэй пасткі ставяць».
Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка» вярнуўся ў родную старонку 7 ліпеня 1584 года. Пасля Святой Зямлі ён дабіраўся назад праз Егіпет, і значную частку сваіх запісаў прысвяціў тым мясцовасцям.
Ужо ў Нясвіжы ён піша апошнія радкі свайго «Дзённіка»:
«Падарожжа маё я апісаў не звыклым спосабам гісторыкаў, з якімі я ні спрачаюся, ні некаторых баек іхніх ганіць не хачу, хоць інакш мне бачылася, чым я ў іх прачытаў. Не ўсё я ўжо там вельмі пільна аглядаў, але, як кажуць, што само ў вочы лезла, тое і запісваў. Тое, пра што толькі чуў, мала я дзе занатоўваў, бо расповедаў людскіх не меў я намеру запісваць. А хто там бываў, прызнае, што шмат я чаго досыць падрабязна, а ўсё праўдзіва апісаў.
Бо тыя, што з расповедаў людскіх пісалі, шмат у якіх рэчах, як я пераканаўся, наблыталі.
Госпаду Богу майму вечная падзяка і слава няхай будзе, які мяне праз гэтак цяжкую і небяспечную дарогу паломніцтва майго шчасліва аж да самага бацькоўскага парога правёў».
Павал Хадзінскі, budzma.org
Цытаты ў артыкуле прыведзены паводле выдання "Кніга жыцій і хаджэнняў". Мінск, 1994