Рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры «Пятровіца» – 9-12 ліпеня

11.06.2018 Афіша

Плануеце летнi адпачынак? Шукаеце нешта незвычайнае, актыўнае i вяселае?! Далучайцеся да нашай «Пятровiцы» 9- 12 ліпеня!

Пятровіца

 Што гэта?

Рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры «Пятровіца»  – гэта навучанне танцам і спевам, рэканструкцыі даўніх абрадаў, жывая музыка, спевы ля вогнiшча і несупынныя танцы, цiкавыя знаёмствы з гасцямі фэсту і шчырымі мясцовымі носьбітамі культуры, родная мова, вольнае паветра вёскі, смачныя традыцыйныя стравы і шмат чаго яшчэ!

«Пятровіца» адбудзецца на Любаншчыне ў восьмы раз. Гэта значыць, у восьмы раз у в. Шыпiлавiчы Любанскага раёна з’едуцца зацiкаўленныя людзi з усёй Беларусі, а таксама блізкага і не надта блізкага замежжа. Прыедуць, каб танцаваць i спяваць, касіць і жаць, хлеб пячы і выцінанкі выразаць, адчуць атмасферу традыцыйных вячорак, адпачыць ад гарадскога шуму і проста добра правесці час.

З 9 па 12 ліпеня вас чакаюць майстар-классы па танцах ад этнахарэографа і фалькларыста Сяргея Выскваркi — мастацкага кіраўніка ўзорнага фальклорнага танцавальнага калектыва «Верабейкі», якому сёлета 25 год. Сяргей Георгіевіч падзеліцца сваімі ведамі, якія атрымаў яшчэ ад сваёй бабулі, а папоўніў і сістэматызаваў ужо падчас сур’ёзнай даследчыцкай працы. «Полька», «Падыспан», «Каханачка», «Нарэчанька», «Кракавяк», «Лявонiха» — гэта няпоўны спiс танцаў, якiя вам пашчасцiць пазнаць на ўласныя ногi.

Акром заняткаў танцуем мы ў любое надвор’е  і паўсюль: у сельскім клубе і каля клуба, у старой хаце і на асфальце, у чыстым полі і ў дварах вяскоўцаў.

Удзельнікі Пятровіцы змогуць засвойваіць тэхніку традыцыйнага спеву пад кіраўніцтвам Вольгі Емяльянчык, удзельніцы і су-заснавальніцы фальклорнага гурта «GUDA»(Мінск), мастацкага кіраўніка фальклорнага гурта «Варган» (г. Полацк). Вольга Антонаўна дапаможа раскрыць свой голас, навучыць атрымліваць радасць ад супольнага спеву, паглыбiцца ў гукавую стыхію лепшых узораў пятроўскіх абрадавых песень і пазаабрадавай лірыкі Любаншчыны.

Мужчыны, у вас ёсць унікальная магчымасць  павучыцца спевам ад таленавітага і самабытнага Уладзімера Ціханоўскага. Не ўпусціце шанец раскрыць новыя гарызонты свайго голасу.

Інтэнсіўнае навучанне спевам і танцам дае свой плён. Летась у пятроўцаў атрымалася спыніць дождж з дапамогай асаблівага карагода. Спадзяемся на спрыянне і сёлета.

Апроч танцаў і спеваў, вас чакаюць вандроўкі ў г. Любань, в. Пласток, в. Жораўка – асобны від эстэтычнага і гастранамічнага задавальнення.

781A1908 mn

Удзельнікі гурта Напарачка ізноў чакаюць нас у госці, каб  прадэманстраваць танцы з Любанскай дзясяткі і пачаставаць традыцыйнымі стравамі роднай зямлі.

На сваёй радзіме, Сяргей Выскварка  пакажа вынікі аднаўлення дзедавага дома, навучыць танцаваць рэдкія мясцовыя танцы, і запросіць на “квас з прыкрасамі”.

У Жораўцы вы зможаце паўдзельнічаць у яркім і запамінальным абрадзе Зажынкі, падвысіць прафесіяналізм валодання касой і сярпом. А таксама даведаецеся аб аўтары маляваных дыванаў П.Марціновічы.

Не прамінем зладзіць традыцыйную ўжо вечарыну ў вясковай хаце, гаспадар якой, абяцае пачаставаць хатнім півам.

Завершаецца фэст 12 ліпеня ўдзелам у народным свяце «Пятрок»  з карагодамі па вёсцы, з замовай агню, з перадачай шчаслівай долі дзяўчатам,  з таямніцай абракання, са спальваннем мужчынскіх шапак і пятроўскім кумленнем, з танцамі, забавамі і  пятроўскай «абшчыннай юшкай».

Мы ўпэўненыя, што вы пабачыце і паспрабуеце шмат цікавага і невядомага. І спадзяемся, што ў вас атрымаецца адчуць драйв і энергетыку традыцыйнай беларускай культуры так, як адчуваем яе мы.

Чакаем усіх!

Свае пытанні дасылайце на piatrovica@gmail.com.

Даведацца болей і зарэгістравацца можна на piatrovica.by.

Сачыце за навінамі: Facebook, Вконтакте, Youtube.com.

Паводле арганізатараў